Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ДУРНІЦА” НА ВЁСЦЫ, АБО ЛЁС ЗБАНКРУТАВАНЫХ СЕЛЬГАСГАСПАДАРАК

Аляксандар Уліцёнак, Менск

Адразу статыстыка. На пачатку вясны 67% з крыху больш чым дзьвюх тысячаў гаспадарак краіны фігуравалі ў ліку затратных. Крэдыторская запазычанасьць вёскі перавысіла дэбіторскую ў 12 разоў і склала ажно 700 мільярдаў рублёў. Гэта — прысуд галоўнаму аграстратэгу Беларусі. Аднак для бальшыні людзей такая бугальтэрыя мала пра што кажа. Каб зразумець, чым адгукаецца яны ў жыцьці, паслухаем загадчыцу фэрмы калгасу “Камсамолец” Пухавіцкага раёну Соф’ю Кадун. Пытаюся, колькі і як атрымліваюць людзі ва ўмовах разваленай эканомікі?

(Кадун: ) “У студзені — за сьнежань-месяц. А за студзень яшчэ не атрымлівалі. І за сакавік, і за красавік… Спытаем — адказваюць, што няма. Няма ў калгасе грошай! А ў чым справа — хто яго ведае?.. Адкуль што бярэцца?.. Гавораць, што дагэтуль былі два старшыні калгасу, дык яны “ўгробілі” калгас. Расьцягнулі… На выжываньне пакінулі”.

Вось яно — заканчэньне “дурніцы” па Лукашэнку. Толькі паўстае лягічнае пытаньне: а хіба ў заняпадзе таго ж “Камсамольца” вінаватая Соф’я Кадун зь яе даяркамі ды іхнымі мужыкамі-мэханізатарамі? У пэўнай ступені — магчыма і яны. Аднак найперш і галоўным чынам за развал адказвае раённая “вэртыкаль”, якая дасылала сюды кіраўнікоў-злодзеяў ды спэцыялістаў-няўмек, зусім ня раячыся з калгасьнікамі. Кадравы правал абярнуўся банкруцтвам гаспадаркі, разьлічвацца за што вымушаюць, аднак, шарагоўцаў. Гэтую тыповую для Беларусі карціну прэзыдэнт Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў краіны Аляксандар Ярашук камэнтуе наступным чынам:

(Ярашук: ) “Атрымліваецца як у расейскім прыслоўі: “поматросили и бросили”. Няма сэнсу зараз разважаць наконт таго, колькі сёньня гаспадарак могуць яшчэ канцы з канцамі зводзіць... Кожны, абсалютна кожны скажа: наперадзе ніякага прасьвету няма”!

Спадара Ярашука дапаўняе загадчыца калгаснага складу “Камсамольца” Ала Лук’янец…

(Лук’янец: ) “Я мяркую, што хутка ў Беларусі будзе галодны бунт. Пэрспэктывы няма”.

Пра што й казаць, калі ў “Камсамольцы” чарговы новы старшыня жыве ажно за сорак кілямэтраў ад цэнтральнай сядзібы. Хай даруюць мне аднавяскоўцы, аднак і за савецкім часам — зь яго жорсткім кантролем за ўсімі й кожным — людзі цягнулі з калгасу хто што мог. Ну а калі гаспадарскае вока так далёка, дык хочаце вы таго ці не, аднак раскрадуць і прап’юць дарэшты ўсё, што яшчэ нейкім цудам ацалела. Бо людзям жа трэба хоць неяк жыць, а больш дакладна — выжываць?! Вось такая рэформа... Пра яе ды ейнага бацьку–Лукашэнку спадарыня Кадун кажа:

(Кадун: ) “А што ён? Ён глядзіць багатыя калгасы. А бедныя як апусьціліся, дык і падымайцеся самі, як хочаце. Я й сёньня чула, як ён казаў: хто моцны, таму дапамога будзе. А хто слабенькі, той сам няхай выкараскваецца. Не, няправільна гэта! Далёка гэта няправільна”.

Аднак на паперы рэформа гаспадарак-беднякоў рэалізуецца — ну, проста бліскуча, у поўнай адпаведнасьці з найвышэйшымі ўказаньнямі. Так, паводле зьвестак намесьніка старшыні Гомельскага аблсяльгасхарчу Рыгора Аніскаўца, у рэгіёне завяршаецца рэарганізацыя калгасаў. У вытворчыя сельскагаспадарчыя каапэратывы ператворана ўжо 107 былых калектыўных гаспадарак. Да пачатку ліпеня такім жа чынам мусяць быць зарганізаваныя астатнія 85 калгасаў. Яшчэ 40 калгасаў і 32 саўгасы далучаныя ў апошнія гады да сяльгасхіміяў, заводаў, перапрацоўчых прадпрыемстваў. Што гэта — ілюстрацыя старога лёзунгу: “Пляны партыі — пляны народа!”? Не, Аляксандар Ярашук сьцьвярджае: такая рэформа — антынародная ў сваёй сутнасьці…

(Ярашук: ) “Калі будзе, як і сёньня — усё вырашацца і ўсё кіравацца з аднаго агульнага цэнтру, са сталіцы, калі будзе функцыянаваць камандна-адміністрацыйная сыстэма, то, выбачайце, я ня ведаю таго чараўніка, які ва ўмовах жорсткага дыктату дзяржавы можа весьці гаворку пра тое, што гэта будзе рэфармаваная сельская гаспадарка. Можа весьці гутарку пра тое, што гэта будзе эфэктыўная сельская гаспадарка”.

Уласна кажучы, цяперашняя нібыта рэформа сельскагаспадарчых аўтсайдэраў ёсьць няўклюдны паўтор ужо вынайдзенага пры савецкай уладзе. Вось прыклад гэткай рэінкарнацыі айчыннага бюракратызму, зацыкленага на жаданьні якім заўгодна коштам зьберагчы калгасную сыстэму ў яе першапачатковым выглядзе.

Калгасы “імя Някрасава” і “Перамога” — суседнія гаспадаркі ў Бабруйскім раёне. Сёлета яны былі рэфармаваныя самым распаўсюджаным у Магілёўскай вобласьці чынам — іх папросту аб’ядналі. Іронія лёсу, прыкольны парадокс у тым, што ў пачатку 80-х гадоў “някрасаўцаў” ды “пераможцаў” ужо аб’ядноўвалі зь іншымі, але нічога з таго ня выйшла, і ўсё вярнулася да ранейшага. І вось новыя старыя крокі да, нібыта, выратаваньня. Гэткі няспынны чыноўніцкі клопат пра вяскоўцаў нагадвае гісторыю з той коткай, якой быццам бы са шкадобы хвост адразалі па часткам... Чарговае рэфармаваньне па-бабруйску, лічыць старшыня новастворанай гаспадаркі Леанід Калінаў, адбылося запозна. Тым ня менш ён мяркуе, што аб’яднаньне патрэбнае — у сувязі зь цяжкімі часінамі:

(Калінаў: ) “Калі аб’яднаць два калгасы ў адное месца, то гэта большыя магутнасьці. Таму што людзкія рэсурсы таксама вычэрпваюцца, а калі аб’яднаць высілкі, то можна нешта зрабіць. А адному ўжо будзе цяжка прарывацца”.

Людзі ў Плёсах — гэта цэнтар аб’яднанай гаспадаркі “Перамога” — паставіліся да рэфармаваньня без энтузыязму…

(Спадар: ) “Ну, як вам сказаць? Лягчэй ад гэтага не бывае. Калі адзін калгас быў, то лягчэй было, а зараз сумесны, і зараз больш цяжкасьцяў маем”.

Як і на Меншчыне, тут таксама ў сялян ніхто не пытаецца іхнага меркаваньня. Ёсьць рашэньне зьверху — гэтак званае рэфармаваньне й адбываецца.

(Спадар: ) “А што людзі? Трэба было. Адзін чорт, мы б ужо нічога не зрабілі. Вырашылі аб’яднаць — значыць, усё”.

Гэта не арыгінальная лёгіка здорава нагадвае клясыка, памятаеце: “хоть на убой, но пусть ведут!” Такі ўжо мэнталітэт... Аднак слухаем далей…

(Спадарыня: ) “А што людзі? Тутака райвыканкам усё вырашыў, а ня людзі. Тутака ўсё вырашае райвыканкам”.

Я ж кажу: такі мэнталітэт! Аднак паступова прыходзіць і разуменьне сытуацыі:

(Спадар: ) “Карацей, у нас існуе дыктатарскі рэжым. Усё, больш нічога няма”.

Лес рубяць — трэскі ляцяць... Да ўлады прэтэнзіяў шмат, і найчасьцей абгрунтаваных. Аднак у такой справе пазьбегнуць памылак, крыўдаў немагчыма. Адзначым дзеля аб’ектыўнасьці, што гэта яскрава прадэманстравала і раскалектывізацыя ва Ўкраіне, у Літве. Разважае спадар Ярашук…

(Ярашук: ) “Дзе дзеляць — там няма справядлівасьці! Не атрымалася гэта, дарэчы, і ў той жа самай Нямеччыне, і ў Літве — нідзе не атрымалася. Але, паўтару яшчэ адзін раз, з усіх варыянтаў мы выбралі для сябе самы цяжкі. Таму што ўсялякі раз мае месца спроба штосьці зрабіць, нічога ня робячы. І, на вялікі жаль, так да гэтага часу і не прыйшло ўсьведамленьне: да той пары ня можа быць размовы ні пра якое сапраўднае рэфармаваньне, калі ня даць сельскаму гаспадру эканамічную самастойнасьць, калі не зрабіць яго ўласьнікам. Усё астатняе будзе толькі зьменаю чарговае шыльды”.

Між іншым, гэты фігуральны выраз на справе абыходзіцца рэфармаваным, з дазволу сказаць, беларускім сельскім гаспадаркам у добрую капейчыну. Замена назваў, блянкаў, пячатак пры ўзбуйненьні-раздрабненьні вылятае ажно ў 100 мільярдаў рублёў. А калгасьнікам кажуць, што хопіць жыць “на дурніцу”… Бяда, аднак, у самападмане ўлады: нібыта тое, што сёньня робіцца, і ёсьць рэформа. Унізе халастыя абароты машыны “вэртыкалі” бачаць. Вось што кажа галоўны эканаміст новастворанай гаспадаркі “Івакі” Добрушскага раёну Галіна Ларукова.

(Ларукова: ) “Рэфармаваньне гэта, я лічу, проста зьмена шыльды. Калі мянялі, у нас зрабілі камунальнае прадпрыемства. У некаторых — каапэратывы. Мінсяльгас сам ня ведае, як выбрацца з такога становішча, таму прапанавалі гаспадаркам дзесяць “мадэляў”. Маўляў, выбірайце самі і выплывайце, як хочаце. Калі б мы ведалі выйсьце, мы б даўно гэта зрабілі”.

Спадарыню Ларукову дапаўняе эканаміст Мікалай Замарэеў з КСУП “Жгунскае” таго ж Добрушскага раёну:

(Замарэеў: ) “Трэба, як раней зрабіць: літар малака — літар бэнзыну. Кошт у іх роўны. Гэта выйсьце! Іншага выйсьця ня будзе. Няхай сабе яны там вырашаюць: мадэлі — не мадэлі, каапэратывы, КСУПы, але выратуе толькі гэта. Тады чалавек будзе зацікаўлены болей здаць прадукцыі, бо болей атрымае грошай”.

Незалежныя экспэрты ідуць далей, спасылаюцца на досьвед суседзяў. У Расеі, напрыклад, лічаць, што права на жыцьцё маюць самыя розныя формы, у тым ліку й прыватныя, абы толькі вёска разьвівалася, была эканамічна эфэктыўная, не “даіла” дзяржаву. І за чатыры апошнія гады валавая вытворчасьць сяльгаспрадукцыі вырасла там на 22%, што рэальна заўважна і на беларускіх прылаўках. Яшчэ далей і куды больш рашуча пакрочыла ўкраінская вёска. Адразу пасьля перавыбараў 2000 году прэзыдэнт Кучма хіба ці ня першым сваім указам зьліквідаваў калгасы, зямлю там падзялілі на паі бяз права продажу. Што да тэхнікі, дык яе фактычна раскралі яшчэ да рэформы — прыблізна тое ж адбываецца зь сеялкамі-веялкамі сёньня ў Беларусі.

