Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗНАЙШЛІ НОВЫЯ МАСАВЫЯ ПАХАВАНЬНІ Ў ІРАКУ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Калі судовыя экспэрты пацьвердзяць першыя падлікі, масавыя пахаваньні ў ірацкім месьце Хіла і вёсцы Мухамад Сакран стануцца найбольшымі, знойдзенымі з таго часу, як рэжым Садама Хусэйна быў зьнішчаны ў выніку вайны пад кіраўніцтвам Злучаных Штатаў.

Для ўскрыцьця брацкіх магілаў у цэнтральнаірацкім месьце Хіла мясцовыя жыхары ўжываюць трактары, а потым выкопваюць парэшткі рукамі, каб па дакумэнтах ці абрыўках вопраткі апазнаць сваіх блізкіх.

“Human Rights Watch” заявіла, што адміністрацыя ЗША даведалася пра гэтае масавае пахаваньне яшчэ на пачатку траўня, калі мэр Хілы папрасіў войска Злучаных Штатаў дапамагчы ў ахове магілаў. Аднак вайскоўцы адмовіліся. “Урад ЗША не адрэагаваў на вельмі істотную інфармацыю пра масавыя пахаваньні ў Іраку, – сказаў прадстаўнік “Human Rights Watch” у Багдадзе Пэтэр Боўкарт. – У выніку сем’і адчайна спрабуюць самастойна выкопваць трупы, чым перашкаджаюць працы экспэртаў, якія маглі б прафэсійна высьветліць асобы загіблых”.

Паводле тэлекампаніі Бі-Бі-Сі, якая паказвала жахлівыя сцэны з раскопаў, усяго выкапаныя парэшткі прынамсі 3 тысяч чалавек. Неназваныя праваабарончыя групы цьвердзяць, што ўсяго ў пахаваньнях можа быць ад 10 да 15 тысяч ахвяраў, але “Human Rights Watch” не пацьвярджае такіх ацэнак.

Бі-Бі-Сі паведаміла, што пакуль невядома, калі былі зьнішчаныя гэтыя людзі, але мяркуецца, што яны маглі быць мусульманамі-шыітамі, якія паднялі паўстаньне супраць Садама Хусэйна пасьля вайны ў Пэрсідзкай затоцы ў 1991 годзе і ў выніку былі зьнішчаныя рэжымам. Паводле “Human Rights Watch”, у іншай магіле, знойдзенай у вёсцы Мухамад Сакран, знаходзяцца парэшткі больш як 1 тысячы чалавек.

Нагадаю, што пасьля заканчэньня вайны ў Іраку на тэрыторыі краіны былі знойдзеныя прынамсі шэсьць месцаў масавых пахаваньняў. Шматлікія праваабарончыя групы заяўляюць і пра іншыя месцы, дзе могуць знаходзіцца брацкія магілы. Паводле ацэнак “Human Rights Watch”, усяго ў безыменных магілах у Іраку могуць быць пахаваныя блізу 200 тысяч чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG