Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ ДАСЬЛЕДУЕ БЕЛАРУСКА-ІРАЦКІЯ ВАЙСКОВЫЯ КАНТАКТЫ


Віталь Тарас, Прага

Гэта факс, які сьведчыць аб перамовах паміж беларускім бокам і рэжымам Садама Хусэйна адносна паставак у Ірак узбраеньняў і навучаньні ваенных адмыслоўцаў, а таксама ліст аб магчымых пастаўках Багдаду ваеннай тэхнікі з Расеі. Адзін з высокапастаўленых АБСЭ пасьля вывучэньня дакумэнтаў сказаў, што амаль няма сумневу ў іхнай аўтэнтычнасьці, паколькі іхны зьмест супадае з ужо вядомымі прыкладамі нелегальнага гандлю зброяй з удзелам расейцаў.

А вось што сказаў у інтэрвію Радыё Свабода адносна гэтых дакумэнтаў прадстаўнік Галяндыі, якая зараз старшынюе ў АБСЭ, Аляксандар Ніцшэ:

(Ніцшэ: ) “Мы атрымалі прадстаўленую нам дакумэнтацыю і перадалі яе расейскай дэлегацыі, якая прысутнічае на Эканамічным форуме АБСЭ. Вы разумееце, што гэтыя дакумэнты павінныя быць разгледжаны вельмі ўважліва і падрабязна перад тым, як даваць ацэнку. І няма сумневу, падобная ацэнка будзе зробленая амэрыканскай дэлегацыяй. Я ведаю, што гэта было накіравана па інстанцыі ў ЗША”.

На пытаньне карэспандэнта Свабоды Рона Сынавіца – ці беларуская дэлегацыя таксама атрымала копію згаданых дакумэнтаў, прадстаўнік старшынства Нідэрляндаў у АБСЭ Аляксандар Ніцшэ адказаў:

(Ніцшэ: ) “Я дакладна ня ведаю, ці атрымалі ўжо беларусы гэтую інфармацыю. Аднак, у кожным выпадку – не праз нашыя каналы. Мы будзем прасіць прадстаўнікоў дэлегацыі Нідэрляндаў разгледзець такую магчымасць, бо Беларусь прадстаўленая тут у Празе на Эканамічным форуме”.

Падчас вайны ў Іраку карэспандэнт Радыё свабода Рон Сынавіц суправаджаў адзін з амэрыканскіх атрадаў. Вось як журналіст апісвае абставіны сваёй нечаканай знаходкі:

(Сынавіц: ) “Аднойчы я быў у пакінутым комплексе будынкаў разам з амэрыканскімі жаўнерамі, якіх я суправаджаў перад гэтым месяц. Я мог свабодна заходзіць там у якія заўгодна будынкі. Цягам двух дзён я змог прагледзець шмат дакумэнтаў, якія былі знойдзеныя ў памяшканьнях для высокапастаўленых афіцэраў Ірацкай рэспубліканскай гвардыі. Урэшце тыя дакумэнты, што былі прызнаныя дастаткова важнымі, былі накіраваныя па інстанцыі ваеннаму камандаваньню ЗША ў Іраку і далей у Пэнтагон.

Аднак асабіста я ня веру цьверджаньням, зробленым у Менску і Маскве, што гэтыя дакумэнты былі вырабленыя агентамі амэрыканскай выведкі ў мэтах чорнай прапаганды. Там проста не было ніякай магчымасьці зрабіць гэта. Там былі звычайныя пехацінцы, зь якімі я прыйшоў туды сярод першых. І галоўным іхным клопатам была вайна ды надзея знайсьці ў памяшканьнях некалькі цыгарэт альбо цыгару пасьля месяцу, праведзенага ў пустынях Кувэйту ды Іраку”.

Расейскі ліст, датаваны 20 ліпеня 2001 году, быў напісаны па-ангельску і меў тытул расейскай фірмы FTW Systems. На ім быў пазначаны адрас: Гандлёвае прадстаўніцтва ў Маскве 20, вуліца Страмынка. Другі адрас: Нікасія, Кіпр. У лісьце за подпісам генэрала Ўладзіслава Ачалава ўтрымлівалася падрабязная інфармацыя пра снарады для танкаў, цяжкія кулямёты і новыя маторы для расейскіх танкаў Т-72. Напярэдадні вайны Ачалаў зьдзейсьніў шэраг візытаў у Багад.

Беларускі дакумэнт – гэта перапіска праз факс паміж Міністэрствам абароны Беларусі й прыватным беларускім прадпрымальнікам, які супрацоўнічаў зь беларуска-швайцарскай сумеснай кампаніяй пад назвай “Сыстэмнае кіраваньне бізнэсам” са штаб-кватэрай у Менску. Гэты дакумэнт яўна паказвае зацікаўленьне Беларусі, прынамсі, у працягу перамоваў з ірацкімі вайскоўцамі наконт выкананьня праграмы, якая прадугледжвала пастаўку ваеннага абсталяваньня, тэхналёгіяў, а таксамам навучаньне ірацкіх мэханікаў таму, як усталяваць новыя ўзбраеньні на старую савецкую бранетэхніку.

Адпраўлены гэты дакумэнт быў усяго праз два месяцы пасьля ліста з Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG