Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНДРЭЙ КЛІМАЎ ВЫПУСЬЦІЎ КНІГУ ПРА СЯБЕ “ТОЙ САМЫ КЛІМАЎ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

“Аўтамабіль вось-вось сарвецца ў бездань, але ўнутры салёну цёпла, музыка прыемная грае, чыста і добры пах... Вось ідэалёгія цяперашняга праўленьня ў Беларусі”.

Гэта цытата з кнігі “Той самы Клімаў”, якую былы дэпутат напісаў разам з журналістам Яўгенам Агурцовым. Кніга пабудаваная збольшага ў форме дыялёгу палітыка з журналістам, але ад звычайных мэмуараў яе таксама адрозьнівае балючае перажываньне за дзень сёньняшні і асабліва — будучы. Андрэй Клімаў, які адседзеў у менскіх турмах больш за 5 гадоў, ня можа забыць свой турэмны досьвед, ня можа абысьці ўвагаю разгон Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, у якім ён быў дэпутатам. Але ня гэта галоўнае. Ён кажа, што ягоная кніга — напамін уладзе пра тое, што ёсьць чалавек, які не супакоіўся і не зьбіраецца саступаць.

(Клімаў: ) “Я не хачу, каб у гэтай краіне забівалі палітычных апанэнтаў. Не хачу і ўсё зраблю, каб больш гэтага не было, а тыя, хто за гэта адказныя, каб былі пакараныя”, — кажа Андрэй Клімаў.

Пры гэтым Клімаў не атаясамлівае беды цяперашняй Беларусі выключна з адной асобаю, якую вызначае ў кнізе як “чалавека, якога ўсе баяцца”. Паводле Клімава, калі б цяпер раптоўна адбылася зьмена кіраўніка краіны, на месца Лукашэнкі №1 прыйшоў бы Лукашэнка №2, 3 і далей — да таго часу, пакуль не адбудуцца зьмены ў сьветапоглядзе людзей. “Мы ўсе адказныя за тое, што адбылося за гэтыя сем гадоў пасьля перавароту 1996 году, у тым ліку і Клімаў. Мая кніга і ёсьць момантам пераасэнсаваньня сваёй асабістай ролі й віны. Калі мы ня зьменімся знутры, то не ўратуем краіну”, — лічыць былы дэпутат.

Пры гэтым Клімаў застаецца такім жа супярэчлівым і па-юнацку непасьлядоўным, якім быў напачатку сваёй палітычнай кар’еры. Ён прызнаецца, што дарэмна пайшоў у палітыку, лепш бы зьехаў у Амэрыку займацца бізнэсам. Паводле Клімава, займацца палітыкай у яе звычайным выглядзе ў цяперашный Беларусі немагчыма — дзеля гэтага няма ўмоваў. Таму ён абраў іншы шлях — будзе палітычным агітатарам і праваабаронцам. “Магчыма, гэта не апошняя мая кніга. У любым выпадку цяпер адсюль я ніколі ня зьеду”, — прызнаецца Андрэй Клімаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG