Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНСКІХ БАЗАЎ У ПОЛЬШЧЫ НЯ БУДЗЕ


Уладзімер Глод, Менск

Пра наяўнасьць плянаў разьмяшчэньня вайсковых базаў ЗША ў Польшчы гавораць ужо ня толькі афіцыйныя беларускія СМІ, але й дзяржаўныя дзяячы. У прыватнасьці, дарадца старшыні КГБ Беларусі Аляксей Гарохаў сёньня заявіў, што Беларусі патрэбна больш шчыльнае вайсковае супрацоўніцтва з Расеяй — “асабліва з-за разгортваньня амэрыканскіх вайсковых базаў у Польшчы”. Упэўнены ў гэтым і ў Міністэрстве абароны.

Гаворыць начальнік вайскова-навуковае ўправы Міністэрства абароны Беларусі Сяргей Шматок:

(Шматок: ) “Пра перамяшчэньне базаў шмат гаворыцца ў друку — пра тое, што некаторыя дывізіі, якія ўдзельнічалі ў ірацкіх падзеях, ужо ня вернуцца на свае былыя базы ў Нямеччыне, а магчыма іхнае перамяшчэньне на тэрыторыю Польшчы. Або магчыма перамяшчэньне асобных авіяцыйных базаў на тэрыторыю Польшчы. Натуральна, гэта ўсё трэба ўлічваць, розьніца ёсьць — калі падлётны час з тэрыторыі Нямеччыны — 40 хвілінаў, дык з Польшчы — 15”.

Падобна, што публікацыі моцна напалохалі беларускіх сілавікоў. Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Польшчы Багуслаў Маеўскі сёньня абверг усе гэтыя заявы й публікацыі беларускіх СМІ, назваўшы іх “абсалютна няспраўджанай і неадпаведнай фактычнаму стану інфармацыяй”.

МЗС Польшчы заяўляе, што “ў двухбаковых дачыненьнях Польшчы і Злучаных Штатаў пытаньне пераносу базаў, вайсковых частак або вайсковай інфраструктуры з тэрыторыі Заходняй Эўропы ў Польшчу ніколі не закраналася. Зваротаў з такімі прапановамі не было, і яны не зьяўляюцца прадметам якіх-небудзь работ або аналізу з боку ўраду Рэспублікі Польшча”.

Спадар Маеўскі асабліва адзначае, што, паколькі грамадзяне Беларусі маюць абмежаваны доступ да незалежнай інфармацыі, “распаўсюджаньне падобных ацэнак можна лічыць выключна спробаю запалохаць грамадзянаў Беларусі, стварыць напружанасьць паміж народамі”.

МЗС Польшчы абвяргае і інфармацыю БелТА пра магчымасьці рэалізацыі Польшчаю нейкіх плянаў, зьвязаных з тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі да Беларусі. На думку МЗС Польшчы, гэтыя пблікацыі зьяўляюцца праяваю скрайняй безадказнасьці за свае словы і дзеяньні на шкоду двухбаковым дачыненьням Беларусі і Польшчы.

У МЗС Беларусі заяўляюць, што ацэнкі, якія дапусьціла БелТА, не адпавядаюць дзяржаўнай палітыцы краіны. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “Я хацеў бы падкрэсьліць, што МЗС Польшчы праінфармавала беларускі бок пра тое, што афіцыйныя польскія ўлады не ажыцьцяўляюць аніякіх перамоваў адносна разьмяшчэньня амэрыканскіх вайсковых базаў на тэрыторыі Польшчы. І мы ня маем ніякіх падставаў не давяраць гэтай інфармацыі. Размова ў гэтай тэме вядзецца толькі журналістамі, якія наогул ня ўлічваюць тое, што іхныя “інтэлектуальныя практыкаваньні” могуць нэгатыўна адбіцца на беларуска-польскіх стасунках”, — сказаў А.Савіных.
XS
SM
MD
LG