Байкальскі кірмаш месьціцца ў мікрараёне вуліцы Ангарскай. На ім працуюць 600 гандляроў і амаль усе яны — жанчыны. Бальшыня зь іх раней працавалі на заводзе і трапілі пад скарачэньне. Асноўную колькасьць пакупнікоў таксама складаюць рабочыя аўтазаводу і жыхары прылеглых дамоў. Днямі адміністрацыя раёну паведаміла, што кірмаш з 1 чэрвеня будзе зачынены.
Новы кірмаш яшчэ не пабудаваны, і таму прадпрымальнікі пазбавяцца працоўных месцаў. Гэта й стала нагодаю да стыхійнага бунту. Гандляркі зачынілі свае шапікі й сабраліся ў цэнтры кірмашовай пляцоўкі.
Супрацоўнікі міліцыі на чале з начальнікам аддзелу міліцыі Заводзкага раёну патрабавалі, каб тыя разышліся. Жанчыны накінуліся на міліцыянтаў з лаянкай. Да іх далучыліся пакупнікі. Міліцыянты не чакалі такога павароту справы і адступілі за агароджу. Адтуль яны пагражалі затрыманьнямі й арыштамі за несанкцыянаваны мітынг, але гэта нікога не напалохала.
Сярод прысутных было шмат пэнсіянэраў. Тут і былая настаўніца, пэнсіянэрка:
(Пэнсіянэрка: ) “Мне гэта вельмі зручна, і я карыстаюся толькі гэтым кірмашом. Ведаю ўсіх тут гандляроў, ведаю што колькі каштуе... Тут таньнейшае, чым у краме, намнога! А самае галоўнае — сьвяжэйшае. Кірмаш нам, пэнсіянэрам, вельмі патрэбны. Вы падтрымліваеце мяне?”
(Жанчыны крычаць: ) “Так, так!”
(Пэнсіянэрка: ) “Я ўжо схадзіла ў адміністрацыю. Трэба мне рыбы, а не прадалі. Не, ёсьць усё, але закрыта! Капуста зачынена, рыба зачынена, куры зачынены! Гэта — з боку пакупнікоў, а калі паглядзець у бок дзяржавы, дык гэта ж нейкае злачынства! Таму што прадукты нам прададуць толькі тады, калі яны ўжо пагніюць. Тады нам хваробы ня будзе чым лячыць. Калі яшчэ той новы кірмаш будзе?! Калі тут што пабудуюць?!”
Гандляркі настроеныя вельмі рашуча:
(Прадпрымальніца: ) “Я працую тут ужо 11 гадоў. Я хачу, я прашу, я патрабую, я крычу — мне патрэбны гэты рынак!.. Вельмі, вельмі! У мяне двое дзетак, я іх тут гадавала. Прыходзіла зь месячнай дачкой на руках і гандлявала разам зь ёю. Сёньня нас не паклікалі, не папрасілі, не спыталі, што нам трэба. Я вырашыла — стаяць насьмерць, аддаць сваё жыцьцё за гэты базар. Гэтымі днямі я прыдумала так: я выплаціла столькі падаткаў, што людзі набылі сабе машыны, кватэры, а я толькі пакой у інтэрнаце.
У мяне адна надзея — на хлеб. Ня будзе хлеба — трэба будзе ўзарваць сябе на гэтай дарозе. Гэта мой боль! Тут ёсьць яшчэ чалавек пяцьдзясят, якія аддадуць сваё жыцьцё — за наш хлеб, не за багацьце… Мы просім, мы патрабуем! Нам трэба гэтае месца. Яно нашае! Яно выкупленае даўно нашымі вазкамі, нашымі рукамі. Яго тут не будаваў Лукашэнка, ці ягоныя высокія чыны. Мы сваімі рукамі цягалі тачкі й сёньня цягаем...”
На рынак прыехаў старшыня арганізацыі “Прыватная ўласнасьць” Леанід Малахаў. Ён падзяліўся сваімі ўражаньнямі. Упершыню за тры гады ён бачыў такую рашучасьць з боку гандляроў.
(Малахаў: ) “Прадпрымальнікі настроеныя вельмі рашуча. Магчыма, гэта таму, што бальшыня зь іх — жанчыны. Яны не здадуць сваіх пазыцыяў. Няма цывілізаванага дыялёгу — значыць, будуць нейкія іншыя, больш рашучыя дзеяньні. “Прыватная ўласнасьць” будзе дапамагаць прадпрымальнікам, гэтым жанчынам адстойваць свае правы”.
У панядзелак прадпрымальнікі занясуць пэтыцыю ў Менгарвыканкам. У гэты ж дзень яны занясуць заяву і ў пракуратуру на дзеяньні адміністрацыі Заводзкага раёну Менску.