Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІЯ ПАКАЗЧЫКІ КРЫВЯНОГА ЦІСКУ МОЖНА ЛІЧЫЦЬ НЕБЯСЬПЕЧНЫМІ?


Кастусь Бандарук, Прага

Лекараў пераважна хвалюе крывяны ціск ад 140/90, аднак згодна з новым падыходам, небясьпека хваробы сэрца зьяўляецца ўжо тады, калі крывяны ціск 115/75. Паводле Амэрыканскага інстытуту сэрца, лёгкіх і крыві, а таксама Амэрыканскага таварыства сэрца, пацыенты павінны распачаць фізычныя практыкаваньні й перайсьці на адпаведную дыету, калі крывяны ціск дасягае ў іх адзнакі 120/80.

“Вышэйшы ціск азначае паДвышаную рызыку інфаркту, пашкоджаньня сэрца, інсульту і хваробы нырак”, – гаворыцца ў справаздачы, апублікаванай у “Журнале Амэрыканскай мэдычнай асацыяцыі”. “Дагэтуль меркавася, што ціск меншы за 140/90 – цалкам у парадку”, –адзначае прадстаўнік Асацыяцыі і суаўтар публікацыі Дэніэл Джонз з Унівэрсытэту Місысыпі.

Гіпэртанію маюць 1 мільярд людзей у сьвеце, у тым ліку 50 мільёнаў амэрыканцаў. У Злучаных Штатах толькі 34% людзей з падвышаным ціскам трымаюць яго пад кантролем. Дагэтуль лічылася, што другая, меншая лічба ў паказчыку ціску крыві – больш важная, аднак згодна з новым дасьледаваньнем, у мужчынаў і жанчын пасьля 50 гадоў першая лічба ў большай ступені сьведчыць аб верагоднасьці хваробы сэрца.

Ёсьць у згаданай справаздачы некаторыя спрэчныя рэкамэндацыі. Згодна зь леташнім дасьледаваньнем, праведзеным пад эгідай Інстытуту сэрца, мачагонныя прэпараты (тыя, што зьніжаюць крывяны ціск і абязводжваюць кроў) прадухіляюць падвышэньне крывянога ціску гэтак, як і найноўшыя лекі. Аднак некаторыя лекары ня згодныя з такімі высновамі дасьледаваньня.

З другога боку, у рэкамэндацыях, якія падтрымала шырокая кааліцыя экспэртаў, гаворыцца, што мачагонныя прэпараты павінны ўжывацца толькі як фармакалягічнае лячэньне нескладаных выпадкаў гіпэртаніі, пры гэтым з дадаткам іншых лекаў. Пацыенты з высокім крывяным ціскам хутчэй за ўсё павінны пачаць прымаць ангіятэнзін, гамавальны энзым, або рэцэптар Эй-Сі-Эй. Праўдападобна, большасьць пацыентаў будзе патрабаваць два або болей лекаў, гаворыцца ў справаздачы.

Дасьледаваньні, якія прывялі да публікацыі гэтага дакумэнту, пярэчаць высновам, да якіх прыйшлі іншыя навукоўцы і апублікавалі іх на старонках “Журналу Гіпэртаніі”. Галоўны рэдактар часопісу Лорэнс Рэсьнік з Карнэльскага Ўнівэрсытэту кажа, што рэкамэндаваць мачагонныя прэпараты як асноўны варыянт для ўсіх пацыентаў з падвышаным крывяным ціскам-неразумна.

У кожным разе, у сіле застаецца рэкамэндацыя, што крывяны ціск, які дагэтуль лічыўся невысокім, павінен насьцярожваць і падлягае лячэньню.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG