Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТЭРАКТ У ІЛІСХАН-ЮРЦЕ: НОВАЯ СТРАТЭГІЯ ПАЎСТАНЦАЎ ЦІ ЖЭСТ АДЧАЮ?


Юры Дракахруст, Прага

Камэнтуючы выбух, які адбыўся ў Знаменскім пазаўчора, прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін сказаў:

(Пуцін: ) “Усе дзеяньні такога кшталту маюць адну мэту – спыніць працэс палітычнага ўрэгуляваньня ў Чачэніі. Нічога падобнага кшталту мы дапусьціць ня можам і не дапусьцім”.

Учора расейскі кіраўнік заявіў, што тэрарыстычныя акты ў Чачэніі і ў Савудаўскай Арабіі маюць абсалютна аднолькавы пачырк. Генэральны сакратар НАТО Джордж Робэртсан, які знаходзіўся зь візытам у Маскве, таксама правеў пэўную аналёгію паміж тэрактамі, сказаўшы, што сьвет аб’яднаўся ў абурэньні супраць гэтых крымінальных злачынцаў, якія зьдзейсьнілі выбухі ў абедзьвюх краінах.

Дзярждэпартамэнт ЗША асудзіў тэрарыстычны напад у Знаменскім, выказаўшы пры гэтым меркаваньне пра неабходнасьць палітычнага рашэньня чачэнскай праблемы.

Некаторыя расейскія экспэрты лічаць тэракты ў Знаменскім і Ілісхан-Юрце праявамі новай стратэгіі паўстанцаў: у абодвух выпадках дзейнічалі тэрарысты-самазабойцы, у абодвух выпадках значную колькасьць ахвяраў складалі цывільныя чачэнцы.

Вядомы чачэнскі дзеяч, былы старшыня Вярхоўнага Савету Расеі Руслан Хасбулатаў мае іншы погляд на выбухі ў Знаменскім і Ілісхан-Юрце:

(Хасбулатаў: ) “Для мяне нічога дзіўнага няма. Вайна там ідзе кожны дзень: выбухі, напады на калёны, зачысткі. Толькі за красавік, ужо пасьля рэфэрэндуму, зьніклі – а дакладней, былі зьвезеныя фэдэральнымі сіламі – больш за 200 маладых хлопцаў. Прычым гэта зьвесткі марыянэткавых уладаў Чачэніі. У адказ абураныя людзі, якія нават не былі зьвязаныя з супрацівам, становяцца на шлях вайны. Толькі недасьведчаны чалавек зьвяртае ўвагу на гэтыя буйныя тэракты – пазаўчорашні й сёньняшні. А вайна там ідзе па ўсёй Чачэніі. Што да гэтых самазабойчых тэрактаў, то людзі ў адчаі зьвяртаюцца да мэтадаў, не традыцыйных для чачэнцаў”.

Руслан Хасбулатаў таксама ня бачыць падабенства выбухаў у Чачэніі і ў Савудаўскай Арабіі.

(Хасбулатаў: ) “Не пасьпеў ажыцьцявіцца гэты тэракт у Знаменскім, на наступны дзень адбыўся тэракт у Савудаўскай Арабіі. І вялікі экспэрт усіх часоў і народаў Пуцін адразу кажа, што почырк падобны. Прэзыдэнт вялікай краіны дзейнічае, як шараговы апэратыўнік. Яму не патрэбныя ні экспэрты, ні дарадцы”, – заявіў чачэнскі грамадзкі дзеяч, былы старшыня Вярхоўнага Савету Расеі Руслан Хасбулатаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG