Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ЗАТРЫМАЛІ ПРАТЭСТОЎЦАЎ СУПРАЦЬ РЭФЭРЭНДУМУ 1995 ГОДУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Маладафронтаўцы разгарнулі ў цэнтры Кастрычніцкага пляцу бел-чырвона-белыя сьцягі й транспарант з надпісам “Не – рэфэрэндуму, не – акупацыі!” Арганізатар акцыі Зьміцер Дашкевіч так патлумачыў яе мэту:

(Дашкевіч: ) “Сёньня, у гадавіну рэфэрэндуму, мы выйшлі, каб прадэманстраваць грамадзтву, што рэфэрэндум, які быў у 1995 годзе, ня меў канстытуцыйнай моцы. Ён быў ілжывы, з фальшаваньнямі й пакрадзенымі галасамі. Беларусь — дэмакратычная краіна зь бел-чырвона-белым сьцягам і гербам “Пагоня”. Вось нашыя сьцягі, якія ня зьнішчыць ніякая ўлада… — разьбірайце хлопцы хутчэй, у нас вельмі мала часу”.

А вось што сказала ўдзельніца акцыі, якая не захацела называць сябе:

(Дзяўчына: ) “Я лічу, што мы выйшлі толькі таму, каб паказаць народу, што яшчэ можна змагацца. І дзеля гэтага не абавязкова сядзець у кватэры”.

Да ўдзельнікаў пікету адразу ж падышлі міліцыянты-амонаўцы:

(Амонавец: ) “Вашыя дзеяньні не санкцыянаваныя. Калі вы зараз жа ня згорнеце сьцягі, вы будзеце затрыманыя і адвезеныя ў Цэнтральную РУУС. Бо нельга зьбірацца на Кастрычніцкім пляцы”.

(Дашкевіч: ) “Не — ілжывым рэфэрэндумам, якія адбываліся й могуць адбыцца ў Беларусі! Мы — незалежная краіна!”

У выніку ўдзельнікаў пікету Зьмітра Дашкевіча і Алеся Тарасевіча затрымалі. Цяпер яны знаходзяцца ў адным з пастарункаў Цэнтральнай управы міліцыі Менску. Затрыманым пікетоўцам пагражае арышт тэрмінам да 15 сутак.

Пікету папярэднічала начная акцыя Маладога Фронту. Напярэдадні 14 траўня актывісты гэтай арганізацыі вывесілі бел-чырвона-белыя сьцягі на скрыжаваньні праспэкту Скарыны з вуліцамі Варвашэні й Казлова, а таксама на жылых дамах у мікрараёне “Ўсход-1”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG