Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КУДРЫЧЫ


Ягор Маёрчык, Кудрычы

(Махнавец: ) “Некалі нам зямлі не давалі, дзе мы хацелі будавацца. А так, дзе была выспа, там і станавіліся. Капалі зямлю, а пасьля насыпалі тут гароды. Вось так і жывем. Такія лодкі былі, што ставілі трох коней і везьлі іх на поле. Сядзіш у лодцы. Лодка плыве, а я сабе сьпяваю”.

Калі Алена Махнавец кажа “мы”, яна мае на ўвазе сваіх далёкіх продкаў. Вёсцы Кудрычы, што ў Пінскім раёне, больш за тысячу гадоў. Увесь гэты час людзі жывуць на выспах.

(Карэспандэнт: ) “А поле дзе было?”

(Махнавец: ) “Сем кілямэтраў ад нас”.

(Карэспандэнт: ) “А поле таксама на высьпе было?”

(Махнавец: ) “Так. На высьпе. Вада не лавіла поля. А навокал — скрозь вада была”.

(Карэспандэнт: ) “А могілкі як?”

(Махнавец: ) “А могілкі таксама на высьпе. Такі час прыйшоў, што зайду ў лодку й баюся зараз у лодцы ехаць. Магу ўжо й выпасьці”.

Апошнім часам вада ў міжрэччы Ясельды й Прыпяці ўпала. І цяпер выспы злучаюцца хісткімі масткамі.

Навакольныя кілямэтры непраходных былотаў у свой час вырашылі не асушаць. Зрабілі тут заказьнік. Дзьве ракі й затокі, якія падыходзілі да кожнай хаты, заўсёды аж віравалі ад рыбы. У тутэйшага насельніцтва яна была асноўнай стравай на стале. Так было. А цяпер рыбнагляд штрафуе вяскоўцаў, калі заўважыць луску на дне чоўна ці адзеньні.

Палешукі будуць вас доўга пераконваць, што не займаюцца рыбалоўствам. Звычайна вымаўляецца такое ў сваёй хаце, сьцены якой увешаныя рыбалоўскімі сеткамі. Адзіны, хто не хавае свайго занятку, — гэта Цімафей Муга.

(Муга: ) “Прыяжджае старшыня райвыканкаму й кажа: “Муга, мо ў цябе рыба ёсьць?” Кажу: “У мяне рыбы няма, алё есьць хлопцы”. “Я еду ў Качановічы, каб за гэты час мне была рыба!” Я заходжу да таварыша, кажу: “Вадзім, старшыня прасіў рыбы”. Гэты хлопец прыводзіць яму рыбу. Як напаў гэты старшыня на тую рыбу! Няўжо ён быў такі галодны? “Можа даш капейку нам?” А ён яшчэ восем мільёнаў штрафу даў!”

Цывілізацыя прыйшла ў Кудрычы колькі год таму, калі сюды насыпалі тупіковую дарогу. І цяпер веславаньне за 30 кілямэтраў у Пінск па хлеб зьмянілася чаканьнем аўталаўкі.

(Муга: ) “Раней хлеб добра вазілі. А цяпер з хлебам пагана. На ўвесь раён адна машына. Прыйдам да аўталаўкі да гадзіны. Людзі зьбяруцца. Чакаюць-чакаюць-чакаюць-чакаюць... Сядзім-сядзім, а яна прыходзіць у пяць гадзінаў”.

(Карэспандэнт: ) “А што добрага ёсьць ў вашым жыцьці?”

(Муга: ) “Мне горад сьмярдзіць! Я жыву прыпяваючы! Працую, купаюся. І ня кашляю! Праз дзень — бутэльку гарэлкі! Абавязкова! Але вось што я не палю, дык не палю!”

(Карэспандэнт: ) “Я таксама”.

(Муга: ) “А гарэлку п’еш?”

(Карэспандэнт: ) “Не!”

(Муга: ) “Э-э-э! Калекай будзеш! Гэта ўжо чалавек паганы, калі гарэлку ня п’е!”

У Кудрычах, як у далёкай Індыі, драўніна — рэч дарага й рэдкая. На балотах дрэвы не растуць. Каб паставіць хаты, камлі ў свой час цягнулі па багне дзясяткі кілямэтраў.

У сваіх печах вяскоўцы паляць лазу. Майсей Махнавец хоць і зьяўляецца старастам паселішча, але адкрыта наракае на афіцыйных ахоўнікаў прыроды.

(Махнавец: ) “Дроў трэба яшчэ пашукаць. У нас ідзе саманарыхтоўка дроваў: што пад руку трапляецца. Ахова прыроды ўжо не дае секчы лазу. Зловіць — аштрафуе. Толькі сухастой можна. Але дзе ж таго сухастою набярэш? Дае сельсавет даведку, едзеш за брыкетам. Ой-ёй! Як яны шкуру дзяруць! 120 тысячаў заплоціш, пакуль прывязеш яго з гораду. Унукі прыяжджаюць. Дзед, кажуць, ты — дурнаваты. Чаго ты ня едзеш у горад? Прадавай хату, і паехалі ў горад!”

Некалі цэнтрам Кудрычаў была выспа, на якой месьцілася царкоўка. Пасьля храм перарабілі ў сяльмаг. Яго зачынілі, а ў будынку завялася служба сацыяльных паслугаў. З 30-ці жыхароў вёскі за невялікім выключэньнем усім далёка да 70. Адна, маладзейшая, за невялікю плату глядзіць за аднавяскоўцам — прымае замовы для аўталаўкі, згатуе ежу нямоглым, а, як трэба, акажа тэрміновую мэдычную дапамогу.

Але адметнае ня ў гэтым. Ля ганку прыкручаная маленькая палічка. Побач тырчыць тэлефонная разэтка. Гэта — кудрыцкі таксафон.

Вольга Кісель — інвалідка. Прайсьці тры дзясяткі мэтраў да дому сацыяльных паслугаў — гэта сапраўдны подзьвіг для яе.

(Кісель: ) “Я — хворая жанчына. Думаю, як гэта туды дайсьці. А што мне з гэтага жыцьця, як я, даражэнькі, на двух палках хаджу? Телэфонаў можа тры ці чатыры ў Кудрычах ёсьць. А ва ўсіх няма, бо няма сродкаў на гэта. Як у каго ёсьць... ня ведаю, як яго назваць....”

(Карэспандэнт: ) “Апарат?”

(Кісель: ) “Во! Апарат! Прыходзяць з тым апаратчыкам у крамку, уключаюць ды й бавяць у горад. Як жа я магу зрабіць у сябе тэлефон, калі мне даюць 70 тысячаў?”

(Карэспандэнт: ) “Якія ёсьць праблемы?”

(Кісель: ) “Усю добра! Вось толькі гэтая п’янка крыху перашкаджае. Працы няма ніякай гэтым малады. Яны й п’юць! Нежанатых у нас хлопцаў штук, мусіць, пяць. І блукаюцца адзін да аднаго”.

(Карэспандэнт: ) “Ну, пажанілі бы іх. Можа лепей бы стала”.

(Кісель: ) “А хто ж іх пажэніць, як яны ня хочуць жаніцца? Ня хочуць! Ім не падабаецца. Ды й дзевак няма ў вёсцы: усе ў горадзе. Вось такое ў нас жыцьцё”.

(Карэспандэнт: ) “Добра. Дзякуй вам вялікі”.

(Кісель: ) “Да дзякуй вам, што зайшлі, што вы мяне не кінулі!”

Калгас-нябожчык, аўталаўка са спазьненьнем, гульня ў хованкі з рыбнаглядам, падпольная нарыхтоўка лазы й кудрыцкі таксафон — усё гэта не азмрочвае жыцьцё вяскоўцаў. У адказ на запыты пра камфорт, яны ўсьміхаюцца й толькі вымаўляюць два словы — “ужо прыстасаваліся”.

Да ўладаў ставяцца стрымана. Добрага ад іх тут ніхто ня мае. А дзядзька Міша яшчэ й удзячны за тое, што жыць не перашкаджаюць.

(Міша: ) “Ніякіх праблемаў няма. Жыві ды атрымлівай асалоду. Раней трэжба было плаціць падаткі, здаваць маладо ды курыныя яйкі, а цяпер нічога не патрэбна. Тут людзі жывуць добра: ёсьць сала, масла, малако, яйкі — усё ў людзей ёсьць. Так што наракаць няма чаго. Свабода поўная! Дык дзе ж тая Амэрыка? Далёка ім да такога жыцьця. Няма сумневу!”

(Карэспандэнт: ) “А ўлады пра вас неяк клапоцяцца?”

(Міша: ) “Як яны будуць клапаціцца? Безуладзьдзе! Прывязіце ўчастковага нашага й старшыню… Людзі іх у твар ня ведаюць. Яны сядзяць там і толькі грошы атрымліваюць. Вось гэта я кажу, як ёсьць”.

(Карэспандэнт: ) “А калі тут апошнім разам старшыня калгасу быў?”

(Міша: ) “Гады чатыры таму, а мо й пяць”.

(Карэспандэнт: ) “Выбары былі. Да вас можа кандыдаты прыяжджалі?”

(Міша: ) “Навошта гэтая лухта — дэпутаты? Ну, што ён зробіць? Навошта іх выбіраць? Гэта непатрэбная справа!”

А яшчэ ў Кудрычах жыве сапраўдная знахарка. Пра бабу Вольгу кажуць, што яна можа паглядзець на чалавека і адразу сказаць, на што ён пакутуе. Пляткараць, што такі талент перадаў ёй у спадчыну бацька, які вывучыўся гэтаму ў трансыльванскім палоне часам першай усясьветнай вайны.

Каб атрымаць пацьверджаньне гісторыі сваіх хваробаў, я без папярэджаньня наведаў бабу Вольгу. Жыве яна ў старой хаце зь земляной падлогай. Столь не высокая. У сутарэньнях сучасных гарадзкіх панэльных дамоў, разагнуцца можна болей, чым у ейным адзіным пакоі.

Угледзеўся й расчараваўся, бо катла, у якім паводле канонаў жанру мусіць варыцца знахарскае зельле, я так і не заўважыў.

(Карэспандэнт: ) “Кажуць, што вы — знахарка. Ці праўда?”

(Вольга: ) “Я Божай малітваю памалюся. Айца й сына й Сьвятога духа — Амінь! А як Гасподзь Божую малітву прымае, няхай дапамагае. Хай буду і знахарка. А якія за гэта грошы? Хто прынясе хлеба, хто батона, хто цукерак. Пасьля людзі пойдуць і яшчэ каго прывядуць. З хаты ж ня выганіш. Вось і вы прыйшлі... Сказаць: “Чаго ты прыйшоў?” Гэта ж няёмка!”

(Карэспандэнт: ) “У вас тут ані тэлевізара няма, ані радыё. Адкуль вы навіны пра жыцьцё даведваецеся?”

(Вольга: ) “Вы што раскажаце, паслухаю, дзядьзка які раскажа, паслухаю. Як здужаю, выйду да суседа, мы пагамонім. А больш навінаў нам і не патрэбна! Як меней навінаў слухаю, буду дужэйшая!! Расказвайце свае навіны”.

(Карэспандэнт: ) “Ну, давайце: у Беларусі ўсё па-старому. Ведаеце, які зараз прэзыдэнт?”

(Вольга: ) “Кажуць, што Лукашэнка”.

(Карэспандэнт: ) “Такая навіна: вялікая квартплата, вельмі шмат трэба плаціць за камунальныя паслугі. Можа, пра вайну якую ведаеце?”

(Вольга: ) “Вайна ў Чачні ідзе”.

Калоды бортнікаў, хмызьняковыя стрэхі хатаў, драўляныя замкі з пазамінулага стагодзьдзя й земляныя падлогі — уся гэтая прыгажосьць на выспах сярод Пінскіх балотаў раней ці пазьней зьнікне. Штогод насельніцтва памяншаецца на колькі чалавек. Праўда ёсьць небясьпека, што дарога й цывілізацыя даб’юць Кудрычы хутчэй, бо акрамя аўталаўкі яны прывозяць сюды браканьераў і злодзеяў.

Аднак тутэйшае насельніцтва задаволенае становішчам, у якім апынулася. Людзі нарэшце сталі на сваіх выспах гаспадарамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG