Адныя шукаюць чужых рынкаў, другія свае бароняць. Пратэкцыянісцкія захады супраць Беларусі ўжывалі або ўжываюць Турцыя, Польшча, Літва, Латвія, Вугоршчына, Украіна і цалкам Эўразьвяз.
Стрымлівалі Беларусь па калійных угнаеньнях, поліэфірным штапелі, арматуры; праблемы мела прадукцыя айчыннай лёгкай прамысловасьці. Часам разгляд справаў ішоў марудна. Па калійнай солі выснову камісія Эўразьвязу не рабіла больш за год. Уводзілі санкцыі і ЗША — супраць экспарту з БМЗ, які склаў у 1999 годзе 4% амэрыканскага імпарту сталі. Гэтак сама і Ўкраіна ўжо пару гадоў кантралюе продаж беларускага штучнага футра, ворсавай тканіны, ДВП і рубэроіду, а зараз і запалак.
Папярэдзіць праблемы маглі б самі экспартэры. Але яны ня маюць палітыкі стабільных цэнаў на замежных рынках, не адсочваюць суадносінаў нутраных коштаў і выдаткаў з экспартнымі цэнамі й тактыкай пасярэднікаў. Недаацэнены і уплыў Беларусі на вытворчасьць краінаў-імпартэраў.
Беларусь таксама выкарыстоўвае антыдэмпінгавыя захады. Ужо тры гады ў Беларусі дзейнічае заканадаўства пра дэмпінг і абарону айчыннага рынку. Адказвае за гэта МЗС, які ужо бараніў, напрыклад, беларускі рынак тытуню ды гарсэтныя вырабы “Мілавіцы”.