Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЦЭНЫ НА ПАЛІВА НЕ ЗЬНІЖАЮЦЦА З ПРЫЧЫНЫ ПАСЯЎНОЙ, СЭЗОННАГА ПОПЫТУ І НОВАГА ПАДАТКУ


Віталь Цыганкоў, Менск

Яшчэ паўтара месяца таму, паводле сьведчаньняў адмыслоўцаў, што займаюцца нафтавым бізнэсам, на мяжы Расеі зь Беларусьсю нафта каштавала 145 даляраў за тону, а зараз каля 100–110. Гэтае зьмяншэньне, аднак, аніяк не адбіваецца на цэнах аўтазаправак, якія застаюцца фактычна нязьменнымі. Апошні раз бэнзын і дызэльнае паліва даражэлі ў Беларусі 10 сакавіка. Тады ж яны былі выключаныя са сьпісу сацыяльна значных тавараў, што распаўсюдзіла на іх 10% падатак.

Дарадчык прэзыдэнта канцэрну “Белнафтахім” Віктар Азараў паведаміў для Радыё Свабода, што 7 траўня канцэрн прыняў рашэньне зьнізіць аптовыя цэны на 10%.

(Азараў: ) “Загад канцэрну ад 7 траўня. Аптовыя зьнізіліся — мазут, гудрон, нафтабітум на 10%, прамагонны бэнзын — на 9,6%”.

Дзіўна, аднак, што пра гэтае рашэньне “Белнафтахіму” нідзе ў прэсе не паведамлялася, да таго ж яно ніяк не адбілася на цэнах на запраўках.

У цэлым, адказваючы на пытаньне, чаму не зьніжаюцца цэны, спадар Азараў спаслаўся на ўсясьветны рынак, а таксама на нядаўнюю пастанову беларускага ўраду, якой быў уведзены падатак на продаж. Незалежныя назіральнікі дадаюць яшчэ колькі прычынаў. Гэта высокая ступень дзяржаўнай манапалізацыі на гэтым рынку, а таксама патрабаваньне “падзяліцца” палівам зь сялянамі на патрэбы сяўбы. Гаворыць аглядальніца газэты “Белорусский рынок” Тацяна Манёнак:

(Манёнак: ) “Хістаньні цэнаў на нафтавым рынку адбываліся і раней, але ніколі беларускі ўрад на іх апэратыўна не рэагаваў. Трэба мець на ўвазе, што “Белнафтахім”, які фактычна манапалізаваў рынак нафтапрадуктаў (ён кантралюе дзесьці тры чвэрці ўсяго беларускага рынку), вымушаны цяпер датаваць вытворцаў сельгаспрадукцыі. Аднак сёньняшняя сытуацыя крышачку паправіць эканамічнае становішча “Белнафтахіму”. У пік сэзону ім няма сэнсу рабіць нейкія крокі для зьніжэньня коштаў — я ня думаю, што гэта адбудзецца”.

Цікава аднак, што цэны на аўтазапраўках фактычна не мяняюцца і ў суседзяў Беларусі. У Расеі, дзе паліва самае таннае, што спрыяе ягонай маштабнай кантрабандзе ў Беларусь, цэны не мяняліся апошнія паўтара месяца, а ў параўнаньні са студзенем нават падвысіліся. Нязьменнымі застаюцца цэны і ў Польшчы. Экспэрты зьвязваюць гэта найперш з высокім сэзонным попытам, а таксама з тым, што за нафту заўсёды трэба плаціць наперад, і сёньняшнія кошты былі ўсталяваныя значна раней.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG