З прычыны адсутнасьці прыродных алмазаў на прадпрыемстве “Крышталь” гарачка ўвесь мінулы год і напачатку сёлетняга. Дырэкцыя дамагалася, каб расейскі бок стаў выконваць міжурадавае пагадненьне пра пастаўку “Крышталю” 100 тысячаў каратаў алмазнае сыравіны цягам пяці наступных гадоў.
Сёлета справа як бы зрушылася зь месца. Аднак, пачынаючы з сакавіка, кампанія “АЛРОСА” тройчы павялічвала для Беларусі кошты на прыродныя алмазы. Гэтаксама, як і для краінаў, аднесеных да далёкага замежжа. Апошняе травеньскае падвышэньне зрабіла алмазаапрацоўку ў Гомелі стратнай справаю.
Распавядае намесьнік генэральнага дырэктара аб’яднаньня “Крышталь” Уладзімер Фядорчанка:
(Фядорчанка: ) “Апошні кантракт быў падпісаны і аплачаны намі на мінулым тыдні. Апошні! Гэта ўжо па-за межамі разуменьня. Гэтая алмазная сыравіна ўжо даражэйшая за будучую прадукцыю. Гэта ўжо свядомыя страты, апошні крок. Зараз мы імкнемся пераканаць вышэйшае кіраўніцтва кампаніі “АЛРОСА” сесьці за стол перамоваў. Прадстаўніцтва кампаніі дырэкцыю “Крышталю” не ўспрымае. Мы па 10 разоў безвынікова стукаемся ў адныя і тыя ж кабінэты. Цяпер патрабуецца ўзровень вышэйшы”.
Гомельскія алмазаапрацоўшчыкі могуць купіць невялікую колькасьць алмазнае сыравіны ў кампаніі “Дэ-Бірс” і ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Аднак гэта не ўратуе алмазаапрацоўку “Крышталю”. Паводле дырэкцыі, калі не ўмяшаецца найвышэйшае кіраўніцтва краіны і кошт на расейскую сыравіну ня будзе ўрэгуляваны, гомельскія аграншчыкі, усьлед за рабочымі прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці, могуць папоўніць рынак беспрацоўных.