Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ДАСЬЦЬ СЬВЕТУ БОЛЬШ ТАННЫ ДАЛЯР?


Юры Дракахруст, Прага

За мінулы год даляр патаньнеў адносна эўра амаль на траціну. У мінулую нядзелю міністар фінансаў ЗША Джон Сноў заявіў у размове са сваімі эўрапейскімі калегамі, што амэрыканскі ўрад не зьбіраецца ўтрымліваць вартасьць сваёй валюты адносна замежных, міністар нават назваў цяперашняе падзеньне курсу даляра вельмі сьціплым. З гэтага вынікае, што Вашынгтон ня мае нічога супраць далейшага падзеньня.

Брытанская газэта “Financial Times” называе некалькі прычынаў гэтага працэсу. Першай называецца дэфіцыт амэрыканскага фэдэральнага бюджэту, а таксама дэфіцыт гандлёвага балянсу: урад выдатковае больш, чым зьбірае падаткаў, а Амэрыка купляе больш, чым прадае. Акрамя таго, на валютны рынак уплывае актыўная зьнешняя палітыка ЗША – усясьветнае лідэрства абарочваецца цяжарам, ростам рахункаў, якія трэба аплачваць.

Некаторыя адмыслоўцы лічаць, што Вашынгтон сваёй новай палітыкай слабога даляру спрабуе выправіць адмоўны гандлёвы балянс. Гаворыць Пітэр Лок, прафэсар эканомікі Вашынгтонскага ўнівэрсытэту:

(Лок: ) “Як вы ведаеце, мы ўсё яшчэ маем гандлёвы дысбалянс. Так што даляр мусіць падаць, каб вызваліцца ад гэтай няўстойлівасьці. Тэорыя міжнароднага гандлю гаворыць, што даляр мусіць падаць да тае пары, пакуль ЗША не перастануць больш купляць за мяжою, чым прадаваць туды”.

Сапраўды, падзеньне курсу любой валюты спрыяе экспарту, за адзінку сваёй валюты замежнікі могуць купляць больш тавараў краіны, чым раней. Гэты мэханізм, дарэчы, дае магчымасьць Беларусі неяк утрымліваць свае пазыцыі на расейскім рынку. Але Амэрыка – не Беларусь, стан амэрыканскай эканомікі істотна ўплывае на ўсясьветную эканоміку, адмыслоўцы гавораць пра вельмі сур’ёзныя магчымыя наступствы аслабленьня даляру.

Адпаведнае рэзкае ўмацаваньне эўра можа прывесьці да дэфляцыі – падзеньня ўсіх цэнаў у Эўропе. Беларусам, якія пакутуюць ад адваротнага працэсу – інфляцыі, можа падацца, што ў дэфляцыі няма нічога кепскага. Аднак гэта ня так. Падзеньне цэнаў вядзе да падзеньня прыбыткаў вытворцаў, да скарачэньня бізнэсовай актыўнасьці, падзеньня і закрыцьця вытворчасьцяў. Менавіта дэфляцыя была спадарожнікам Вялікай дэпрэсіі 1920–30-х гадоў, калі ў ЗША беспрацоўным быў кожны чацьверты дарослы амэрыканец.

Гэтая эўрапэеская дэфляцыя ў сваю чаргу можа распаўсюдзіцца на ўвесь сьвет. Пры гэтым Эўропа апынецца ў горшым становішчы, чым Амэрыка. ЗША, як нацыянальная дзяржава, могуць урэшце проста надрукаваць больш даляраў і такім чынам падняць цэны. У той жа час Эўрапейскі цэнтральны банк, які эмітуе эўра, ёсьць фактычна міжнароднай арганізацыяй, і на падзеньне цэнаў у нейкай асобнай краіне Эўразьвязу ня стане рэагаваць гэтак жа хутка.

Шэраг адмыслоўцаў мяркуе, што падзеньне даляру ня ёсьць вынікам сьвядомай палітыкі амэрыканскага ўраду, а адбіткам працэсаў ва ўсясьветнай эканоміцы. Прафэсар Лок характарызуе паводзіны архітэктараў эканамічнай палітыкі ЗША наступным чынам:

(Лок: ) “Па сутнасьці, гэтыя людзі падымаюць рукі ўгару і гавораць: “Эканоміка мяняецца вельмі хутка, сувязь паміж урадавымі мерамі й іх наступствамі робіцца няпэўнай. Самае бясьпечнае ў гэтай сытуацыі – не рабіць ніякіх рашучых крокаў і глядзець, як будзе рэагаваць эканоміка. Я мяркую, што прыкладна гэтак разважае кіраўнік фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы Ален Грынспэн”.

Аслабленьне даляру адносна эўра па рознаму адбіваецца на эканоміках розных краінаў. Скажам, беларускі рубель адносна даляру як падаў, гэтак і працягвае падаць. А вось у Іраку, як перадае наш карэспандэнт Валянцінас Мітэ, назіраецца рост курсу дынару адносна амэрыканскай валюты. Гэта тым больш дзіўна, што дынар разгромленага Іраку – адна з самых слабых валютаў у сьвеце. Але, як тлумачыць калега Мітэ, умацаваньне дынару мае ўнутраныя прычыны.

Амэрыканскія войскі і цывільныя, што знаходзяцца ў Іраку, расплачваюцца далярамі, заробак чыноўнікам новай ірацкай адміністрацыі плацяць у далярах, грашовая дапамога насельніцтву ідзе ў далярах. Як вынік, калі месяц таму даляр каштаваў каля 3500 дынараў, то зараз – толькі 1500. Але гэтая перамога дынару ня надта цешыць іракцаў, асабліва тых, хто жыве на тыя 20 даляраў, якія штомесяц выдаюць амэрыканцы. Гаворыць багдадзкі гандляр Алі:

(Алі: ) “Некаторыя імпартныя тавары патаньнелі. Аднак мяса, куры, садавіна, гародніна застаюцца па-ранейшаму дарагія. Гэтыя харчы прадаюцца за дынары, і мы ўжо адчуваем эфэкт ад гэтага”.

Гэтыя праблемы іракцаў – толькі частка магчымых наступстваў, якія зьведае сьвет ад праблемаў амэрыканскай валюты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG