Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 16 ТРАЎНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Полесская правда”, 1923 год:

“11 траўня вечарам адкрыўся губэрнскі зьезд міліцыі. Першым быў заслуханы даклад начальніка губэрнскай міліцыі тав. Пракоф’ева: “Калі параўнаць 21-ы і 22-і гады з 23-м, дык заўважнае рэзкае паляпшэньне. У мінулыя гады быў бандытызм, які цяпер зусім не заўважаецца. Барацьба з п’янствам цягнецца праз увесь час. З 1 лютага па 1 красавіка г.г. канфіскавана ў насельніцтва 438 вёдраў і 6 бутэлек самагону і звыш 1600 апаратаў. У пачатку, ня маючы кіраўніцтва, органы міліцыі змагаліся з самой прастытуцыяй. Рэгістравалі, арыштоўвалі іх, высылалі ў лягеры і г.д. І толькі сёлета арганізаваны савет па барацьбе з прастытуцыяй. Па барацьбе з прастутыцыяй на першым месцы стаяць Старадуб, Магілёў і Навазыбкаў”.

“Чырвоная змена”, 1953 год:

“Менск падобны на вялікую будаўнічую пляцоўку… На квартале побач з Цэнтральнай плошчай, дзе пабудаван велічны манумэнт І.В.Сталіну, будзе ўзьведзены будынак Дома ўраду ў 16–20 паверхаў. На плошчы стаіць у рыштаваньнях Палац культуры прафсаюзаў. Побач зь ім высаджваюць вялікі парк. Пачаліся работы па рэканструкцыі плошчы Свабоды. Яе ўпрыгожаць велічныя будынкі кансэрваторыі, аблвыканкаму і іншых грамадзкіх установаў. Непазнавальнай стала Прывакзальная плошча. Тут стаяць два вялікія жылыя дамы зь вежамі, плошча пакрытая асфальтам, пасаджаны шматгадовыя дрэвы… У Менску будуць створаны высокамастацкія і ідэйна насычаныя ансамблі вуліц і плошчаў, адпавядаючыя запатрабаваньням савецкага чалавека”.

Газэта “Мы и время”, 1993 год, член Палітвыканкаму ПКБ, мэханізатар з Заслаўя В.Шчукін:

“Вершнік зь мячом на гербе — гэта не беларускі селянін, а літоўскі, польскі ці іншы яснавяльможны пан, які б’ецца за асабістую незалежнасьць, але не за свабоду для беларускіх халопаў. Савецкая ўлада зраўняла паноў і халопаў, аднак “блакітная шляхецкая” кроў працягвала цыркуляваць і, выкарыстоўваючы крызыс сацыялізму, пачала “адраджаць нашчадкаў” яснавяльможных. Я зьвяртаюся да рабочых, сялян, службоўцаў, інтэлігенцыі, да ўсіх, хто жыве на зарплату, — давайце слухаць адзін аднаго, а не гаспод-спадароў! Воўк ягняці не таварыш”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG