Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЛАДАФРОНТАЎЦАЎ ЗАСУДЗІЛІ НА АРЫШТЫ


Любоў Лунёва, Менск

Судзьдзя Натальля Вайцяховіч разгледзела за паўгадзіны справы маладафронтаўцаў Зьмітра Дашкевіча і Алеся Тарасевіча. Паводле міліцэйскіх пратаколаў, гэтыя юнакі парушылі грамадзкі парадак. У пратаколе было напісана, што Зьміцер і Алесь трымалі ў руках бел-чырвона-белыя сьцягі і плякат: “Не — ілжывым рэфэрэндумам!” З-за таго, што Зьміцер Дашкевіч, студэнт 1-га курсу Віленскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, другі раз цягам году трапіў у міліцэйскі пастарунак, яго пакаралі арыштам на 10 сутак. Вось як ён сам пракамэнтаваў гэта Радыё Свабода:

(Дашкевіч: ) “Улады чарговы раз прадэманстравалі, што не зьбіраюцца даваць нейкую слабіну і дапускаць дэмакратыю ў Беларусі. У судзе нават не далі магчымасьці ўзяць адваката. Пагражалі, што адразу адвязуць на Акрэсьціна і буду там сядзець разам з бамжамі, пакуль знойдуць адваката. Гэтыя 10 сутак арышту і ёсьць вынік таго рэфэрэндуму, які быў сфальшаваны ўладамі ў 1995 годзе”.

Алесь Тарасевіч сёньня ўраніцу атрымаў ганаровы дыплём пра сканчэньне вучэльні, але не пасьпеў парадаваць сваіх бацькоў. Судзьдзя пакарала яго арыштам на трое сутак.

(Тарасевіч: ) “У мяне сёньня падвойнае сьвята: я атрымаў дыплём і трое сутак арышту. Ну, канечне, неахвота... Сьпёка такая цяпер. Я спадзяваўся на папярэджаньне… Гэта вельмі блага. У мяне такія пляны былі на гэтыя дні...”

(Карэспандэнтка: ) “Ці ты спыніш сваю дзейнасьць, ці будзеш яшчэ выходзіць на пікеты?”

(Тарасевіч: ) “Трыма суткамі арышту нікога не запалохаеш”.

Міліцыянты не пускалі ў будынак суда лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца і Артура Фінкевіча. Яны прайшлі ў будынак літаральна на некалькі хвілінаў. Іх арыштаваныя паплечнікі пасьпелі папрасіць, каб тыя перадалі ім кнігі ў камэру.

Міліцыянты паведамілі арыштаваным маладафронтаўцам, што бел-чырвона-белыя сьцягі ім ня вернуць. Хутчэй за ўсё, яны папоўняць калекцыю сьцягоў, якіх назапасілася некалькі соцень у розных аддзелах міліцыі за гады пасьля рэфэрэндуму 1995 году.

Зьміцер Дашкевіч і Алесь Тарасевіч адбываць пакараньне будуць у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Апошнія тры месяцы ў камэрах спэцпрыёмніка толькі шэсьць дзён не было палітычных вязьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG