Працаўнікі прыйшлі на мітынг з транспарантамі “Так – працы! Не – зьбядненьню народу!”, “Мы пратэстуем супраць парушэньня правоў прафсаюзаў”, “Рабочым – дастойную зарплату”, а таксама з прафсаюзнымі сьцягамі. Лідэр прафсаюзаў аграпрамысловага і сельскагаспадарчага машынабудаваньня Аляксандар Бухвостаў ды іншыя актывісты, што выступалі на мітынгу, казалі, што жыцьцёвы ўзровень працоўных увесь час зьніжаецца, заробкі не індэксуюцца.
У той жа час досыць імкліва растуюць цэны на тавары і паслугі. Большасьці прадпрыемстваў не хапае абаротных сродкаў і інвэстыцыяў для нармальнай працы. На многіх заводах хутка пачнуцца скарачэньні. Пашыраецца спэктар платных мэдычных паслугаў.
Прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук заявіў Радыё Свабода:
(Ярашук: ) “Я мітынгам цалкам задаволены. Толькі ў пятніцу мінулую быў атрыманы дазвол. І маючы на ўвазе, што было два выходных і толькі з панядзелка нейкая праца разгортвалася, часу было мала, але прыйшло каля 2000 чалавек. Мяркую, паказчык неблагі. Кіраўнікі прафсаюзаў агратрансмашу і радыёэлектронікі зрабілі для сябе важныя высновы – быць разам. Вы напэўна ведаеце, што сёньня адбываецца зь лідэрамі Бухвоставым і Фядынічам, якая мэта пастаўленая нядаўна. Задача любым шляхам пазбавіцца ад вядомых і аўтарытэтных лідэраў у прафсаюзным руху”.
У сваёй рэзалюцыі ўдзельнікі мітынгу запатрабавалі неадкладна спыніць зьбядненьне народу і адмяніць рашэньне аб замарожваньні зарплаты, спыніць перасьлед прафсаюзаў, даць лідэрам прафсаюзаў радыйны і тэлевізійны эфір. Калі ўлады адмовяцца выконваць гэтыя патрабаваньні, прафсаюзы пачнуць увосень акцыі, дзе выкажуць недавер уладам.