Група анархістаў разгарнула перад будынкам, дзе ладзілася судовае паседжаньне супраць Паўлюка Канавальчыка, плякат “Разам за “Навінкі”, а таксама партрэт Паўлюка Канавальчыка ў каўбойскім капелюшы з надпісам па-ангельску “У вышуку”. Гэта — жарт калегаў па газэце. Спадар Канавальчык адмовіўся назваць імя аўтара спрэчнага артыкулу, а таму сам трымае адказ.
Спрэчны артыкул завецца “Другая беларуская кантатыўная рэвалюцыя”. Артыкул прысьвечаны прыняцьцю Палаты прадстаўнікоў у Парлямэнцкую Асамблею АБСЭ. Паўлюк Канавальчык зьдзіўлены, што менавіта гэты артыкул стаўся падставай для ўзбуджэньня адміністратыўнае справы:
(Канавальчык: ) “Гэты артыкул абсалютна нармальны і звычайны для нашай газэты. Чытачы газэты “Навінкі” ведаюць, што ў нас былі й нашмат больш сур’ёзныя й рызыкоўныя. Але чамусьці быў абраны менавіта гэты матэрыял”.
Зрэшты, у судовае пастанове гаворыцца ня столькі пра зьмест артыкулу, колькі пра зьмест подпісаў да ілюстрацыяў. Артыкул ілюструюць два варыянты перадвыбарчага плякату Аляксандра Лукашэнкі, дзё ён стаіць на фоне натоўпу з прыціснутай да сэрца рукой. Паводле Паўлюка Канавальчыка, першы варыянт подпісаў у гратэскавай форме дэманструе стаўленьне АБСЭ да Аляксандра Лукашэкі перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Другі варыянт — пасьля выбараў. Вось прыклад: “Пінжак, зьняты зь пляча Шарэцкага ў лістападзе 1996 году”. Другі варыянт: “Пінжак, набыты ў магазіне сэканд-гэнд. Так, на заробак прэзыдэнта не разгуляесься”.
Газэта “Навінкі” не хавае свайго сарказму й гіроніі. Тым ня менш, выданьне цытавала прэзыдэнцкая газэта “Советская Белоруссия”:
(Канавальчык: ) “Цытавала, і нават цалкам перадрукоўвала нашыя матэрыялы. І БТ нас цытавала… таму хтосьці хоча пасварыць газэту “Навінкі” з нашым прэзыдэнтам. Не сакрэт, што прэзыдэнт РБ зьяўляецца самым любімым пэрсанажам нашае газэты”.
Паўлюка Канавальчыка ў судзе прадстаўляе адвакат Павал Сапелка, які ўжо абараняў у падобных справах шклоўскіх “зуброў” — за пэрформанс з вусатай маскай, і Аксану Новікаву — за распаўсюд улётак з саркастычнымі выказваньнямі ў бок Аляксандра Лукашэнкі.
(Сапелка: ) “Здаецца, трэці раз за апошнія два гады я буду прасіць суд выклікаць у судовае паседжаньне пацярпелага — прэзыдэнта”.
Суд быў закрыты, і цягнуўся нядоўга.
(Канавальчык: ) “Так ці йнакш, мы чакалі, што гэта можа ў кожным выпадку здарыцца”.
Сярод прычынаў узбуджэньня адміністрацыйнае справы Паўлюк Канавальчык найперш называе агульную сытуацыю ўціску незалежнае прэсы ў Беларусі. Рашэньне раённага суду Паўлюк Канавальчык плянуе абскардзіць у вышэйшых інстанцыях.