Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЙСКОЎЦАМ МОГУЦЬ ПАДВЫСІЦЬ ПЭНСІІ


Юлія Шарова, Менск

Згодна зь цяперашнім законам права на пэнсію за выслугу гадоў маюць толькі асобы афіцэрскага складу. А ў праекце зьменаў у закон пашыраецца колькасьць вайскоўцаў, якія маюць права атрымліваць пэнсію за выслугу гадоў з улікам працоўнага стажу. Цяпер гэта тычыцца і прапаршчыкаў, мічманаў, вайскоўцаў, якія праходзяць службу па кантракце, асобам малодшага каманднага й шараговага складу, звольненых са службы з прычыны ўзросту ды некаторых іншых катэгорыяў вайскоўцаў. Працоўны стаж гэтых асобаў павінен складаць ня меней за 25 каляндарных гадоў, зь якіх ня меней за 12,5 гадоў павінна складаць вайсковая служба альбо служба на пасадах каманднага і шараговага складу.

Цяпер дзякуючы зьменам у закон, апроч пэнсіі на 50% ад сумы грашовага ўтрыманьня, яны будуць дадаткова атрымліваць па 1% за кожны год стажу звыш за 25 год. Міністар абароны Леанід Мальцаў, які абгрунтоўваў неабходнасьць прыняцьця закону, сказаў, што падобная норма існуе і ў заканадаўстве Расеі.

Адкуль у дзяржавы падобная ўвага да вайскоўцаў? Напэўна, урад, падвысіўшы нядаўна пэнсіі працоўным і службоўцам, вырашыў павялічыць дапамогу іншым сацыяльным групам, у дадзеным выпадку вайскоўцам. Але гледзячы па ўсім, істотна дабрабыт гэтай катэгорыі насельніцтва не павялічыцца. Эканаміст Яраслаў Раманчук, зь якім я гутарыла, назваў гэты чарговы захад “падачкай для вайскоўцаў”. Паводле словаў экспэрта, беларускія вайскоўцы-пэнсіянэры жывуць не нашмат лепей, чым іншыя пэнсіянэры.

Сярэдні памер іхных пэнсіяў перавышае сярэднюю пэнсію працоўных і служачых на 15%. Зрэшты, ёсьць яшчэ некаторыя льготы, аднак яны тычацца пераважна кіроўнага складу войска, памер ільготаў залежыць ад званьня ды іншых чыньнікаў. Адзінае, што выратоўвае вайскоўцаў, гэта магчымасьць працаваць, калі яны выходзяць на пэнсію. Таму збольшага ўзровень сацыяльнай абароны для гэтай катэгорыі насельніцтва не нашмат адрозьніваецца ад агульнага.

Цяжар для бюджэту будзе адносна невялікім, але ва ўмовах ягонага вечнага дэфіцыту дзяржава павінна ашчаджаць сродкі. Да таго ж, як адзначае Яраслаў Раманчук, краіна павінна распачынаць пэнсійную рэформу, а падобныя захады толькі адцягваюць ейны пачатак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG