Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“КРАІНА БЕЛАРУСЬ”: ГІСТОРЫЯ Ў АГУЛЬНАЭЎРАПЕЙСКІМ КАНТЭКСЬЦЕ

Ігар Карней, Менск

Прэзэнтацыя кнігі адбываецца са спазьненьнем. На пачатку яна была заплянаваная тры тыдні таму ў Нацыянальнай бібліятэцы. Што сталася прычынай адтэрміноўкі? Я пацікавіўся наконт гэтага ва Ўладзімера Арлова. Ён лічыць, што нядаўна прызначаны на пасаду дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі спадар Матульскі моцна перастрахоўваецца. Паралельна з прэзэнтацыяй кнігі “Краіна Беларусь” былі без аргумэнтаваных тлумачэньняў адмененыя фотавыстава Сяргея Пясецкага і ганараваньне ляўрэата прэміі ПЭН-Цэнтру, аўтара кнігі “Швэды ў гісторыі Беларусі” Андрэя Катлярчука.

Дарэчы, выдаўцам “Краіны Беларусь” двойчы было адмоўлена ў прэзэнтацыі кнігі. Мабыць, гэта — стыль працы бальшыні дзяржаўных установаў: ніхто не рызыкуе браць адказнасьць за арганізацыю “спрэчных”, з гледзішча іхных кіраўнікоў, імпрэзаў.

У чым жа прынцыповая навізна гэтай кнігі?

Па-першае, гісторыя краіны паўстае перадусім праз ілюстрацыі: дакумэнты, гравюры, партрэты, здымкі прадметаў матэрыяльнай культуры. Карпатлівы збор болей як дзьвюх тысячаў ілюстрацыяў і іх навуковае абагульненьне доўжыліся пяць гадоў. Шмат выяўленчага матэрыялу друкуецца ўпершыню.

Па-другое, кніга выразна канцэптуальная — выкладаецца беларуская гісторыя ў агульнаэўрапейскім кантэксьце. Аўтары таксама разбураюць шэраг распаўсюджаных мітаў. І галоўны — што Беларусь нібыта на працягу шэрагу стагодзьдзяў была затурканым ускрайкам Расеі. Тое, што гэта было ня так, праілюструю двума прыкладамі: пры канцы XIX стагодзьдзя ў Слуцку ладзілі сьвята аўтамабіля, а ў Пінску звычайнай справай былі катаньні на гандолах. Расея гэтым часам вырашала больш празаічныя праблемы.

Дзьве тысячы ілюстрацыяў — гэта ўражвае. У архівах розных краінаў сьвету аўтары кнігі адшуквалі рарытэтныя гравюры, мапы, тэксты… Натуральна, што два аўтары нават фізычна не змаглі б зрабіць такую справу. Шмат дапамог дасьледчык Алесь Белы, які працаваў у Вільні, Кракаве, Цюрыху, шэрагу расейскіх гарадоў.

Аўтары цьвердзяць, што кніга арыентаваная на самае шырокае кола чытачоў — ня так, як выкладалі айчынную гісторыю раней, адрасуючы ці толькі адмыслоўцам, ці студэнтам, ці школьнікам. Камусьці будзе дастаткова паглядзець ілюстрацыі і пачытаць пад імі подпісы, болей дасьведчаны ці цікаўны чытач зьверне ўвагу на паглыбленыя тэксты, вынесеныя аўтарамі на палі. І кожны атрымае для сябе патрэбную інфармацыю.

Такое выданьне, натуральна, ня можа быць танным. Сапраўды, кошт кнігі ня самы нізкі — 40 тысяч рублёў. Але для кнігі з паліграфічным выкананьнем такога ўзроўню (а надрукаванае яно ў Славаччыне), на думку Ўладзімера Арлова, кошт апраўданы. Кнігу вельмі добра купляюць, і наклад 5 тысяч асобнікаў для такой краіны, як Беларусь, зусім невялікі: для параўнаньня, у маленькай Эстоніі падобныя кнігі разыходзяцца накладам 50 тысяч. Таму аўтары не выключаюць магчымасьці перавыданьня кнігі.

Нагадаю, што Ўладзімер Арлоў і Зьміцер Герасімовіч прэзэнтуюць кнігу “Краіна Беларусь” 23 траўня а 16-й гадзіне ў Нацыянальным музэі гісторыі й культуры Беларусі, што па вуліцы К.Маркса, 12, у Менску.
XS
SM
MD
LG