З ініцыятывай амністыі выступіў прэзыдэнт Уладзімер Пуцін напярэдадні сакавіцкага рэфэрэндуму ў справе канстытуцыйнага статусу Чачэніі. Паводле праекту, амністыя мае закрануць і чачэнскіх партызанаў, і салдатаў фэдэральных сілаў, якія бралі ўдзел у “небясьпечных” апэрацыях на тэрыторыі рэспублікі з 12 сьнежня 1993 году, калі пачалася першая ваенная апэрацыя Расеі ў Чачэніі, да 1 верасьня, калі чачэнскія сэпаратысты павінны скласьці зброю.
Аднак у адпаведнасьці з праектам, з амністыі не скарыстаюць замежныя баевікі, тыя, хто адказны за забойствы, выкраданьні людзей, рабункі, згвалтаваньні ды іншыя цяжкія злачынствы. У праекце дакумэнту Ўладзімер Пуцін ня кажа, ці амністыя тычыцца тых, хто аказваў узброены супраціў фэдэральным войскам. Але ж, калі нехта страляе ў салдатаў, дык гэта належыць да катэгорыі “цяжкіх злачынстваў”.
Дык для каго насамрэч гэтая амністыя? – пытаюцца некаторыя аналітыкі й праваабаронцы. Многія зь іх лічаць амністыю бессэнсоўнай і нядзейснай, калі на практыцы яна не закране ні лідэра сэпаратыстаў Аслана Масхадава, ні тых, хто ваяваў з расейскімі сіламі. Гэтак, у прыватнасьці, лічыць дырэктар маскоўскага Цэнтру стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй Пянткоўскі.
(Пянткоўскі: ) “Насамрэч, амністыя не пашыраецца на нікога. Калі чалавек са зброяй быў у гарах, і ён павінен даказаць, што цягам апошніх двух-трох гадоў ён працаваў, напрыклад, кухарам, ні ў кога не страляў, дык такая амністыя, зразумела, моцна абмежаваная”.
“Амністыя відавочная для тых, хто ўсяго толькі варыў кашу партызанам”, – кажа Алег Арлоў з праваабарончай арганізацыі “Мэмарыял”. Паводле прадстаўніка расейскага Інстытуту правоў чалавека Льва Левінсана, прэзыдэнцкі законапраект пярэчыць самой ідэі амністыі.
Паводле многіх аналітыкаў, амністыя не спрацуе і таму, што ў Чачэніі пануе клімат беззаконьня. Акрамя супрацьстаяньня з Масквою, розныя кляны варагуюць і ваююць паміж сабою. Баевікі не здадуць зброю, бо ня вераць ні Маскве, ні прамаскоўскай адміністрацыі Чачэніі, і акрамя таго баяцца помсты з боку тых, хто ня мае намеру здавацца.
На думку маскоўскай журналісткі Санобар Шэрматавай, якая ў “Москаў Ньюс” асьвятляе падзеі ў Чачэніі, сытуацыя ў рэспубліцы не спрыяе амністыі.
(Шэрматава: ) “Галоўнае, што магло б прынесьці мір ў Чачэнію, гэта стварэньне эфэктыўнай, цывільнай улады, праваахоўчых органаў, і вывад з рэспублікі большасьці расейскіх войскаў. Тыя, што застануцца, павінны сядзець у казармах, і падпарадкоўвацца грамадзянскім законам. Зараз цывільны ўрад неэфэктыўны, фэдэральныя сілы не падпарадкоўваюцца яму, працягваецца ні то мір, ні то вайна. Гэта вельмі нестабільная сытуацыя, якая можа выбухнуць у любы момант”.
Мяркуецца, што затое з амністыі напэўна скарыстаюць камандзіры расейскіх падразьдзяленьняў, неахайнасьць якіх прывяла да сьмерці падначаленых, а таксама тыя расейскія вайскоўцы, якія зьдзейсьнілі злачынствы ў дачыненьні да цывільнага насельніцтва, лічыць Яўгенія Сьнежкіна, рэдактар Інтэрнэт-газэты “Колокол”. Праўдападобна, амністыя ахопіць таксама тых, хто скраў дзяржаўныя сродкі, прызначаныя на адбудову Чачэніі.
Паводле нямецкай газэты “Die Welt”, новая, ужо чацьвертая амністыя, разьлічаная найперш на замежжа, дзе не змаўкае крытыка дзеяньняў Расеі на Паўночным Каўказе. Для Пуціна амністыя побач з рэфэрэндумам, была бы дасканалым аргумэнтам, калі на будучым саміце Эўразьвяз-Расея яму пачнуць задаваць непрыемныя пытаньні.
Паводле газэты, ініцыятары амністыі насамрэч ня вераць у сваю задуму. Чачэнцы наўрад ці павераць чарговым абяцаньням Масквы. Яны кожную ноч баяцца, што прыйдуць невядомыя людзі ў масках і вывязуць у невядомым кірунку мужчынаў і хлопцаў, якіх пасьля знаходзяць мёртвымі. Пуцін, як галоўнакамнадуючы, сьпярша павінен утаймаваць сваіх уласных вайскоўцаў, каб чачэнцы маглі хаця трошкі давяраць Крамлю.
Факт, што Дума прыняла праект амністыі толькі ў першым чытаньні азначае, што ў парлямэнце яшчэ працягнецца дыскусія над дакумэнтам, чаго Крэмль хацеў пазьбегнуць.