Удзельнікі: Джэймс і Эля Дынглі (г. Маргейт, Ангельшчына)
У 1990 годзе Беларусь першы раз шырока ўшаноўвала імя свайго вялікага асьветніка Францішка Скарыны, адзначалася 500-годзьдзе ад ягонага нараджэньня. Вяршыняю сьвята былі ўрачыстасьці ў Полацку. У сьвяточным натоўпе немагчыма было не зьвярнуць увагі на высокага, яшчэ даволі маладога, але зь сівою галавою, чалавека. Кожны бачыў, што гэта іншаземец. Ён пачаў сваё навуковае выступленьне па-беларуску, хаця вядучы прадставіў яго як госьця зь Лёндану. Гэта быў Джэймс Дынглі – славіст, якога цяпер добра ведаюць у Беларусі.
Той прыезд у Беларусь быў для спадара Дынглі ня першым. Ён наведаў Менск у 1988 годзе па дарозе з Расеі. Тады ён ня мог абмінуць краіну, да культуры якой далучыўся яшчэ на пачатку сваёй кар’еры.
(Джэймс: ) “Выпадкова я сустрэўся з айцом Аляксандарам Надсанам, калі я працаваў у Брытанскай нацыянальнай бібліятэцы, гэта 1965 або пачатак 1966 году. З той пары, з той сустрэчы я пачаў дужа цікавіцца Беларусьсю і потым вывучаць навукова”.
Яшчэ адна сустрэча ў сьвяточныя дні пад знакам Скарыны ізноў зьмяніла лёс Джэймса Дынглі.
(Джэймс: ) “Менавіта на гэтым сьвяткаваньні я сустрэўся і пазнаёміўся з Эляю. Яна тады працавала журналісткай для Беларускага радыё і хацела ўзяць у мяне інтэрвію, але, на жаль, ейны магнітафон ня вельмі добра працаваў. Яна тады запрасіла мяне на гарбатку. Мы жылі ў малюсенькім гатэлі ў Наваполацку”.
Тады шмат хто хацеў запрасіць Джэймса ў госьці, але ён пайшоў да Элі Зяньковай.
(Джэймс: ) “Яна сказала, што яна мае штосьці вельмі спэцыяльнае. І гэта штосьці вельмі спэцыяльнае – гэта быў лімон. Яна знайшла лімон, мы выпілі гарбатку, пагаварылі. А потым на наступны дзень яна змагла ўзяць у мяне інтэрвію”.
Далей Джэймс ужо сам шукаў нагоду для сустрэчы і па прыезьдзе ў Менск запрасіў дзяўчыну ў прэстыжны на той час рэстаран.
(Джэймс: ) “Два разы мы вячэралі ў “Юбілейцы”. Потым яна паехала кудысьці ў іншае месца працаваць, а я паехаў дамоў, і мы цэлы год былі ў перапісцы”.
Мы пацікавіліся цяпер ужо ў Элі, на якой мове вялася гэтая перапіска, як яны разумелі адзін аднаго?
(Эля: ) “Гэта была такая мяшанка, там было столькі моваў! Мы пісалі на розных мовах, таму што тады мая ангельская мова была вельмі слабая. Але, я пісала проста з галавы, як гэта прыходзіла. Мы пісалі ня толькі пра тое, што здарылася ўчора, або тое, што плянуецца заўтра. Мы пісалі пра ўсялякія назіраньні, дзяліліся думкамі пра некаторыя рэчы, якія нас хвалявалі. І высьветлілася, што нас хвалявалі ўвогуле аднолькавыя рэчы. Было шмат агульнага між намі”.
Потым Эля выехала ў Лёндан, і так пачалося іх сямейнае жыцьцё. Прайшоў час, і сябры Элі і Джэймса ў Беларусі атрымалі вестку зь Лёндану з фотаздымкам іхнай нованароджанай дачушкі Алены.
(Эля: ) “Я раней, трэба прызнацца, да дзяцей ставілася з падазрэньнем. Я не магу сказаць, што я была народжаная дзеля дзяцей, мне ніколі не хацелася мець дзяцей, пакуль я не сустрэла Джыма. А калі мы прыйшлі да высновы, што мы проста закахаліся адзін у аднаго, то адразу гэта была адзіная думка.
Мы яшчэ нават не цалаваліся, але мы ўжо пачалі пісаць пра гэта дзіцяня, што гэта будзе дзяўчынка, імя ёй дамо Аленка. Ангельскае імя Джыма ў беларускай форме будзе Якуб, то мы зьвярталіся ўжо ў нашых лістах да нашай дачушкі, якой яшчэ нават у плянах – не, у плянах было – але яшчэ не было ў рэальнасьці, мы зьвярталіся да яе “Алена Якубаўна”, і мы пісалі пра Алену Якубаўну, якая яна вырасьце, якая яна будзе прыгожая”.
Зараз Алене Якубаўне ўжо 9 гадоў, а ёйнай малодшай сястрычцы Аляксандры-Вікторы на год менш. Бацькі выхоўваюць дзяўчынак так, каб яны ведалі пра свае карані.
(Эля: ) “Яны разумеюць, што мама паходзіць зь Беларусі й што палова іх крыві – беларуская. Цяпер вось Алена – старэйшая, вельмі стараецца, піша па-беларуску. Я ёй кажу словы, а яна стараецца іх напісаць беларускім альфабэтам. Яна адзіная, хто ведае ў іх клясе кірыліцу і вельмі гэта цэняць у школе”.
Бацька таксама дапамагае выхоўваць у дзяцей адчуваньне далучанасьці да беларускай культуры.
(Эля: ) “Я лічу, што Джым выдатны бацька, ён праводзіць зь дзецьмі шмат часу. Калі дзеці былі трошкі меншыя, то мы кожны вечар чыталі ім казкі, і я сьпявала ім песьні беларускія пад гітару”.
(Джэймс: ) “Кожны месяц яны бываюць у беларускай школцы ў Лёндане. Дзеці нашыя вельмі любяць быць у гэтай школцы, яны маюць добрых сяброў у гэтым асяродзьдзі. Так што мы стараемся. Яны ўжо свабодна чытаюць вершыкі”.
Эля працягвае:
(Эля: ) “Калі прыходзіць час ехаць у школку, я заўжды ў іх пытаюся, ці яны хочуць ехаць. Заўжды я атрымліваю адказ: “Так, так, мама, хутчэй паехалі”. Гэта вельмі прыемна, што наша беларуская школка робіць такі прыемны адбітак на дзіцячых сэрцах.
Мы бярэм удзел у беларускіх сьвятах. Так, на Дзень незалежнасьці ўсе дзеткі былі апрануты ў беларускія строі і выступалі перад беларускай грамадой”.
Дзяўчынкі ўжо двойчы пабывалі ў Беларусі.
(Эля: ) “Калі прыехалі ў Менск, чулі калыханку ўвечары. І нашы дзеці разам з тэлебачаньнем сьпявалі калыханку, бо ведаюць усе словы”.
Некалькі гадоў таму сям’я Дынглі пакінула Лёндан і перасялілася ў невялікі горад Маргейт у графстве Кент на поўдні Англіі. Калі дзеці падрасьлі, Джэймс і Эля вырашылі знайсьці большы дом, дзе яны маглі б адчуваць сябе вальней , больш бываць на прыродзе. Гэта была пэўная ахвяра з боку бацькі.
(Джэймс: ) “Я яшчэ працую там, дзе і працаваў да таго, як мы пераехалі сюды. Я ежджу ў Лёндан тры дні ў тыдзень, дзьве гадзіны туды і дзьве дадому. На працы я займаюся амаль што ўсімі мовамі Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы. Мы выкладаем у нашай школе 13-14 моваў, маем 30-35 выкладчыкаў, і я маю адказнасьць за гэты працэс. Так што гэта адміністрацыйная праца, я адміністратарам стаўся”.
На новым месцы і Эля знайшла сабе працу.
(Эля: ) “Я працую цяпер настаўніцай ад муніцыпалітэту графства Кент, дзе мы жывем. Я працую у аддзеле “Адукацыя і бібліятэкі”. Я вучу дзяцей, у якіх першая мова не ангельская – я вучу іх ангельскай мове. У мяне ёсьць 9 школаў, па якіх я ежджу на машыне ад школы да школы, забіраю гэтых дзяцей і вучу іх. Прыкладна 30 дзяцей”.
Як сказаў Джэймс, ён стаўся цяпер больш адміністратарам і ня мае часу для навуковай працы ў галіне беларусістыкі. Але гэтая тэма працягвае яго цікавіць.
(Джэймс: ) “Я яшчэ цікаўлюся Беларусьсю, чытаю кніжкі, сачу за навінамі зь Беларусі. Я бы хацеў аддаць шмат больш часу, чым я магу цяпер. Але, я спадзяюся, што, калі я пайду на пэнсію, што павінна быць у канцы чэрвеня ці ліпеня, усё будзе лягчэй. Я буду мець час на гэта. Спадзяюся больш займацца беларускай справай, чаго я хачу больш за ўсё”.
Спадар Дынглі супрацоўнічае са Згуртаваньнем беларусаў Вялікабрытаніі, уваходзіць у склад створанай беларусамі парлямэнцкай групы, якая трымае кантакты з ангельскімі парлямэнтарамі. Ён зьяўляецца сакратаром Управы Беларускай бібліятэкі імя Скарыны, а таксама сябром управы Ангельска-беларускага таварыства. Падтрымлівае сувязі зь Міжнароднай асацыяцыяй беларусістаў, што дзейнічае ў Беларусі пад кіраўніцтвам прафэсара Адама Мальдзіса. Для карэннага ангельца Джэймса Дынглі Беларусь стала блізкай ва ўсіх адносінах.
(Джэймс: ) “Знаёмства з гэтым народам дало мне жонку і сям’ю, за гэта я кантактам зь Беларусьсю вельмі ўдзячны, у пэрсанальным сэнсе. У духоўным – таксама, у тым сэнсе, што духоўнае багацьце прыходзіць зь ведаў пра іншыя народы, пра іхныя культуры. І калі ёсьць магчымасьць браць непасрэдны ўдзел у жыцьці гэтага народу, як я стараюся рабіць тут, у Ангельшчыне, то гэта , безумоўна, дае духоўнае багацьце”.
На нашае пытаньне пра тое, якая найбольш тыповая, на ягоную думку, рыса характару беларусаў, спадар Дынглі з сумаў зазначыў, што гэта, пэўна, апатыя.
(Джэймс: ) “Нам казалі, што рыса беларусаў – талерантнасьць. Ну што гэта азначае – талерантнасьць? Талерантнасьць, калі можна ўсё талераваць, гэта і ёсьць тая самая апатыя, індыфэрэнтнасьць да ўсяго. Але каб Беларусь жыла паўнавартасным жыцьцём, каб людзі, якія жывуць у Беларусі, мелі сьвядомыя веды пра сваё мінулае, пра сваё месца ў гісторыі агульначалавечай, пра сваё месца ў Эўропе, то людзям трэба рабіць выбар. Трэба рабіць выбар – вось менавіта я хачу стаць сьвядомым беларусам”.
Самі ж Джэймс і Эля Дынглі робяць усё магчымае, каб гэтая беларуская сьвядомасьць захоўвалася ў іхнай беларуска-ангельскай сям’і.