Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАЯВЫ ЛУКАШЭНКІ Ў ШКЛОЎСКАЙ ТУРМЕ НЕ ПАДТРЫМЛІВАЮЦЬ ПА ГЭТЫ БОК КАЛЮЧАГА ДРОТУ


Галіна Абакунчык, Менск

Ніводзін з маіх сёньняшніх суразмоўцаў не сказаў, што цалкам падтрымлівае і давярае словам Аляксандра Лукашэнкі. Але вельмі многія заявілі, што яны супраць масавага вызваленьня небясьпечных злачынцаў, і вось чаму:

(Спадар: ) “Злодзей павінны сядзець у турме. Ёсьць Фэміда, яна вызначыла тэрмін, і яго трэба адбыць”.

(Спадарыня: ) “Людзей, якія адбываюць пакараньне за забойства, вызваляць ня трэба. Бо яны сапраўды небясьпечныя”.

(Спадар: ) “Я лічу, што ня трэба, бо пасьля амністыі шмат чаго нядобрага ў краіне здараецца. Да кожнага чалавека варта ўсё ж падыходзіць індывідуальна”.

(Спадарыня: ) “Наконт працы, лепш падумаць пра моладзь, якая ў бальшыні беспрацоўная, або пра жанчын. А астатняе трэба пачынаць з судоў: разглядаць дакладней справы і лепш разьбірацца, каб турмы сапраўды не былі перапоўненыя”.

Гэтак жа шмат апытаных заявілі, што ўвогуле не давяраюць заявам і абяцанкам Аляксандра Лукашэнкі. А ягоныя словы ў шклоўскай турме называюць папулісцкімі. Вось іхныя меркаваньні.

(Спадарыня: ) “Я ня веру ў гэтыя заявы, бо шмат з абяцанага не выконваецца”.

(Спадар: ) “У нашага прэзыдэнта шмат “паказухі”: ён можа спачатку нарабіць людзям шмат зла, а затым — нібыта, дабро. Гэта вельмі стары трук, разумнага чалавека ім не падмануць”.

(Спадарыня: ) “Мой сын гэтаксама знаходзіцца ў месцах пазбаўленьня волі. У яго двое дзяцей і ён ня меў працы, таму пайшоў на правапарушэньне, каб забясьпечыць сваю сям’ю. Дык спачатку трэба стварыць людзям умовы, каб яны маглі забясьпечыць жыцьцё сваім сем’ям, а не садзіць іх, каб потым абяцаць вызваленьне”.

(Спадар: ) “Гэткае становішча можна назіраць ня толькі ў турмах. Людзей усюды ставяць у нейкія невыносныя ўмовы, каб пасьля “вялікадушна” вызваляць”.

Гэта былі выказваньні мінакоў адносна заяваў Аляксандра Лукашэнкі ў турме Шклова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG