Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЕГ ТРУСАЎ: “АНШЛЮСУ З РАСЕЯЙ УЖО, ДЗЯКАВАЦЬ БОГУ, НЯ БУДЗЕ”


Віталь Тарас, Прага

(Трусаў: ) “Калі паглядзець на фармальны бок справы, дык канечне – сытуацыя рэзка пагоршылася. Таму што колькасьць вучняў беларускамоўных школаў скарацілася да 33– 34% па Беларусі, а ў тыя часы ўжо было ў гэтых школах першаклясьнікаў за 70%. З другога боку, за восем гадоў не ўдалося зьнішчыць любоў да беларускай мовы.

Больш за тое, цяпер людзі ўсё больш і больш разумеюць, што іх на рэфэрэндуме проста падманулі. Бо пытаньне ішло аб роўнасьці дзьвюх моваў, і многія думалі, што яшчэ трэба даваць правы беларускай мове, бо й тады яна не была роўная з расейскай. Цяпер народ разабраўся, што да чаго. Больш за тое, ёсьць фактар незалежнасьці, і людзі разумеюць, што калі яны згубяць беларускую мову, то яны згубяць і дабрабыт і самыя розныя матэрыяльныя выгоды. Раней гэтага не разумелі.

І трэці фактар – моладзь. Маладыя людзі, асабліва гарадзкія, сталі размаўляць па-беларуску сьведама, таму што яна стала разумець: беларуская мова гэта ўжо не прыкмета вёскі, бо яны ў вёсцы ніколі й не жылі, але прыкмета высокай інтэлектуальнасьці, выкшталцонасьці і г.д.

Таму, з аднаго боку, па чыста фармальных пазыцыях ўсё зьмянілася да горшага, а з другога боку – за гэтыя 8 гадоў адбыліся ў глыбіні грамадзтва вельмі істотныя зьмены ў пляне павагі да ўсяго беларускага, у тым ліку й да мовы.

Спробы стварыць ідэалёгію без уліку фактару новай беларускай гісторыі рабіліся гэтым кіраўніцтвам некалькі разоў. І некалькі разоў яны мелі поўнае фіяска. Год назад яны прыйшлі да таго, што лепш мець кепскае беларускае тэлебачаньне, але сваё. Лепш мець кепскае беларускае радыё, але сваё. Яны за гэты год пачалі рабіць тое, што трэба было рабіць восем год назад. Значыць, зьмены пачаліся. Іншая справа, што яны іх разумеюць па-свойму.

Але тым ня менш, тое, што яны пачалі займаць прастору радыё і тэлебачаньня сваімі праграмамі – дзьвюхмоўнымі, на трасянцы, як заўгодна – усё адно, гэта станоўчы факт. Гэта прыкмета таго, што яны разумеюць хоць трошкі – бяз гэтага яны самі не пражывуць.

Пачалі выдзяляць грошы на добраўпапрадкаваньне беларускіх гарадоў – на той жа Мірскі замак, на мястэчка Мір, на Полацак. Такім чынам, за апошнія гады неяк па-местачковаму, па свойму, але кіраўніцтва Беларусі зразумела адну рэч – у Расеі яны ніхто, а ў Беларусі яны ўсё. І ўжо такога, як было падчас таго рэфэрэндуму нават пры гэтым кіраўніцтве ня будзе. Таму што новае кіраўніцтва, якое зьменіць гэтае, канечне, будзе ўмацоўваць мову, гісторыю і культуру. І ніякага”.

Гэтак ацэньвае сёньняшні стан разьвіцьця беларускай мовы й культуры старшыня Рады ТБМ Алег Трусаў. Гэтай жа тэме будзе прысьвечаная адна з нашых нядзельных перадач.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG