Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬМІЛАВІЧЫ


Галіна Абакунчык, Сьмілавічы

“Слаўны бубен за марамі, а зазвоніць — роўны з намі”, — кажа даўняя беларуская прымаўка. У яе праўдзівасьці спаўна давялося пераканацца, наведаўшы мястэчка Сьмілавічы, што ў 35 кілямэтрах ад Менску. Так у 15-м томе “Беларускай энцыкляпэдыі” гаворыцца: пасёлак Сьмілавічы Чэрвеньскага раёну месьціцца на рацэ Волма і аўтадарозе Менск-Магілёў. У летапісных крыніцах узгадваецца, як уласнасьць Сапегаў, Агінскіх, Манюшкаў, пачынаючы з 90-х гадоў XVI стагодзьдзя.

Аднак мясцовы краязнаўца і дырэктар школы Іван Ярашэвіч сьцьвярджае, што афіцыйныя гістарычныя крыніцы памыляюцца — самае малое — на 7-8 стагодзьдзяў. Бо навукоўцы пакінулі па-за ўвагаю дахрысьціянскае Сьмілавіцкае капішча, дзе захаваўся ўрослы ў зямлю каменны ідал.

Спадар Ярашэвіч лічыць сябе першаадкрывальнікам сапраўднае гісторыі месца і, каб карэспандэнтка Свабоды пераканалася ў праўдзівасьці ягоных дасьледаваньняў, прапанаваў неадкладна наведаць могілкі — бо цяпер старажытнае капішча ў самым іхным цэнтры. Месьцічы выбралі гэтае месца зусім не выпадкова — яно найвышэйшае ў паселішчы.

(Ярашэвіч: ) “Вось пачатак уваходу ў сьвяцілішча. Зараз падыйдзем да яго межаў, вы ўбачыце земляны вал, якім ён быў абнесены і які бараніў гэтае сьвятое месца. …Вось і гэты вал. Калі ласка, вы бачыце каменны ідал. Глядзіце ягоную будову: тут выразна бачыцца выява чалавека. Стан ягоны тоўсты і гэта ня можа быць крыж. Далей — шыя й галава — крыжы так ня робяцца. Частка людзей і цяпер верыць у тую веру, у якую верылі нашыя продкі — менавіта ў ідалаў. Вось аднойчы я праводзіў экскурсію два дні запар, і адзін дзень не было манеты і пояса. А на другі дзень прыйшоў — ужо ёсьць манеты і новы пояс. Гэта значыць, што хтосьці верыць і ўначы аддаў даніну гэтаму ідалу, гэтаму богу, каб ён яму спрыяў. Мясьціна гэтая ўвогуле лічыцца сьвятой ня менш за тысячу гадоў”.

У паўсядзённым жыцьці Сьмілавічы мала чым розьняцца ад сотняў іншых паселішчаў-спадарожнікаў вялікіх гарадоў. Тут два дзіцячыя садкі, дзьве сярэднія школы, каледж і ліцэй сельскагаспадарчага профілю. Так што сярод 6 тысячаў насельніцтва — значная частка моладзі. Аднак палову яе складаюць прыежджыя менчукі й жыхары вобласьці, якім не ўдалося ўладкавацца ў больш прэстыжныя навучальныя ўстановы.

Два прамысловыя прадпрыемствы працуюць зь перабоямі, бо гарбарны завод мае праблемы з сыравінаю, а валюшная фабрыка — са збытам прадукцыі: Расея ўсё менш закупляе валёнак. Тым ня менш, і беспрацоўя амаль няма, бо месьцічаў ізноў жа ратуе блізіня сталіцы. Часткова людзі езьдзяць працаваць на Менскі аўтамабільны, Трактарны заводы, на лётнішча ў Смалявічы.

А ў Сьмілавічы наведваюцца менскія прадпрымальнікі. Праблему забесьпячэньня таварамі, асабліва харчовымі, яны тут здымаюць цалкам. Аднак якраз у гэтым праблему для свайго дабрабыту заўважылі ўлады Чэрвеня й вырашылі забараніць гандаль аналягамі немясцовае вытворчасьці. Гандляры зьвярнуліся да старшыні пасялковага савету Міхаіла Розума і, як ня часта здараецца, яму ўдалося абараніць правы “чаўнакоў”.

(Розум: ) “Я мяркую так, што чалавек мусіць мець магчымасьць набыць сьвежае й добрае: і прадукты, і хлеб, і ўсё астатняе. У нас, у свой час, у Сьмілавічах быў хлебазавод, выпякалі свой хлеб, але пасьля зь меркаваньняў рэнтабельнасьці яго зачынілі. Сталі завозіць хлеб з Чэрвеня, але вельмі кепскай якасьці. Таму мы прынялі рашэньне прывозіць хлеб і даць гэткі дазвол прадпрымальнікам. Яны возяць і зь Менску, і з Барысава, і з Жодзіна. І тут жа мяне за гэта й пакаралі! Але я не шкадую. Я рады, што ў нас штодзённа сьвежы хлеб, добрай якасьці. І людзі задаволеныя”.

У сваю чаргу месьцічы сёлета ўжо чацьверты раз абралі спадара Розума дэпутатам мясцовае ўлады. Тутэйшыя апазыцыянэры таксама не вылучаюць вялікіх прэтэнзіяў да пасялковых дэпутатаў, бо перакананыя, што па-першае — тыя ня маюць аніякіх правоў, а па-другое — змагацца патрэбна за вышэйшую ўладу. Менавіта яе, якая запалохвае, фальшуе выбары і ачмурае людзей, трэба зьмяніць — кажа кіраўнік мясцовае суполкі БНФ Мікалай Кароткі.

(Кароткі: ) “У нашых абставінах і з нашым народам вельмі шмат залежыць ад вышэйшай улады. Прыходзіць на выбарчы ўчастак — адна нага ў галёшы, а другая ў гумавым боце ірваным, а кажа, што буду галасаваць за Лукашэнку, які “вывядзе ў людзі”. Ну, што тут скажаш? Гэта замбаваныя людзі. Яны гатовыя выканаць тое, што ім загадаюць”.

(Карэспандэнтка: ) “Гэта рысы нацыянальнага характару, вы лічыце?”

(Кароткі: ) “Ня рысы нацыянальнага характару. Што прыдумалі — “памяркоўны” — лічу, гэта ганебнае слова для беларусаў — “памяркоўны”. Зрабілі зь іх гэта — выбівалі ўсе нацыянальныя карані. Гэта ж галоўная мэта любога калянізатара — выбіць нацыянальнае. Тады лягчэй ім кіраваць. Так і дабіліся. Мы былі назіральнікамі на выбарах — вымовы падавалі. Антыпрэзыдэнцкую, антыдзяржаўную дзейнасьці прыпісвалі. Да прыкладу, дырэктару загадалі, каб за месяц звольніў з працы… Як тут стаць іншымі людзям? Баяцца, таму, што ў кожнага сям’я, дзеці — трэба ж працаваць. А мястэчка невялікае — дзе ты працу знойдзеш? Трэба так рабіць, каб было належнае кіраўніцтва. Трэба змагацца за ўладу”.

Дзясяткамі стагодзьдзяў старажытныя Сьмілавічы давалі прытулак ня толькі беларусам. Праз войны, сацыяльныя і экалягічныя катаклізмы, у тым ліку “чарнобыль”, тут аселі прадстаўнікі многіх народаў сьвету. Паводле дасьледваньняў Івана Ярашэвіча, сёньня ў Сьмілавічах не хапае толькі афрыканцаў, а ўвогуле тут стала пражываюць людзі 19-ці нацыянальнасьцяў. Спадар Ярашэвіч нават напісаў паэму пад назваю “Сьмілавіцкі інтэрнацыянал”, якою вельмі ганарыцца і нават піша на яе аснове лібрэта для опэрнай пастаноўкі.

(Ярашэвіч: ) “Ля Волмы — ракі жывуць мужыкі,
спрытна працуюць, нашчадкаў добрых гадуюць,
Беларус-салавей — працавіты, як муравей,
Татарын-Алей — здаравяк-дабрадзей,
Украінец-Андрэй — казацкія песьні пяе, аж за душу бярэ,
Мойшу-Шапіра — знаець паўміра,
Антоні-паляк — у кожнай справе мастак — хорам народным кіруе, інжынэрам аўто рамантуе,
Азэрбайджанец-Гранд — у будаўніцтве гігант,
Жывуць турак, грэк — кожны добры тут чалавек.

Сьмілавіцкія, так бы мовіць, “інтэрнацыяналісты” размаўляюць пераважна на расейскай мове: школы тут расейскамоўныя, і беларускія, татарскія, гэбрайскія дзеці родную мову пакрысе забываюць.

Колькі словаў на мове свайго народа ўзгадаў сьвятар Царквы Хрысьціянаў веры Эвангельскай айцец Аляксандар. У Беларусь ён прыехаў з поўдня Малдовы, зь вёскі, дзе жылі балгары, гагаўзы ды людзі іншых народнасьцяў. У Сьмілавічах ажаніўся зь беларускай, мае чацьвярых дзяцей. Разбураныя склады перабудаваў пад прыгожы малельны дом і матэрыяльна дапамагае школе. Ёсьць у Сьмілавічах царква й нават мячэт. Аднак з-за малалікасьці вернікаў татарскія набажэнствы адбываюцца толькі ў вялікія сьвяты. Айцец Аляксандар асьцерагаецца, што многія пратэстанцкія суполкі таксама з-за малалікасьці ня здолеюць прайсьці цяперашняй перарэгістрацыі й будуць забароненыя. Сьвятар перакананы, што новы закон аб веравызнаньні, які дае прыярытэты праваслаўнай царкве, ёсьць несправядлівым і дыскрымінацыйным адносна неправаслаўнага веравызнаньня.

(а.Аляксандар: ) “Успрымаем тое з больлю, бо гэта ідзе сьвядомая вайна з пратэстанцкімі суполкамі. СМІ кажуць, што ў нас 80% насельніцтва праваслаўныя. Нашая краіна Беларусь займае першае месца ў Эўропе па разводах і трэцяе месца па перапыненьню цяжарнасьці. Значыць, усе гэтыя дзяўчаты, усе гэтыя шлюбы — яны праваслаўныя… Атрымоўваецца, што праваслаўная царква сама гэтае выхоўвае… Таму я ня ставіў бы так пытаньне, што 80% нашага насельніцтва — праваслаўнае”.

У сваю чаргу, пра дыскрымінацыю ўсяго беларускага з боку уладаў сьведчыць спадар Мікалай Кароткі, які грамадзкую дзейнасьць спалучае з працаю выкладчыка беларускае мовы ў мясцовым ліцэі. Паводле яго, за 20 гадоў працы такога грэблівага стаўленьня да роднай мовы і айчыннай гісторыі ён яшчэ ня бачыў. І зноў жа — кажа спадар Кароткі — усё залежыць ад таго, якую палітыку вядуць вышэйшыя дзяржаўныя ўлады краіны.

(Кароткі: ) “У нас жа вучні ўсе, з усёй вобласьці — слабейшае, што ёсьць. І так відаць, што іх у школе вучаць у іншым кірунку, што яны нават ня ведаюць ані нашых гістарычных сымбаляў, ані нашых нацыянальных сымбаляў. У клясе прымушаюць павесіць гэты прыдуманы лукашэнкаўскі сьцяг, але ў мяне ўсё адно на відным месцы стаіць вокладка з “Крыніцы” зь бел-чырвона-белым сьцягам. Яшчэ напачатку ўладараньня Лукашэнкі прыяжджалі з раёну, каб стварыць тут “Патрыятычны саюз моладзі”. Дык мае хлопцы, як далі ім, што яны паўцякалі. А цяпер, пэўна, лёгка можна было б зрабіць. Прапаганда ідзе такая, што цяжка зь імі нават размаўляць — аплямбаваныя зусім у іншым кірунку. А стаўленьне да беларускай мовы зусім адмоўнае. Русіфікацыя паўсюдная — у Сьмілавічах надпісы ўсе па расейску, па-расейску, па-расейску… Проста немагчыма ўжо. А было ж вяртаньне да нацыянальнага. Але калі зьменіцца ўлада, і яе ўзначаліць нацыянальны, то ў нас і мова хутка вернецца й усё вернецца да нацыянальнага”.

Родную мову ў Сьмілавічах, ратуюць мясцовыя самадзейныя артысты. Гэтак званыя, “апалітычныя” месьцічы свой вольны час акрамя, як у мясцовым бары, бавяць таксама і ў Доме культуры. Тут, апроч дыскатэкі, ёсьць хор, якому ўжо 30 гадоў. І ўвесь гэты час ім нязьменна кіруе былы работнік раённае ўправы культуры, баяніст і майстар на ўсе рукі Антоні Міцкевіч. Дарэчы — той самы Антоні-паляк — узгаданы тутэйшым літаратарам у ягонай паэме.

(Міцкевіч: ) “Я бяру ўсіх запар. Некаторыя можа нават і непрыгодныя, але калі я зь імі доўга працую, то яны становяцца нармалёвымі сьпевакамі. Тут і рабочыя, і настаўнікі, і мэдыкі — усе мясцовыя жыхары. Прыходзяць — як адхланьне ім тут. Калі меркаваць па строях, то ў нас 25 жанчын і 15 мужчынаў. Гэта яшчэ некалі пры савецкай уладзе ўдалося пашыць гэтыя строі, так мы ў іх 30 гадоў і сьпяваем. Штогод, пачынаючы з 1992 году, мы ўдзельнічаем у фэстывалі “Пеўчае поле”, якое на Нарачы адбываецца ў Дзень вызваленьня Беларусі. Як туды прыяжджаем, дык нас па строях ужо пазнаюць: а-а-а, кажуць, сьмілавіцкі хор прыехаў. Зь інструмэнтамі яшчэ горш — баян наш у добрым-такі веку.

Мы ўжо й зарабляць спрабавалі, але няма ні ў кога грошай, каб заплаціць за гэты канцэрт. Нават ліст паперы няма за што купіць у сельскай гаспадарцы. Рэпэртуар у асноўным складаюць беларускія народныя песьні. Лічу, што народны хор мусіць адпавядаць сваёй назьве. Але ёсьць і расейскія песьні, ёсьць і ўкраінскія, бо ёсьць такія шэдэўры, якія мы не маглі абыйсьці. Хоць як гэта атрымоўваецца? Мы-та ва Ўкраіну баімся ехаць, бо з моваю, магчыма, і ня так усё добра. Але ў рэпэртуары ёсьць такія песьні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG