“Тры пятыя”: Лёс збанкрутаваных сельгасгаспадарак. 17 траўня
Нядаўна Лукашэнка папярэдзіў вяскоўцаў: “Усё, мужыкі, — дурніца скончылася!” Меўся на ўвазе лёс затратных калгасаў і саўгасаў. 600 самых збанкрутаваных падлягаюць рэарганізацыі, аж да тэрміновага расфармаваньня. Чарговая перадача з сэрыі пра жыцьцё рэгіёнаў “Тры пятыя” расказвае, як адбываецца той добра знаёмы для ўладаў і такі драматычны для сялянаў працэс. Аўтар і вядучы перадачы Аляксандар Уліцёнак.
“Вольная студыя”. 18 траўня
На пачатку траўня ў Беларусі пачала выходзіць “Краязнаўчая газэта” — першы ў гісторыі тыднёвік для айчынных краязнаўцаў, заснаваны Беларускім фондам культуры. Папярэднікам газэты выдаўцы лічаць часопіс “Наш край”, які выдаваўся ў 20-я гады мінулага стагодзьдзя й гуртаваў вакол сябе больш за 10000 актыўных сяброў шматлікіх краязнаўчых таварыстваў. Каб суняць іхны імпэт, Савет Народных Камісараў БССР мусіў нават прыняць адпаведную пастанову, якая прадпісвала краязнаўцам дасьледаваць і паказваць найперш посьпехі сацыялістычнага будаўніцтва... Гутарку Міхася Скоблы з намесьнікам рэдактара новай “Краязнаўчай газэты” Генрыхам Далідовічам слухайце ў нядзельнай “Вольнай студыі”.
“Праскі акцэнт”. 18 траўня
У выніку рэфэрэндуму 1995 году ў Беларусі пад забарону трапілі нацыянальныя сымбалі – бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня. Статус беларускай мовы быў паніжаны да адной зь дзьвюх дзяржаўных. Усе наступныя гады ўлады настойліва спрабавалі вярнуць культурную сытуацыю ў рэчышча старой савецкай ідэалёгіі. Ці ўдаліся гэтыя спробы? Ці застаецца нацыянальная ідэя здабыткам толькі вузкага кола інтэлігенцыі й палітыкаў? Калі і пры якіх умовах беларуская мова ператворыцца з сымбалю супраціву ў нармальную зьяву? Свае думкі на гэты конт выказваюць у перадачы “Праскі акцэнт” па тэлефону зь Менску – філёзаф Валянцін Акудовіч, з Полацку – літаратар Алесь Аркуш, а ў Празе – аналітык, перакладчык Ян Максімюк. Вядзе перадачу Валянцін Тарас.
“Паштовая скрынка 111”. 18 траўня
У заўтрашняй праграме “Паштовая скрынка 111” вы пачуеце фрагмэнты лістоў, якія даслалі на Свабоду Леанід Малахоўскі зь Менску, Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сучакі Ваўкавыскага раёну, Анатоль Жэрдзеў з Гомеля, Васіль Мацкевіч зь Пінску і Юры Гіль зь Вільні.
У лістах, якія чытае і камэнтуе вядучы праграмы Валянцін Жданко, слухачы гэтым разам:
— разважаюць пра тое, чым адрозьніваецца цяперашняя беларуская эканоміка ад савецкай;
— выказваюць меркаваньні пра цэнзуру ў недзяржаўнай прэсе;
— распавядаюць пра праблемы апазыцыйных актывістаў у рэгіёнах;
— дзеляцца заўвагамі пра некаторыя праграмы Беларускай Свабоды.
Тэксты гэтых ды іншых перадач чытайце на сайце на наступным тыдні.