Новы 20-даляравы знак захавае шмат якія апазнавальныя рысы цяперашняй купюры, як, напрыклад, вадзяны знак, вэртыкальная плястыкавая палоска зь мікрадрукам і зьменлівы зялёны колер. Але каляровая гама папоўніцца блакітным і пэрсыкавым адценьнямі. Гэтыя адценьні цяжэй падрабіць нават на лічбавым абсталяваньні, якое цяпер вельмі папулярнае сярод фальшываманэтнікаў ЗША.
Дарэчы згадаць, што 20-даляравыя купюры найбольш падрабляюць менавіта ў ЗША, тым часам, як 100-даляравыя фальшыўкі пераважна прыходзяць з-за мяжы і друкуюцца на афсэтным абсталяваньні.
Новая купюра будзе мець выяву аж трох арлоў. Блакітны арол будзе фонам купюры. А серабрыста-зялёны арол будзе месьціцца паміж зялёнай пячаткай Дзяржаўнага казначэйства і выявы Эндру Джэксана. Інакш будзе выглядаць і адваротны бок купюры. Абапал выявы Белага Дому будуць намаляваныя маленькія жоўтыя лічбы 20.
Дзяржаўнае казначэйства мяркуе, што новыя колеры будзе вельмі цяжка падрабіць, таму бальшыня фальшываманэтнікаў нават і ня будзе спрабаваць гэта зрабіць. Адрозьніць сапраўдную купюру ад падробкі будзе няцяжка. Задача толькі ў тым, каб спажыўцы зьвярталі ўвагу на гэтыя высокатэхнічныя дэталі. Таму Дзяржаўнае казначэйства плянуе распачаць міжнародную кампанію адукацыі праз амбасады й банкі. А міжнародную, таму, што 2/3 амэрыканскіх даляраў знаходзяцца за мяжой ЗША. Бясплатныя брашуры і плякаты з выявай новых грошай можна замовіць бясплатна на 18 мовах.
Старыя 20-даляравыя купюры будуць таксама ў абарачэньні побач з новымі, пакуль паступова ня будуць цалкам замененыя.