Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ БЯРЭ ЛУКАШЭНКА “ХАЛТУРУ” ДАДОМУ?

Ігар Карней, Менск

Нават пры багатай фантазіі цяжка ўявіць сабе такі малюнак: прэзыдэнт ЗША Буш на сэлектарнай нарадзе разносіць фэрмэраў за нізкія паказьнікі надояў у Тэхасе. Або — нямецкі канцлер Коль у гінэкалягічным аддзяленьні шпіталю Мюнхену гаворыць зь цяжарнымі жанчынамі пра нізкую нараджальнасьць. Ці прэзыдэнт Квасьнеўскі пагражае польскім урадоўцам пасадзіць усіх на нары. Або Пуцін… — немагчыма дадумацца, каб ён назваў Мілера ці Чубайса “вшивыми блохами”.

Лукашэнка ж — кіраўнік-унівэрсал ня толькі перад тэлекамерамі, як шмат хто мяркуе: маўляў, чалавек любіць зрабіць уражаньне, а таму, ведаючы, што яго бачыць на тэлеэкране электарат, дазваляе сабе эмацыйнага лішку. Гэта, у прынцыпе, робяць на публіцы практычна ўсе прыхільнікі аўтарытарнага стылю кіраваньня. Але, як сьцьвярджаюць крыніцы ў прэзыдэнцкай адміністрацыі, і ў паўсядзённым працэсе кіраваньня дзяржаваю Лукашэнка такі ж дзейны.

Адзін з тэхнічных супрацоўнікаў распавёў мне, што кожны дзень праз кампутарнае сеціва праходзіць да двух дзясяткаў дакумэнтаў, на якіх стаіць віза Лукашэнкі. Узровень праблемаў, за вырашэньне якіх бярэцца Лукашэнка, зьдзіўляе нават ягонае атачэньне. У адным распараджэньні ўдакладняецца мэханізам перадачы канфіскаванага на памежным пераходзе аўтамабіля БМВ аднаму зь дзяржаўных прадпрыемстваў. У іншым — інвалід зь Менску просіць пазбавіць яго мытнай аплаты за перагнаны зь Нямеччыны аўтамабіль, і Лукашэнка на гэта дае дабро. У трэцім ад ягонага імя прызначаецца старшыня калгасу на Гомельшчыне і г.д.

Праўда, як вынікае са штодзённых справаздачаў БТ, у Лукашэнкі надзвычай напружаны графік працы. Таму зь цяжкасьцю можна ўявіць, што ў яго штодня хапае часу і на такія, не зусім прэзыдэнцкія справы.

На працу Лукашэнка звычайна едзе са спазьненьнем на 10-15 хвілінаў, на пачатку дзясятай, а часам і пазьней. Кажу ўпэўнена, бо, працуючы ў цэнтры гораду, штодня гэта сам назіраю. На абед прэзыдэнцкі картэж выпраўляецца каля 14-й гадзіны, і часта ў працоўную рэзыдэнцыю кіраўнік дзяржавы больш не вяртаецца.

Калі ён прымае ўсе гэтыя рашэньні? — не бяруцца казаць нават дасьведчаныя людзі. Мажліва, Лукашэнка, як навукоўцы, да якіх ён сябе адносіць, бярэ працу дадому, у “Дразды”. Можа, падпісвае паперы ў часе інспэкцыяў па краіне ці ў перапынках хакейных трэніровак. У адміністрацыі, дарэчы, дапушчаюць, што ёсьць нейкая факсымільная пячатка з подпісам Лукашэнкі, і супрацоўнікі канцылярыі самі вырашаюць, якую просьбу задаволіць, а якую прайгнараваць, бо дакладна вядома, што ад практыкі асабістага прыёму грамадзянаў Лукашэнка адмовіўся гады праз 2-3 пасьля таго, як стаў прэзыдэнтам. Тады ён аргумэнтаваў, што, разьбіраючы прыватныя праблемы, не застаецца часу на дзяржаўныя справы. Зваротаў, праўда, ад гэтага меней ня стала.

Мае суразмоўцы з апарату прэзыдэнцкай адміністрацыі выказвалі меркаваньне, што, маючы доступ да ўзгаданай факсымільнай пячаткі, можна лябіяваць любыя інтарэсы — ад вызваленьня прадпрыемства ці прыватнай асобы ад падаткаў і збораў да прызначэньня на пасады патрэбных людзей. Штодня падпісваць такі стос папераў можна толькі без уважлівага іх вывучэньня. Але тое, што гэтыя распараджэньні з аўтографам Лукашэнкі накіроўваюцца да “абавязковага выкананьня” — факт абсалютна дакладны.7
XS
SM
MD
LG