Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС БЕЛАРУСІ ЗАКЛІКАЕ НЕ ПЕРАБОЛЬШВАЦЬ НЕБЯСЬПЕКУ САРСУ


Юры Сьвірко, Менск

Хаця адмыслоўцы лічаць высокай небясьпеку вірусу атыповай пнэўманіі (САРС), на чарговым брыфінгу ў Міністэрстве замежных справаў яго прэсавы сакратар Андрэй Савіных выказаўся пра эпідэмію САРС гэтак:

(Савіных: ) “Па-першае, я б хацеў засьцерагчы ад недарэчнага разьдзьмуваньня небясьпекі гэтай эпідэміі. Кожны год ад грыпу памірае значна большая колькасьць людзей, чым памерлі на сёньняшні дзень ад атыповай пнэўманіі. Другі момант – МЗС падтрымлівае пастаянны кантакты з Усясьветнай арганізацыяй аховы здароўя, паводле інфармацыі якой можна сьцьвярджаць, што вырашэньне праблемы эпідэміі будзе знойдзенае ў даволі кароткія тэрміны й яна не ўяўляе глябальнай пагрозы чалавецтву”.

Спадар Савіных, аднак, паведаміў, што ўсе беларускія дыпляматы ў Пэкіне знаходзяцца пад пастаянным мэдычным кантролем, а консульскі прыём там вядзецца толькі раз на тыдзень. У пятніцу, 16 траўня, у Кітаі не застанецца ніводнага беларускага школьніка. Але надзвычайных захадаў адносна сваёй амбасады ў Пэкіне беларускае МЗС не плянуе, бо самі кітайскія ўлады робяць беспрэцэдэнтна сур’ёзныя захады.

Сапраўды, кітайскія Вярхоўны народны суд і генэральны пракурор распаўсюдзілі супольную заяву, паводле якой наўмысны распаўсюд інфэкцыйных захворваньняў можа быць пакараны турэмным зьняволеньнем тэрмінам ад 10 гадоў, альбо сьмерцю.

Беларускія адмыслоўцы таксама сур’ёзна ставяцца да эпідэміі САРС у Кітаі. Згадачык аддзелу Рэспубліканскага цэнтру гігіены ды эпідэміялёгіі Сяргей Паўлючэнка сказаў, што нябясьпека САРСу высокая, бо Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя аднесла гэтую інфэкцыю да другой групы патагеннасьці, якую складаюць карантынныя інфэкцыі. А галоўны санітарны доктар Беларусі Валеры Ключановіч заявіў, што Міністэрства аховы здароўя распрацавала тактыку барацьбы з атыповай пнэўманіяй, якая ўлучае стварэньне карантынных цэнтраў ва ўсіх рэгіёнах краіны, куды на 10 дзён будуць зьмяшчаць усіх падазраваных на САРС.

У пэўнай ступені Беларусь ужо закрылі на карантын для грамадзян Кітаю. Паводле прадстаўніка консульскае ўправы МЗС Беларусі Ўладзімера Матусевіча, ад пачатку эпідэміі ў Кітаі беларуская амбасада ў гэтай краіне выдала ўсяго адну візу кітайскаму грамадзяніну, а неўзабаве выдача візаў можа быць увогуле спыненая. Але гэтае паведамленьне абверг амбасадар Беларусі ў Пэкіне Ўладзімер Русакевіч. Якой заяве верыць? Вось як адказвае на гэтае пытаньне прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “Уласна кажучы, адна заява не супярэчыць іншай. То бок мы не спынялі выдачу візаў для кітайскіх грамадзянаў. Натуральна, што звароты па візы рэзка скараціліся. Я не магу назваць дакладную колькасьць візаў, але іх сапраўды мала. Можа быць, і адна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG