Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАРЭГІСТРАВАНЫ НОВЫ ЛІТАРАТУРНА-МАСТАЦКІ ЧАСОПІС “ДЗЕЯСЛОЎ”


Валянціна Аксак, Менск

Часопіс “Дзеяслоў” упершыню выйшаў мінулай восеньню. Першыя два нумары выдаваліся літаратурна-мастацкім фондам “Нёман” як альманахі. Згодна беларускага заканадаўства, альманах можа выходзіць толькі раз на год. Гэта ніяк не задавальняла рэдакцыю “Дзеяслова”, і яна дамагалася афіцыйнае рэгістрацыі выданьня са статусам пэрыядычнага.

Нягледзячы на ідэалягічныя і бюракратычныя перашкоды, якія цягнуліся больш, чым паўгоду, рэдакцыя дабілася свайго: “Дзеяслоў” зарэгістраваны як літаратурна-мастацкі часопіс з пэрыядычнасьцю выданьня раз на два месяцы. Галоўны рэдактар часопісу вядомы празаік Барыс Пятровіч не хавае сваёй радасьці.

(Пятровіч: ) “Для нас вельмі важны дзень, таму што здарылася тое, чаго мы чакалі, на што мы працавалі апошнія паўгады. “Дзеяслоў” зарэгістраваны як часопіс і адначасова выйшаў трэці яго нумар”.

Наклад першых нумароў “Дзеяслова” разышоўся даволі хутка. І гэта пры тым, што незарэгістраванае афіцыйна выданьне “Белпошта” адмаўлялася браць у продаж. Сябры рэдакцыі рассылалі замоўленыя нумары, а таксама распаўсюджвалі іх на шматлікіх сустрэчах з чытачамі, якія запрашалі іх да сябе па ўсёй краіне. З восені на “Дзеяслоў” будзе абвешчаная падпіска.

Ну а трэці нумар часапісу проста асуджаны на посьпех, дзякуючы рэдакцыйнай палітыцы “дзясловаўцаў”, якія ўмела балянсуюць паміж праверанымі талентамі мэтраў айчыннага прыгожага пісьменства Барадуліна, Бураўкіна, Някляева, Сіпакова ды нікому невядомымі імёнамі дэбютантаў. У новым нумары яны адкрываюць разьняволеную прозу Міраславы Навіш. Тут жа зьмешчаная зьнятая цэнзураю з часопіса “Крыніца” п’еса Сяргея Кавалёва “Сёстры Псыхеі” і не друкаваныя раней па-беларуску дзёньнікі Алеся Адамовіча. Сэнсацыяй нумару можна лічыць эсэ Сяргея Дубаўца, у якім ён адназначна даводзіць, што Янка Купала сьвядома скончыў жыцьцё самагубствам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG