Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ БАЧНЫЯ Ў БАГДАДЗЕ ПАРАСТКІ ДЭМАКРАТЫІ, ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ?


Юры Дракахруст, Прага

Валянцінас Мітэ гутарыў са мною з даху свайго гатэлю – інакш не бярэ спадарожнікавы тэлефон. У Багдадзе сьпёка – 45 градусаў. А як выглядае Багдад? Ці бачныя сьляды вайны, ці наладжваецца мірнае жыцьцё? Гаворыць Валянцінас Мітэ:

(Мітэ: ) “Разбурэньні не такія вялікія. Гэта не Сталінград і не Бэрлін. Разбураныя некаторыя будынкі. Але найбольшая праблема ў Іраку – гэта тое, што банды людзей рабуюць усё, што могуць... А ноччу, пасьля 23-х – камэнданцкі час, ніхто ў горад ня ходзіць, хаця ў горадзе ўвесь час чуваць стрэлы. Зь іншага боку, зьнешне выглядае, што жыцьцё наладжваецца. На вуліцах прадаюцца гародніна, цыгарэты, і, што найбольш дзіўна, на кожным рагу можна купіць сатэлітныя антэны. Сатэлітная сыстэма тут каштуе 200 даляраў, столькі ж каштуе тэлевізар”.

(Карэспандэнт: ) “Лідэры Злучаных Штатаў і Вялікабрытаніі гаварылі, што мэтай вайны было ня толькі скінуць дыктатарскі рэжым, але дапамагчы іракцам пабудаваць дэмакратычнае грамадзтва. Ці бачныя ў Іраку нейкія парасткі дэмакратыі, грамадзянскай супольнасьці?”

(Мітэ: ) “Самі іракцы, зь якімі я размаўляў, кажуць, што Іракам можна кіраваць толькі кулаком Садама. Таму што Ірак падзелены паміж шыіцкай бальшынёй, сунітамі й курдамі. Мой суразмоўца суніт сказаў, што шыітаў 65–70%, і калі галасаваньне будзе ісьці паводле дэмакратычных правілаў – шыіты атрымаюць лейцы кіраваньня краінай, а суніты, як і курды, на гэта ніколі не пагодзяцца.

Апрача гэтага, вельмі шмат партыяў ствараецца не паводле якіх-небудзь ідэалягічных меркаваньняў, а паводле рэлігійнай прыналежнасьці. Суніты наўрад ці пойдуць у шыіцкія партыі і наадварот.

Сёньня ж я наведаў офіс ірацкіх камуністаў. Цікава, што якраз гэтая партыя створаная не паводле рэлігійнай прыналежнасьці, а паводле ідэалёгіі. Я браў інтэрвію, і людзі кажуць, што прыйшлі сюды, бо ім няма розьніцы – суніты ці шыіты. Яны думаюць, што камуністы будуць абараняць ніжэйшыя слаі насельніцтва”.

(Карэспандэнт: ) “Некалькі дзён таму лідэр ірацкіх шыітаў, які вярнуўся з 20-гадовай эміграцыі ў Іране, запатрабаваў, каб амэрыканцы тэрмінова сышлі з Іраку. Паводле яго, у краіне мусіць быць створаны ісьлямскі рэжым. Наколькі верагодна, што амэрыканцы сапраўды неўзабаве сыдуць з Іраку, і ці можа сапраўды ў краіне паўстаць рэжым, падобны да іранскага?”

(Мітэ: ) “Гэта немагчыма, каб амэрыканцы пакінулі Ірак. Найпершая прычына ў тым, што пакінуць Ірак цяпер азначала б, на маю думку, кінуць краіну ў грамадзянскую вайну паміж шыітамі, сунітамі й курдамі. У Іраку дзяржавы зусім няма. Ніякіх дзяржаўных функцыяў ніхто не выконвае. Людзі, зь якімі я гаварыў, абвінавачваюць амэрыканцаў шмат у чым, але яны згодныя, што цяпер амэрыканцы не павінны пакідаць Ірак. А што тычыцца шыітаў, то яны хаця й большая частка, але ўсё ж частка грамадзтва, і я думаю, што нават шыіцкія лідэры не хацелі б грамадзянскай вайны”.

(Карэспандэнт: ) “Дзесяцігодзьдзі Ірак быў аднапартыйнай дыктатураю, кіраванай партыяй БААС. Цяпер амэрыканская адміністрацыя гаворыць пра дэБААСіфікацыю, падобная палітыка праводзілася ў Нямеччыне пасьля другой усясьветнай вайны. Якія формы прымае, можа прымаць гэтая палітыка?”

(Мітэ: ) “Наколькі я разумею, гэта дэклярацыя, гэта добрыя намеры, і, у прынцыпе, абвесьціць, што партыя распускаецца – магчыма, але абысьціся без адмыслоўцаў, безь людзей з гэтай партыі, магчыма наўрад ці. У Іраку, як і ў Савецкім Саюзе у бальшыні выпадкаў чалавек ішоў у партыю не таму, што ён верыў у ідэі якога-небудзь арабскага інтэрнацыяналізму, а каб заняць тую ці іншую пасаду – ты мусіў быць сябром партыі.

Я ня думаю, што амэрыканцы абыдуцца безь людзей з партыі БААС. Канечне, яны абыдуцца без Садама Хусэйна, бязь іншых партыйных кіраўнікоў, але яны не абыдуцца бязь лекараў, без настаўнікаў і так далей”, – мяркуе карэспандэнт Радыё Свабода Валянцінас Мітэ, які знаходзіцца ў Іраку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG