Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНТ ПОЛЬШЧЫ ПРАЙГРАЎ СПРАВУ СУПРАЦЬ ЖУРНАЛІСТАЎ ГАЗЭТЫ “ŻYCIE”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У 1997 годзе штодзёньнік “Życie” зьмясьціў артыкул, у якім паведамлялася, што Аляксандар Квасьнеўскі тры гады таму правёў свой адпачынак у адным месцы з афіцэрам выведкі Савецкага Саюзу, а потым Расеі Ўладзімерам Алганавым.

Абураны прэзыдэнт зьвярнуўся са скарай супраць журналістаў газэты ў суд і спачатку перамог. Прадстаўнікі Квасьнеўскага давялі, што ў той час, пра які піша “Życie”, будучы прэзыдэнт знаходзіўся ў іншым горадзе, хаця сапраўды меў выкуплены пакой у тым самым месцы, што і расейскі шпіён.

Суд другой інстанцыі – ці, як ён завецца ў Польшчы, Апэляцыйны суд – таксама стаў на бок Аляксандра Квасьнеўскага і прысудзіў газэце перапрасіць прэзыдэнта і выплаціць 2,5 мільёну злотых (гэта каля 600 тысяч даляраў) штрафу, якія штодзёньнік мусіў пералічыць на карысьць ахвяраў паводкі.

Журналісты “Życiе” аднак абскардзілі гэтае рашэньне ў Вярхоўным судзе і выйгралі. Падчас працэсу суд высьветліў, што журналісты, якія працавалі над артыкулам, зрабілі ўсё магчымае, каб як мага больш дакладна спраўдзіць усе факты, што датычылі публікацыі, але некаторыя фармулёўкі ўжо ў самім тэксьце былі неахайныя.

Паводле Вярхоўнага суду, суд ніжэйшай інстанцыі будзе вымушаны пераглядаць справу, Бо, як вырашылі судзьдзі, журналісты ня мусяць адказваць за зьнявагу той ці іншай публічнай асобы, калі ў часе журналісцкага дасьледаваньня яны старанна зьбіралі факты й сумленна спрабавалі дамагчыся праўды.

У хуткім часе працэс пачнецца зноўку ў Апэляцыйным судзе, але ўжо цяпер журналісты штодзёньніка “Życie” кажуць, што ў Польшчы зроблены вялікі крок да забесьпячэньня свабоды слова.

“Гэты прысуд ёсьць істотным перадусім для будучыні сродкаў масавай інфармацыі ў Польшчы і мусіць заахвоціць журналістаў да пошукаў праўды пра жыцьцё публічных асобаў і асабліва палітыкаў”, – сказаў Томаш Волэк, былы галоўны рэдактар “Życiе”.

Варта адзначыць, што прэзыдэнт Квасьнеўскі за ўласныя сродкі наймаў адваката, каб судзіцца з журналістамі, а не выкарыстоўваў для гэтага дзяржаўныя органы – прыкладам, пракуратуру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG