Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЫНОЎНІКІ АДПАЧЫВАЮЦЬ У 10 РАЗОЎ ТАНЬНЕЙ ЗА ШАРАГОВЫХ БЕЛАРУСАЎ


Ігар Карней, Менск

Кола падначаленых Кіраўніцтву справаў Лукашэнкі месцаў адпачынку пашыраецца. Апошнія гады былыя савецкія санаторыі ў Сочы, Туапсэ, Місхоры, Юрмале, Друскеніках, якія будаваліся на замову Беларусі, а таксама папулярныя беларускія санаторыі “Нарач”, “Сосны”, “Баравое”, “Гарадзішча”, Бярэзінскі біясфэрны запаведнік і Нацыянальныя паркі “Прыпяцкі” і “Белавеская Пушча” перайшлі ў распараджэньне прэзыдэнцкай адміністрацыі. Цяпер ня рынак, а супрацоўнікі адміністрацыі ўсталёўваюць там кошты на адпачынак, якія ўжо перакрочылі сярэднія цэны на паездку ў Турэччыну ці Эгіпэт.

У дзяржаўным прадпрыемстве “Курорт” Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта распавялі, колькі будзе каштаваць адпачынак у падпарадкаваных яму санаторыях гэтым летам.

(Супрацоўніца цэнтру “Курорт”: ) “Калі набываць пуцёўку за поўны кошт, прыкладам, у санаторый “Белоруссия” на рыскім ўзьбярэжжы, то месца ў двайным нумары з поўным курсам лячэньня ідзе з разьліку 23 даляры ў суткі на чалавека. “Белая Русь” у Туапсэ: месца ў звычайным нумары 24 даляры, а ў сэзон яшчэ больш. Калі ж ехаць туды самому, то нармалёвы адпачынак меней як за 30 эўра на чалавека наўрад ці будзе, і гэта толькі са сьняданкамі. Ну, а чыноўнікам ўсё аплачваюць на працы, і яны ў найлепшым выпадку плацяць толькі 10% ад кошту пуцёўкі”.

Гэткім чынам, кошт пражываньня аднаго простага чалавека ў гэтых санаторыях цягам двух тыдняў складае болей як 300 даляраў. А яшчэ трэба заплаціць за праезд, за візу, страхоўку…

Простыя падлікі сьведчаць, што адпачынак звычайнаму функцыянэру каштуе прыблізна ў 10 разоў таньней, чым шараговаму грамадзяніну.

Некаторыя знаёмцы, якія адпачывалі ў Туапсэ, Сочы ці Юрмале мінулымі гадамі, распавядаюць, што бальшыня сэзонных пастаяльцаў — міністры, дэпутаты Нацыянальнага сходу, чыноўнікі дзяржаўных ведамстваў. Вялікі аматар футболу віцэ-сьпікер Уладзімер Канаплёў падчас адпачынку нават арганізаваў штогадовы футбольны турнір, у якім бяруць удзел парямэнтары з Расеі і Ўкраіны, а таксама набліжаныя да ўлады журналісты. Тыя ж, хто ня любіць сьпякоты (як, прыкладам, прэм’ер-міністар Генадзь Навіцкі) накіроўваюцца ў Прыбалтыку, дзе цягам двух-трох тыдняў праходзяць поўны курс санаторнага лячэньня. Супрацоўнікі турфірмаў, якія таксама прадаюць пуцёўкі ў гэтыя ж санаторыі, канстатуюць: дзяржаўныя асобы адпачываюць амаль бясплатна.

(Супрацоўніца турфірмы: ) “Яны могуць аплачваць 10%, могуць 50% або 70% ад кошту. Але пры тым, што ўсе міністэрствы ў нас вельмі “бедныя”, то плацяць пераважна толькі 10%, і крыху болей члены іх сем’яў. А ёсьць нават тыя, хто езьдзіць бясплатна. Таму яны ўсе або ў Юрмале, або ў Туапсэ. Ёсьць катэгорыя ў лечкамісіі асобная — заслужаныя пэнсіянэры, Героі Савецкага Саюзу, Сацыялістычнай Працы і г.д., якія таксама адпачываюць бясплатна. Адзіны выдатак — сваім коштам дарога, але гэта капейкі, таму ўсе карыстаюцца і езьдзяць”.

Пакуль ніхто зь беларускіх чыноўнікаў на курорты ня зьехаў. Заяву на іхны адпачынак падпісвае непасрэдна Аляксандар Лукашэнка, і, зазвычай, дае дазвол адпачыць толькі пасьля поўнай справаздачы пра заканчэньне сяўбы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG