Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 ТРАЎНЯ — ГАЛА-КАНЦЭРТ ФЭСТУ СТАРАДАЎНЯЕ БЕЛАРУСКАЕ МУЗЫКІ “ЛЕГЕНДЫ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА”


Валянціна Аксак, Менск

Тры гады таму “Беларуская музычная альтэрнатыва” выдала першы дыск старадаўняе музыкі “Легенды Вялікага Княства”, паслухаўшы які кіраўнічка рыцарскіх клюбаў Арына Вячорка прыйшла да высновы, што створанай для палацавых заляў ды местачковых пляцаў музыцы цесна на кружэлцы. У яе ўзьнікла ідэя дадаць той музыцы тэатралізаванага відовішча, наблізіць слухача да аўтэнтычнасьці ўспрыняцьця. Так нарадзілася гадавая фэставая праграма канцэртаў, у якіх спалучыліся сьпевы, граньне, скокі ды забавы. Уласна ўсё тое, што й суправаджала даўнейшую музыку. 20 траўня — дзявяты, заключны канцэрт фэсту, вынікамі якога спадарыня Вячорка задаволеная.

(Вячорка: ) “Фэст паказаў, што наша гістарычная музыка займае вельмі высокае месца ў эўрапейскім музычным мастацтве — ейныя выканаўцы пасьпяхова могуць супернічаць з музыкамі гэтага жанру зь іншых краінаў. Таксама паказаў, што складанасьці, якія чыняць нам афіцыйныя ўлады, пераадоленыя, дзякуючы публіцы. Людзі гатовыя слухаць такую музыку, яны гатовыя плаціць грошы за квіткі, яны гатовыя хадзіць на канцэрты, і ім ёсьць што паслухаць”.

Паслухаць на гала-канцэрце можна будзе самых выбітных на сёньня музыкаў гэтага жанру. “Стары Ольса” грае сярэднявечны гарадзкі фальклёр. “Кантраданс” грае музыку эпохі рэнэсансу і барока. Новы фольк-гурт “Кудзьмень” прадстаўляе праграму традыцыйных мужчынскіх сьпеваў. А гурт гістарычнага танцу “Залаты двор” паказвае пяць рэканструяваных ім на аснове старадрукаў даўнейшых танцаў. Аздабляюць праграму выступы рыцарскіх клюбаў. Гэты гала-канцэрт — адмысловае папярэдняе прадстаўленьне новага, другога дыску “Легенды Вялікага княства”, — кажа Арына Вячорка.

(Вячорка: ) “За год мы назапасілі дастаткова матэрыялу, каб ужо парадаваць нашых слухачоў новымі арыгінальнымі рэчамі. Растыражаваны альбом будзе ўвосень і ўвосень плянуецца прэзэнтацыя, а дакладна — 8 верасьня плянуецца прэзэнтацыя другога дыску “Легенды Вялікага Княства”.

На больш аддалены час працы ў адраджэньні старадаўняе беларускае музыкі спадарыня Вячорка аптымістычных прагнозаў, аднак, ня мае. І вось чаму:

(Вячорка: ) “Матэрыялу гістарычнага для выкананьня вельмі шмат. Нашыя музыкі працуюць зь ім вельмі ахвотна і творча. Але што засмуціла, дык гэта тое, што няма падтрымкі з боку дзяржавы, уладаў. А што зарабляюць нашыя музыкі на канцэртах, дык гэта проста капейкі… Іхныя намаганьні ў адраджэньні старадаўняе музыкі трымаюцца толькі на ўласных высілках, без аніякае фінансавае падтрымкі”.
XS
SM
MD
LG