Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 15 ТРАЎНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Наша ніва”, 1913 год, артыкул “Дарэмная праца”:

“У Думу адзін за адным падаюцца законы розных міністраў аб “свабодах”. Бяда толькі ў тым, што яны ня столькі заводзяць свабоду, колькі яе ўрэзываюць. Да гэткіх законаў належыць закон аб свабодзе друку. Праект гэтага закону ізноў як-бы заводзіць даўнейшую “цэнзуру” — калі кожную кніжку ці газэту, перш чым друкаваць, праглядаў цэнзар і меў права пазволіць або не пазволіць на яе друк… Так маняцца вярнуць старыя парадкі; — тыя газэты, каторыя цяпер выдаюць людзі ідэйныя, але не багатыя, калі ў іх ня будзе капіталу на залог, павінны будуць закрывацца: у незаможных рэдактараў хочуць зусім адабраць права пісаць для народу…”

Штотыднёвік “Витебский курьер”, 1993 год, публікацыя “Алергія на “бел-чырвона-белае”:

“Інцыдэнт зь бел-чырвона-белым сьцягам у Дзень Перамогі адбыўся ў сталіцы: вэтэраны забралі сьцяг у грамадзяніна, які вырашыў прайсьці зь ім па вуліцах у сьвяточны дзень, і падралі палотнішча на шматкі. Падобную сытуацыю можна было назіраць і на плошчы Перамогі ў Віцебску: калі двое мужчынаў зь дзяржаўным сьцягам Беларусі зьявіліся каля Вечнага агню, рэакцыя часткі вэтэранаў была бурлівая: “Мы абаранялі Радзіму не пад гэтым сьцягам!” Знайшоўся “баявік”, які садраў сьцяг з дрэўка. Уладальніка сьцяга, які спрабаваў забраць яго, падасьпелыя вартавыя парадку пацягнулі ў пастарунак. Хвілінай пазьней два маёры міліцыі выратавалі сьцяг ад гвалту: распалены хуліган паспрабаваў быў яго падраць. Цікава, што андрэеўскі сьцяг, пад якім выйшлі на плошчу прадстаўнікі Славянскага Сабору “Белая Русь”, такой бурлівай рэакцыі ня выклікаў”.

“ЛіМ”, 1983 год, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага народнага хору Беларусі Міхась Дрынеўскі:

“Наш фальклёр — непаўторны па сваім строі, духу, зьмесьце… адметны сваёй манерай выкананьня. Беларуская народная музычная, песенная творчасьць — гэта наш галоўны напрамак. Мы ня можам паказваць толькі “музэйны” фальклёр. Мы яго ведаем, мы яго ўзбагачаем. Іншая справа, як узбагачаць? Калі бяруцца за народную песьню, не адчуваючы яе сэрцам, душою, калі проста канструююць нейкія канструкцыі, вытраўляюць зь песьні зерне і называюць гэта аранжыроўкаю, — дык мы супраць гэтага”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG