Дык чаму новае пакаленьне беларусаў мусіць расьці на творах расейскага рэалізму, а ня, скажам, галяндзкага, францускага ці нямецкага? Якой вэрсіі трымаюцца зацікаўленыя асобы? Вэрсія самая банальная: “Трацякоўка” зрабіла гэткі жэст дабрачыннасьці, нічога ня ўзяўшы ані за дастаўку карцінаў у Менск, ані за іх арэнду; не запатрабавала нават аплаты страхоўкі, якая ў такіх выпадках звычайна вымяраецца дзясяткамі тысячаў даляраў.
Зрэшты, незалежныя аналітыкі ўбачылі ў гэтай дабрачыннасьці інтэграцыйны падтэкст: маўляў, каму, як ні братам-беларусам варта ведаць расейскіх клясыкаў жывапісу. І, натуральна, можна казаць пра паглыбленьне культурнай экспансіі Расеі ў Беларусі.
Выстава будзе працаваць у Беларусі ажно да канца верасьня. Тэрмін зноў жа не выпадковы: кіраўніца расейскага аддзелу Нацыянальнага музэю Тацяна Рэзьнік у тэлефоннай размове наўпрост сказала мне, што гэта зьвязана якраз з тым, што меў на ўвазе Лукашэнка. Паколькі наўрад ці навучэнцам школаў удасца зірнуць на расейскі жывапіс цягам двух тыдняў, якія засталіся да канца навучальнага году, першы восеньскі месяц будзе цалкам аддадзены школьнікам і студэнтам. Дзеля гэтай мэты нават знойдзены фундатар, які будзе аплачваць матэрыяльныя выдаткі. Кампанія “British-American Tabacco” кампэнсуе бясплатны паход у музэй кожнага маладога беларуса ў веку да 21 году.
Звычайна, калі падобныя выставы ладзяцца на Захадзе, паход у музэй — задавальненьне не такое ўжо й таннае. У Нацыянальным музэі мне паведамілі, што паралельна зь менскай выставай “Трацякоўка” выстаўляе свае працы ў Нямеччыне. Дарослым квіток там каштуе да 50 эўра. У Менску наведаць музэй можна, як кажуць, амаль бясплатна: ільготныя квіткі 1,5 тысячаў рублёў, поўныя — 3 тысячы. Тлумачыцца гэта тым, пра што я казаў напачатку: беларускі бок не аплачвае ані арэнду карцінаў, ані страхоўку. Падкрэсьлю, што шырокі жэст Трацякоўскай галерэі — гэта выключэньне. Ніводзін з усясьветных музэяў (да прыкладу, Дрэздэнская галерэя ці Люўр) ня будзе працаваць паводле малазразумелага прынцыпу “дагадзіць”.
Відавочна, што апошнім часам Лукашэнка, здаецца, радыкальна пераарыентаваўся з праблемаў сельскай гаспадаркі на культуру. Дастаткова ўзгадаць ягоны візыт у Акадэмію мастацтваў, распараджэньне зьняць блёкбастэр паводле п’есы “Радавыя” Дударава, будаўніцтва бібліятэкі, цяпер вось імкненьне наблізіць да мастацтва моладзь.
У колах, блізкіх да творчай эліты, гэта камэнтуюць аднолькава цягам васьмі апошніх гадоў. Лукашэнка, як чалавек надзвычай эмацыйны, залежыць ад настрою, іншымі словамі, здатны на скрайнасьці: сёньня можа пляжыць беларускую гісторыю, а заўтра пайсьці на прэм’еру спэктакля “Вітаўт”. Таму, прыкладам, рашэньне далучыць да расейскага жывапісу ўсю беларускую моладзь нарадзілася спантанна, літаральна ў той момант, калі ён сам любаваўся карцінамі.
Супрацоўнікі Нацыянальнага музэю распавялі, што экспазыцыю Лукашэнку дэманстравала адна з найбольш вядомых расейскіх экспэртаў Галіна Чурак, і пад узьдзеяньнем ейнай экскурсіі Лукашэнка прыйшоў да высновы, што расейскі рэалізм найлепшы ў сьвеце, і далучыцца да яго — абавязак кожнага грамадзяніна Беларусі. Але няма ніякай гарантыі, што ўжо празь дзень прыярытэты кіраўніка дзяржавы будуць зусім іншыя.