Ці стаў рэфэрэндум 1995 году паваротным момантам у найноўшай гісторыі Беларусі? Чаму беларусы тады прагаласавалі супраць нацыянальнай мовы й сымболікі? Які шлях прайшло беларускае грамадзтва за гэтыя восем гадоў?
Удзельнікі: рэдактар Інтэрнэт-сайту “Беларускія навіны” Аляксандар Класкоўскі й старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікола Статкевіч
(Цыганкоў: ) “14 траўня 1995 году ў Беларусі адбыўся рэфэрэндум, на які былі вынесеныя чатыры пытаньні — пра статус расейскай мовы роўны зь беларускай, пра зьмену дзяржаўнае сымболікі, пра эканамічную інтэграцыю з Расеяй і пра магчымасьць прэзыдэнта распускаць Вярхоўны Савет. Па ўсіх гэтых пытаньняў ініцыятар рэфэрэндуму — Аляксандар Лукашэнка — атрымаў падтрымку ад 70 да 80 працэнтаў тых, хто ўзяў удзел у рэфэрэндуме. Ці можна, на вашую думку, лічыць гэтую дату нейкім паваротным момантам у сучаснай гісторыі Беларусі, момантам, пасьля якога пачаўся адкат ад дэмакратыі і заканчэньне кароткага пэрыяду нацыянальнага адраджэньня?”
(Статкевіч: ) “Я ацэньваю гэтыя падзеі менавіта такім чынам.
Аднак трэба разумець тагачасныя матывы ўлады. Гэта было фармальнае зацьверджаньне курсу вяртаньня да СССР, апоры на прасавецкі электарат. Але таксама гэта было накіравана супраць БНФ, які тады быў асноўнай сілаю дэмакратычнай апазыцыі. У грамадзкай сьвядомасьці Фронт атасамляўся з трыма рэчамі — беларуская мова, нацыянальная сымболіка і антырасейскі курс. І пытаньні рэфэрэндуму менавіта так і былі сфармуляваныя”.
(Цыганкоў: ) “Такім чынам, у Лукашэнкі тады спалучыліся тактычныя — барацьба з БНФ — і стратэгічныя мэты. Ці можна ацэньваць вынікі таго рэфэрэндуму, як своеасаблівае пазбаўленьне ілюзіяў наконт тагачаснага стану грамадзкае думкі ў Беларусі?”
(Класкоўскі: ) “Хацеў бы працягнуць вашую думку пра вырашальны момант. Ёсьць выраз “момант ісьціны”, а гэта відаць, быў “момант антыісьціны”. Акрамя тактычных мэтаў, у Лукашэнкі была звышзадача — выпрабаваць мэханізм маніпуляваньня грамадзкай сьвядомасьцю. Нажаль, гэты экспэрымэнт удаўся, і пасьля гэтага Лукашэнка вельмі моцна паверыў у свае сілы.
Прыгадаю такі штрышок. Якраз тады ўвесну зьнялі рэдактара “Народнай газэты” Іосіфа Сярэдзіча. Калектыў рэдакцыі, дзе і я тады працаваў, дамогся ў той самы дзень сустрэчы з Лукашэнкам. Уявіце сабе — зараз бы на гарматны стрэл не падпусьцілі б да рэзыдэнцыі! Дзьве гадзіны ён імкнуўся пераканаць нас, мы — яго, і адчувалася, што Лукашэнка хваляваўся. Гэта быў яшчэ не цяперашні “цар, бог і воінскі начальнік”. І каб не тая перамога ў траўні 95-га, гісторыя Беларусі, магчыма, пайшла б іначай”.
(Цыганкоў: ) “Маніпуляцыяй грамадзкай думкі можна назваць і пытаньні рэфэрэндуму. Гучала пытаньне пра роўны статус моваў, а рэальна запанавала толькі расейская. Было сказана пра эканамічную інтэграцыю,а пачалася палітычная, на якую выбаршчыкі не давалі фармальна сваёй падтрымкі. Арганізатар рэфэрэндуму ў выніку падмануў выбаршчыкаў?”
(Статкевіч: ) “Гэта адыграла сваю ролю, але галоўнае ў іншым. У любым грамадзтве для бальшыні галоўнае — іхны эканамічны дабрабыт. А дзяржаўнасьць, сымболіка, культура — гэта справа мяншыні.
Таму бальшыня беларусаў галасавала паводле такой матывацыі: “вось прыйшоў новы лідэр, малады, энэргічны, мы верым яму — што ён вывядзе да лепшага жыцьця. Яму трэба для гэтага рэфэрэндум, і такія пытаньні. Дык давайце падтрымаем яго, бо мы яму верым. Мы самі тут не разьбіраемся, то давайце проста дапаможам гэтаму чалавека, каб ён зрабіў жыцьцё лепшым”. Думаю, што такая матывацыя была асноўнай у людзей.
Безумоўна, выкарыстоўваліся і адмоўныя хібы дастакова хуткай беларусізацыі. Былі праблемы ў бацькоў, якія не маглі дапамагчы сваім дзецям у школе, спазьнялася беларусізацыя ВНУ. Быў пералом пэўны, і была незадаволенасьць. І гэта таксама спрацавала.
Адмоўную ролю адыгралі і паводзіны самой апазыцыі БНФ. Радыкалізаваўшы сытуацыю з дапамогаю галадоўкі, апазыцыя ня здолела даказаць, што гэтыя сымбалі й мова нагэтулькі важныя для яе, што яна гатовая гэтую галадоўку працягваць. Бо галадаць можна й на пляцы Незалежнасьці, і ў офісе БНФ. І калі праз колькі тыдняў расейскае тэлебачаньне пакажа гэтых схуднелых людзей, што паміраюць ад голаду, то беларусы задумаліся б — “гэтая сымболіка, гэтая мова, мабыць, нешта важнае і значнае, калі людзі гатовыя за яе паміраць”. У галадоўкі не гуляюць! Калі вы на яе ідзяце, то падумайце, ці гатовыя вы памерці за мэты гэтае галадоўкі. Нездарма сацыёлягі зафіксавалі рэзкі ўздым папулярнасьці Лукашэнкі менавіта пасьля гэтай гісторыі”.
(Цыганкоў: ) “Калі зьвярнуць увагу менавіта на моўны аспэкт рэфэрэндуму, то можна ўзгадаць, як улада тады заспакойвала, што статус беларускае мовы ня зьменіцца, мова застанецца дзяржаўнай. Ці можна казаць зараз, што беларуская мова мае статус дзяржаўнай, што на ёй выконваюцца дакумэнты, што кожны чыноўнік ёю валодае?”
(Класкоўскі: ) “Натуральна, пытаньне рытарычнае. Мы ўсе ведаем гаротны, амаль катастрафічны стан мовы. Хаця нельга ўсе зводзіць да таго, што вось адбыўся рэфэрэндум і пасьля гэтага “ляснулася” мова — усё болей складана. Аднак у кожнай зьяве, нават нэгатыўна-шокавай, ёсьць свае станоўчыя бакі. Датуль апазыцыя была ў нейкім занадта рамантычным стане. Лукашэнка ўсё ж паказаў валоданьне палітычнымі тэхналёгіямі, няхай гэта было груба, як дубінай па галаве. Але гэта пакінула нейкую засечку ў апазыцыі, і пасьля гэтага пайшла гаворка пра палітычныя тэхналёгіі.
Што да масавай сьвядомасьці… У 1995-м была яшчэ моцная настальгія па савецкіх часах, па таннай каўбасе і гарэлцы. Сёньня ўжо няма гэтых ілюзіяў. Сам Лукашэнка пра гэта кажа, у яго ўжо рэфрэн: “денег нет и не будет”. Ён сам сябе загнаў у гэтую пастку, і цяпер ужо патэрналісцкія абяцанкі не працуюць, ён сам ад ніх адмаўляецца. Аднак разам з тым ён прыкаваў сябе, як раб да галеры, да тых лёзунгаў і сымболікі. А гэтая галера ўжо патанае”.
(Цыганкоў: ) “Ці можна сказаць, што пачаты ў 1995-м годзе этап — рэсаветызацыі, застою — заканчаваецца, прынамсі ў грамадзкай думцы? Ці ёсьць у вас адчуваньне, што беларусы пачынаюць дасьпяваць да нейкіх пераменаў, пра што сьведчаць і некаторыя вынікі сацыялягічных апытаньняў? Ці Беларусь усё яшчэ знаходзіцца ў 1995-м годзе?”
(Статкевіч: ) “У мяне ёсьць такое ўражаньне, і нават здаецца, што бакі памяняліся месцамі. Калі ў 1995-м апазыцыя апэлявала да рэчаў духоўных, а Лукашэнка — да “каўбасы”, то зараз Лукашэнка спрабуе апэляваць да ідэалёгіі, нейкай “цывілізацыі” і гэтак далей, імкнецца палітызаваць грамадзтва, бо пытаньне “каўбасы” засталося нявырашаным.
Тыя, хто галасаваў за “свайго хлопца”, які дасьць шмат таннай гарэлкі — іх ідэалягізаваць вельмі цяжка. Апазыцыя іх можа заваяваць якраз пэўнымі канкрэтнымі зразумелымі рэчамі, нават бяз нашага ўдзелу. Напрыклад, зараз вельмі часта будзе гучаць тэма Эўразьвязу. Рэфэрэндум у Літве, уступленьне Латвіі, Эстоніі, Польшчы… Яны атрымаюць тое і тое, а што атрымаем мы? Вось гэта — магчымасьць. Стратэгема Лукашэнкі, калі ён ішоў да ўлады, фармулявалася вельмі проста: “разам з Расеяй назад у Савецкі Саюз”. Зараз апазыцыя павінная сфармуляваць так: “разам з суседзямі наперад у Эўрапейскі Зьвяз”.
(Класкоўскі: ) “Натуральна, само беларускае грамадзтва зьмянілася, але я хачу сказаць пра вонкавы чыньнік. Іншым стала стаўленьне Масквы да беларускай улады, і пэрсанальна да яе лідэра. І ў 1995-м і ў 1996-м Масква фактычна гуляла на баку Лукашэнкі. А сёньня — мэханізм маніпуляцыі адпрацаваны, аднак няма адмашкі з Масквы, і не рашаеца менскі лідэр ісьці на чарговы рэфэрэндум, хаця тэрміны ужо падціскаюць. Лукашэнка нават спрабуе быць у масцы незалежніка, бо варункі вымушаюць. Але атрымліваецца гэта вельмі няўклюдна. Бо ён, паўтаруся, прыкуў сябе да гэтых старых сымбаляў…”
(Цыганкоў: ) “…Ды ён душой увесь там, у савецкім”.
(Класкоўскі: ) “Так, ён ня можа парваць гэтую духоўную сувязь, і ў гэтым заключаецца прысуд гэтаму рэжыму, бо ён ня мае гістарычнай пэрспэктывы. Паспрабаваў ён увесну правесьці ідэалягічны сэмінар, фактычна яшчэ раз разгарнуць савецкія сымбалі. І акрамя кпінаў, сьмеху, нічога іншага гэтыя палітрукоўскія замашкі ня выклікалі. Гэта ўжо адгуляная карта і ў гэтым сэнсе рэжым ужо асуджаны”.