Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕЙНАСЬЦЬ АБ’ЯДНАНЬНЯЎ НАЙМАЛЬНІКАЎ У БЕЛАРУСІ МОГУЦЬ АБМЕЖАВАЦЬ


Юлія Шарова, Менск

Праект закону пра аб’яднаньні прадпрымальнікаў распрацоўваецца ўжо гадоў шэсьць, але толькі нядаўна ён трапіў да заканадаўцаў. Як лічаць аўтары праекту, яго трэба прыняць для ўсталяваньня паўнавартаснага трохбаковага партнэрства: ураду, прафсаюзаў і наймальнікаў. Быццам бы апошнія дагэтуль ня маюць законнага статуса і гэта прыводзіць да абвастрэньня канфліктных сытуацыяў. Неабходнасьць прыняцьця новага закону тлумачыць начальнік аддзяленьня Нацыянальнага цэнтру законапраектнай дзейнасьці Алена Шчарбацэвіч:

(Шчарбацэвіч: ) “Ён вынікае з Працоўнага заканадаўства, з сацыяльнага партнэрства. Больш за тое, ён вынікае з канвэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы “Пра свабоду асацыяцыяў і абарону правоў на арганізацыю”. Паводле Канстытуцыі нашая дзяржава прызнае міжнародныя нормы права, адпаведна вам ня трэба даводзіць, што гэты закон патрэбны. Наймальнікі сёньня ў нас адзіныя, хто ня мае праўнага статусу на законным узроўні”.

Таксама спадарыня Шчарбацэвіч абгрунтавала прыняцьцё закону будучым далучэньнем Беларусі да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі ды іншымі важнымі чыньнікамі.

Прэзыдэнт Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа заяўляе, што ня лічыць патрэбным прыняцьцё адмысловага закону пра аб’яднаньні прадпрымальнікаў. На ягоную думку, іхная дзейнасьць нармальна рэгулюецца Грамадзянскім кодэксам і законам пра грамадзкія аб’яднаньні. Прыняцьцё ж адмысловага закону створыць шмат цяжкасьцяў: саюзы прадпрымальнікаў ды іншыя структуры, якія аб’ядноўваюць наймальнікаў, вымушаныя будуць перарэгістравацца й страцяць вялікую колькасьць сяброў, лічыць спадар Патупа.

(Патупа: ) “Навошта мне патрэбнае скарачэньне колькасьці сяброў? Я тады маю магчымасьці мець у якасьці сяброў толькі наймальнікаў, дырэктараў ці прэзыдэнтаў фірмаў, можа яшчэ індывідуальных прадпрымальнікаў. Але мы маем невялікую колькасьць экспэртаў у журналістыцы, у юрыдычных справах, у эканоміцы. І што, мне патрэбна іх праганяць?”

На думку Аляксандра Патупы, у дзейных аб’яднаньняў наймальнікаў дастаткова спосабаў узаемадзеяньня з урадам і прафсаюзамі і ні ў якім адмысловым праўным статусе патрэбы яны ня маюць.
XS
SM
MD
LG