У панядзелак гандляры рынку “Байкальскі” разам зь лідэрамі прадпрымальніцкага руху “Прыватная ўласнасьць” зьбіраліся прыйсьці да Менгарвыканкаму і пракуратуры краіны, каб перадаць лісты з патрабаваньнем спыніць незаконныя дзеяньні адміністрацыі Заводзкага раёну. Яны пратэстуюць супраць спробаў раённых уладаў датэрмінова зачыніць іхны кірмаш. З-за гэтага напрыканцы мінулага тыдня на “Байкальскім” адбыўся стыхійны страйк. Выпадак нечуваны, але мясцовыя чыноўнікі адрэагавалі амаль імгненна — кажа лідэрка прафсаюзу “Байкальскага” Тамара Чахоўская:
(Чахоўская: ) “Гэта ўвогуле не падобна на кіраўніцтва выканкаму: прыбыла камісія, каб мы толькі не арганізоўвалі ніякай сустрэчы ў Менгарвыканкаме, бо пытаньне, нібыта, вырашаецца на нашую карысьць. Сталі запалохваць лёсам Малахава, маўляў, ён толькі што выйшаў з пастарунку, і калі вы пойдзеце за ім, то пацерпіце гэтак сама. Натуральна, мы баімся, мы ня верым, але 3–4 дні гатовыя пацярпець”.
Пацьвердзіць праўдзівасьць сваіх абяцаньняў ніводзін з чыноўнікаў адміністрацыі Заводзкага раёну не адважыўся. Вось што сказала загадчыца гандлёвага адзьдзелу Натальля Цыганова:
(Цыганова: ) “Я не кампэтэнтная даваць нейкія інтэрвію. Інтэрвію мне трэба ўзгадняць з кіраўніком адміністрацыі, які непасрэдна кантралюе гэтыя пытаньні”.
Паводле лідэра “Прыватнай уласнасьці” Леаніда Малахава, запалохваньні з боку чыноўнікаў, нежаданьне трымаць адказнасьць сьведчыць пра тое, што гэтым разам мясцовыя “эртыкальнікі й самі напалохаліся рашучасьці гандлярак “Байкальскага”:
(Малахаў: ) “Чыноўнікі раённай адміністрацыі спужаліся таго, што магло адбыцца сёньня раніцай. Яны ўвогуле баяцца публічных выступаў прадпрымальнікаў. Бальшыня прадпрымальнікаў — жанчыны. А жанчыны — тая рашучая сіла, якая ёсьць у нашым грамадзтве. Яны могуць многае зрабіць у прадпрымальніцтве”.
Пацьверджаньнем гэтых словаў ёсьць факт яшчэ адной саступкі адміністрацыі Заводзкага раёну. Гэта дазволіла гандлярам яшчэ аднаго кірмашу — “Трактар” — працаваць у адпаведнасьці з дамоваю да 1 верасьня. Чыноўнікі таксама зьбіраліся зачыніць кірмаш датэрмінова, але гандляры разам зь лідэрамі прафсаюзнага руху “Пэрспэктыва” адстаялі свае правы. Гаворыць лідэр “Пэрспэктывы” Анатоль Шумчанка.
(Шумчанка: ) “Гэта паказальны прыклад, што нават у гэтай сыстэме і з гэтай уладай можна змагацца. Беларусі неабходна не гаварыльня, а практычная дзейнасьць, тады мы штосьці ў гэтай краіне зьменім”.
Перамовы паміж адміністрацыяй Заводзкага раёну й прадпрымальнікамі кірмашу “Байкальскі” распачнуцца 23 траўня.