У “Галерэі з твораў Леаніда Шчамялёва” першыя наведнікі сёньня пабачылі знакамітыя пэйзажныя карціны мастака, шэраг працаў гістарычнай тэматыкі: тут і вайна 1812 году, і другая ўсясьветная, а таксама вялікае палатно “Радзіма”.
Але сярод падораных гораду твораў няма сэрыі знакамітых карцінаў, у якіх мастак зьвяртаецца да тэмы вызвольнага руху беларусаў і тых, дзе тэма сьвятасьці нацыянальных сымбаляў адлюстраваная пранізьліва рэзкім спалучэньнем бел-чырвона-крывава-белых фарбаў ці то ў букеце ружаў, ці то ў чырвоным вогнішчы на белым сьнезе, ці то ў партрэце малой дачкі ў нацыянальным строі.
Магчыма, час ня той, каб іх выстаўлялі публічна; магчыма, яны занадта дарагія для самога аўтара. Але сам Шчамялёў упэўнены, што яны дачакаюцца таго дня, калі будуць дэманстравацца асобнай экспазыцыяй ці зоймуць цэнтральнае месца ў гэтай жа галерэі. Пакуль жа дзясяткі карцінаў нацыянальнай сэрыі захоўваюцца ў майстэрні: выстаўляць іх, ня кажучы ўжо пра тое, каб у цяперашніх варунках імі зацікавіліся дзяржаўныя музэі, не ўяўляецца магчымым.
Леаніда Шчамялёва ніколі не цікавіла ідэалёгія, абслугоўваць якую патрабавала ўлада. Ён маляваў жыцьцё такім, якім бачыў. У звычайных краявідах, партрэтах праяўляўся асаблівы характар беларускай зямлі і беларусаў. Зрэшты, у свой час першы сакратар ЦК КПБ Мазураў у адным з дакладаў рэзка скрытыкаваў мастака, абазваўшы яго фармалістам. З гэтым прышпіленым ярлыком мастак пражыў не адзін дзясятак гадоў. Майстра трымаўся на далечы ад улады і, як ні дзіўна, за саветамі стаў народным мастаком, ніводнага дня ня быўшы ў камуністычнай партыі. І зараз ён дорыць свае карціны ня ўладам, а людзям.
(Шчамялёў: ) “Уладам? Не-не. Справа ў тым, што ўсё зьмяняецца ва ўсіх уладных структурах. Але людзі і стаўленьне мастака да людзей — гэта, напэўна, застаецца назаўсёды”.
Кіраўніцтва Саюзу мастакоў адкрыцьцё імянной галерэі Леаніда Шчамялёва лічыць вялікай і важнай падзеяй. На думку старшыні Саюзу Ўладзімера Басалыгі, кожны выдатны майстра заслугоўвае, каб пры ягоным жыцьці быў заснаваны музэй. Раней былі адчыненыя галерэі Гаўрылы Вашчанкі ў Гомелі і Паўла Масьленікава ў Магілёве.
Запытваю ў спадара Шчамялёва, як да пэрсанальнай галерэі паставіліся калегі-мастакі й ці не захоча той-сёй пераняць ягоны прыклад — маўляў, чым я горшы?
(Шчамялёў: ) “Гэта, відавочна, індывідуальны падыход кожнага чалавека, ягоны погляд на грамадзянскае стаўленьне з пазыцыі эстэтычнасьці. Мне падаецца, што ў майстэрнях мастакоў не заўсёды ёсьць працы — вось у чым справа. Зрэшты, і мае працы не заўсёды ўспрымаліся адэкватна. Ня хочацца плакацца, але шмат твораў і зараз стаяць у майстэрні ад 60-х гадоў. Улада розная. І тады былі людзі, якія займаліся рознымі справамі, але толькі не эстэтычнымі праблемамі. З пэўных прычынаў выяўленчае мастацтва не заўсёды ў пашане. Я б не хацеў скардзіцца на кагосьці з кіраўнікоў, але калі лепей узгадаць, то больш рэтраградзтва і перашкодаў было з боку саміх мастакоў і мастацтвазнаўцаў”.
Сёньня 80-гадовы творца дорыць свае карціны людзям — тым, для каго жыве і працуе.