Між іншым, ужо першай некалгаснай вясною Ўкраіна ўдвая зьменшыла выдаткі на пасяўную кампанію. Няблага ідуць там справы й цяпер. Як расказваў мой сябар, у ягонай — Хмяльніцкай — вобласьці сёньня назіраецца перавытворчасьць прадукцыі. А колькі год таму на сьвяты вазіў туды ваўкавыскія ды слуцкія кілбасы... Зараз жа там адборная сьвініна, напрыклад, каштуе менш даляра. Параўнайце зь беларускімі коштамі! Дык куды мусіць ісьці Беларусь з улікам суседскага досьведу і ўласных памылак? Слова — спадару Ярашуку…

(Ярашук: ) “Перагіналі палку з розных прычынаў падчас рэфармаваньня і расейцы, і ўкраінцы, і літоўцы. Літоўцы, напэўна, маглі б найбольш эфэктыўна гэта ўсё зрабіць, каб не існаваў вельмі моцны зуд адным махам разабрацца, што называецца, з “праклятымі калгасамі” — тым самым яны перакрэсьлілі буйную сельскую гаспадарку. Я заходжу з таго, што мы мелі ўсе падставы зрабіць рэформу так, як у былой ГДР: зьберагчы буйную сельскую гаспадарку, але пры гэтым зрабіць яе прыватнай”.

Варта падкрэсьліць, што гэта — усяго адно зь меркаваньняў тых спэцыялістаў, якія катэгарычна не прымаюць курс афіцыйных беларускіх аграрэфарматараў. І я вылучаю яго сярод астатніх таму толькі, што пазыцыя спадара Ярашука ў стратэгічным стаўленьні да буйных сельскагаспадарчых формаў у нечым падобная да сёньняшняй дзяржаўнай — вось паслухайце. Але ўважліва, адчуйце розьніцу:

(Ярашук: ) “Самая вышэйшая ўлада — і ніхто іншы — мусіць сказаць: вось дата, да 1 сьнежня існуюць калгасы, а пасьля першага можна десяць ці дваццаць мадэляў прапанаваць для сельскіх гаспадарак, нават урэшце рэшт адну — хай будзе калгас... Але ў гэтым калгасе усе, пачынаючы ад пэнсіянэра, мусяць мець свой асабісты кавалак маёмасьці і, пажадана, зямлі таксама”.

Адчулі розьніцу? Як усё добра знаёма, памятаеце: “купіць зямлі, прыдбаць свой кут...” Калі ў далёкія часы НЭПу ў БССР гэта дазволілі, спажываньне мяса ў 1927 годзе ў параўнаньні 1921-м узрасло ў 16 разоў, яек — у 15. Такім чынам, у беларусаў ёсьць і ўласны досьвед, ён застаўся ў геннай памяці народу. Вось што кажа 17-гадовы трактарыст з Добруша Міхаіл Арлянкін:

(Арлянкін: ) “Калі б мне далі тэхніку, узяў бы гектараў 200 зямлі. А чаму б не працаваць?! Што б зямля была ў прыватнай уласнасьці. Каб маглі яе людзі купіць, прадаць. Напрыклад, я купіў 10 гектараў зямлі — яны мае. Ніхто ў мяне ня можа і адабраць. Ні дзяржава, ніхто!..”

Дык чаму ўласны нэпаўскі досьвед застаецца незапатрабаваным? Бо, каб да яго вярнуцца, аднаго жаданьня грамадзтва мала. Патрэбна яшчэ й палітычная воля дзяржавы. А хіба яе дачакацца, калі ўлада выдатна разумее: эканамічная самастойнасьць — маці волі. Вось трохмільённую беларускую вёску й дураць. Таму й дурніца тая на вёсцы не закончыцца так хутка, як было абяцана Лукашэнкам... Памятаеце, колькі чакаюць абяцанку-цацанку? Тое і яно: дажывем да выбараў. Якраз тры гады засталося...
XS
SM
MD
LG