Удзельніца Людміла Колін зь Нью-Джэрзі, ЗША
Беларуска Людміла Колін з амэрыканскага штату Нью-Джэрзі належыць да паваеннай хвалі беларускай эміграцыі ў Амэрыцы. Але, адрозна ад бальшыні беларусаў, якія выяжджалі ў ЗША зь лягераў у Нямеччыне, яна паехала туды не як эмігрантка, а як грамадзянка ЗША. Грамадзянства гэтай краіны яна атрымала за некалькі гадоў да таго, як ступіла на амэрыканскую зямлю. Сталася гэта празь ейную маці Антаніну Касьцюкевіч, якая нарадзілася ў Нью-Ёрку і жыла там малая. Бацькі Антаніны былі прадстаўнікаміі той старэйшай хвалі эміграцыі, якая выехала за акіян яшчэ да рэвалюцыі ў Расеі.
Дарэвалюцыйная хваля эміграцыі амаль не пакінула па сабе сьлядоў у гісторыі. Людміла Колін, магчыма, адзіная сярод беларусаў у Амэрыцы, хто можа сёньня распавесьці пра тых людзей як жывая сьведка іх лёсу.
Мы размаўляем сёньня са спадарыняй Людмілай пра ейную сям’ю Касьцюкевічаў, што паходзіць зь вёскі Парэчча пад Гомелем. Гэтая сям’я адметная тым, што двойчы шукала паратунку ад сваіх бедаў у далёкай Амэрыцы. Старэйшыя Касьцюкевічы, Купрыян і ягоная жонка Галена, пакінулі родную вёску Парэчча ў 1913 годзе і параходам адплылі ў Амэрыку. На Бацькаўшчыне яны ня мелі нічога, абодва былі зь бедных сем’яў. Іхная ўнучка Людміла, наша сёньняшняя суразмоўца, добра ведае пра лёс родных ад бабулі.
(Колін: ) “Яны толькі што ажаніліся і паехалі, маладыя яшчэ былі. Дзед атрымаў працу. Праца была вельмі цяжкая. Дзед ня меў такой нармальнай працы, ён проста хадзіў туды, дзе разгружалі цукар. Яму трэба было скрынкі цукру выносіць і накладаць іх на грузавік. Для гэтай працы самых моцных людзей выбіралі, яны стаялі на вуліцы й чакалі, каб іх паклікалі. І для яго гэта вельмі, вельмі цяжкая праца была”.
У 1915 годзе ў маладой сям’і нарадзілася першая дачка – Антаніна, а праз два гады яшчэ адна – Вольга. Аднак жа іх бацьку Купрыяна не пакідала думка аб вяртаньні дамоў.
(Колін: ) “Бо дзеду тут не падабалася, ён не любіў сваю працу і не хацеў быць тут. Ён хацеў быць багатым у Беларусі. Бабулі Галене вельмі падабалася, яна яго папракала да канца ягонага жыцьця з-за таго, што яны вярнуліся. Бабуля Галена мела брата – Язэпа Ясючэню ў Беларусі, яна выслала яму білет на параход і запросіны, каб ён прыехаў. І ён прыехаў. Ён рабіў мэблю і добра зарабляў, ніколі не вярнуўся назад”.
Купрыян Касьцюкевіч зь сям’ёю вярнуўся ў сваё Парэчча ў 1923 годзе. За сабраныя за 10 гадоў жыцьця ў Амэрыцы грошы ён купіў ладны кавалак зямлі й заклаў сваю гаспадарку, пра якую марыў за акіянам. У сям’і нарадзіліся яшчэ двое сыноў, Уладзімер і Юрка. Дзеці расьлі, гаспадарка мацавалася, і здавалася, што усё ідзе да лепшага.
Спадарыня Людміла працягвае:
(Колін: ) “Дзед спачатку быў вельмі задаволены, а бабе Галене вельмі не падабалася там. Не забывайцеся, што калі людзі ў той час былі ў Амэрыцы, то да іх была дыскрымінацыя. Казалі: “Вось, ідуць “амэрыканцы”, паглядзіце, вось “амэрыканка” прыехала зь дзецьмі”. Баба Галена хацела вяртацца назад у Амэрыку”.
Калі пачалася калектывізацыя, дзеда Людмілы Купрыяна Касьцюкевіча раскулачылі.
(Колін: ) “Ён ня думаў, што яго там абдзяруць, забяруць усе грошы і тую зямлю, што ён там купіў у Парэччы. Усё забралі, акрамя ложка і стала на кухні. Калі яны ўсё згубілі, то мы таксама бедныя былі, як і ўсе іншыя. Калі раскулачылі, дык тады і дзеду ўжо не спадабалася, ён быў гатовы вяртацца назад у Амэрыку”.
Але шляху назад ужо не было, і сям’ю чакалі новыя выпрабаваньні. Найперш яны закранулі дачку Купрыяна – Антаніну. Яна вывучылася на настаўніцу, працавала ў вясковых школах. Бацькі знайшлі ёй добрага хлопца, аднагодка Лабковіча, які працаваў дырэктарам школы ў Парэччы, і маладыя ажаніліся ў 1933 годзе. Калі іх малой дачцы Людміле было ўсяго тры гады, бацьку арыштавалі.
(Колін: ) “У 1937 годзе сказаў ня так у школе, і хтосьці на яго данёс. Яны нейкую паперку пакінулі, што ў нас у хаце была стрэльба. Ані слова ад яго ня чулі, ані слова. Нават ягоную сястру Веру ўзялі праз паўгоду ў Сыбір. Баяліся, мы ўсе перастрашаныя былі, усе. Яны ж уначы прыходзілі, у розныя хаты, ня толькі ў нашую”.
Таму далёка ня ўсе ў Беларусі ўспрынялі прыход немцаў у 1941 годзе як акупацыю:
(Колін: ) “Мы думалі, што яны будуць нас ратаваць, мы ж ня ведалі, што там робіцца. Нашыя нас так мучылі, свае, што мы былі радыя, калі немцы прыйшлі”.
Але ілюзіі хутка зьніклі, і вайна паказала сваё сапраўднае аблічча, яна прынесла сям’і Касьцюкевічаў голад і новыя страты. Яны пакінулі Парэчча і пераехалі ў Глуск. Спадарыня Людміла ўспамінае:
(Колін: ) “Мы не давалі рады, мы прасілі хлеба ў суседзяў. Часам цэлымі днямі мы нічога ня елі. Мукі не было, хлеба не было. Мамін брат Юрка краў яблыкі ў суседзяў. Дзед ужо быў забіты партызанамі яшчэ ў Парэччы. Мамінага брата Валодзю таксама забілі бандыты. Яму толькі 16 гадоў было. Яны ехалі па муку, і яго застрэлілі ў лесе”.
Урэшце асірацелую сям’ю вывезьлі ў Нямеччыну.
(Колін: ) “Яны нас вывезьлі – гэта быў пачатак 1944 году. Мы былі можа ў чатырох ці пяці розных лягерах. Мы былі ў Альтэнштаце, у Гамлінгене, апошні лягер быў – Аўсбург, гэта Баварыя”.
Гэта былі працоўныя,а не канцэнтрацыйныя лягеры, але і там было цяжка трываць. Людміла кажа, што выжылі яны таму, што гэтае лягернае жыцьцё не трывала так доўга і хутка прыйшло вызваленьне. Іх вызвалялі амэрыканскія войскі. Спадарыня Колін добра памятае той час, ёй было тады 10 гадоў.
(Колін: ) “Памятаю, усе людзі танчылі ў лягерах. Я была яшчэ малая, але я памятаю гэты дзень, вельмі добра памятаю. Пачалі нас карміць гэтыя салдаты. Вы чуеце цяпер, што яны ў Іраку аддаюць сваю ежу дзецям. Тое самае рабілі й тады. Яны прыносілі нам розныя рэчы”.
Маці Людмілы праз аднаго амэрыканца даведалася, што яны маюць магчымасьць выехаць у Амэрыку, але ў яе не было дакумэнта, які б пацьвердзіў, што яна нарадзілася ў гэтай краіне.
(Колін: ) “Калі яна сказала амэрыканцам, што яна ў Амэрыцы нарадзілася, яны стараліся ёй дапамагчы і дапамаглі знайсьці, куды паслаць запыт на мэтрыку. Мы страцілі два гады пасьля вайны – чакалі на мэтрыку. Калі маці атрымала сваю мэтрыку і дастала пашпарт, яна даведалася, што яе маці й брата ня пусьцяць, што мяне і яе пусьцяць, бо і маё фота было ў ейным пашпарце з-за таго, што мне яшчэ не было 18 гадоў. Нас ужо лічылі грамадзянамі Амэрыкі.
Мы пачакалі да 1949 году, каб ехаць разам, але нас усіх не хацелі пускаць. Маці мусіла ехаць сюды, атрымаць працу, дастаць кватэру і паказаць, што яна можа карміць брата і маці й даць ім месца жыць. Тады іх пусьцілі ў 1952 годзе”.
Вось як выглядаў чаканы прыезд у Амэрыку, калі маці з дачкою ў 1949 годзе перасеклі акіян на параходзе:
(Колін: ) “Мы сышлі з параходу ў Нью-Ёрку, на 42 ці 44 вуліцы. Мне далі 3 даляры і маме далі 3 даляры. Яна ня ведала, куды ісьці, мы нікога ня мелі. Маці, якая ніколі не плакала, села на валізку й пачала плакаць. Я адчувала, што гэта нешта вельмі дрэннае, і я таксама пачала плакаць. Усе людзі ўжо сышлі з параходу.
Да нас падышла жанчына, апранутая ва ўсё чорнае, гэта была Аляксандра Талстая. Яна запытала нас, у чым справа, чаго мы плачам. Маці расказала пра нашыя праблемы, і яна ўзяла нас. У той час была такая арганізацыя, дзе ўсіх рускіх эмігрантаў прымалі. Яны лічылі тады, што мы рускія.
Аляксандра Талстая сябравала з Элеанораю Рузвэльт. Яны разам зрабілі гэтае месца для расейскіх эмігрантаў. Яны далі маме пакойчык. Там была сталовая для ўсіх, яны нас кармілі. Амэрыканцы давалі нам адзеньне. Я пачала хадзіць у амэрыканскую школу”.
Гэты ўспамін спадарыні Людмілы адкрывае яшчэ адну малавядомую старонку ў гісторыі беларускай эміграцыі. Цяпер мы ведаем, што некаму зь беларусаў дапамагаў Талстоўскі фонд, які стварыла ў 1939 годзе дачка Льва Талстога Аляксандра дзеля падтрымкі эмігрантаў. Імя гэтай жанчыны было забароненае ў Савецкім Саюзе.
Заставацца ў гэтым эміграцыйным асяродку можна было ня больш за тры месяцы. Антаніна з дачкою мусілі думаць пра далейшае жыцьцё і на першы час знайшлі выйсьце:
(Колін: ) “Маці шукала брата бабы Галены, які не вярнуўся ў Беларусь. Праз тры месяцы мы знайшлі яго і пайшлі зь ім жыць у Бруклін. Зь імі жылі каля трох месяцаў. Яны дапамаглі з працаю, маці пайшла шыць на фабрыку, шыла мужчынскае адзеньне. Калі маці атрымала працу, яна сабрала крышку грошай, і мы найшлі сабе пакойчык”.
Вайна не дала магчымасьці Людміле нармальна вучыцца, і маці хацела, каб яна працягнула адукацыю.
(Колін: ) “Я пайшла ў гімназію. Год хадзіла, і бачу, што маці не дае рады з грашыма, я і выпісалася з гімназіі. Я пайшла на працу ў банк. Самая нізкая праца ў офісе была, але, ня тое што я падлогу падмятала, я працавала з паперамі. Я там працавала недзе тры гады, вывучыла мову і тады атрымала лепшую працу ў фінансавым раёне. І там я сустрэла свайго будучага мужа, ён меў добрую працу. Я выйшла замуж у 1959 годзе”.
Людміла выйшла замуж за Робэрта Коліна, амэрыканца ў пятым пакаленьні. Яна вырасьціла двух сыноў.
Маці Людмілы працавала на фабрыках да 72 гадоў, цяпер яна жыве з дачкою, 15 траўня ёй споўніцца 89 гадоў.
Брат маці Юрка Касьцюкевіч пайшоў на працу на фабрыку, дзе рабілі вокны. Зь ягонай сям’ёй дажывала свой век бабуля Галена. Лёс наканаваў ёй зноў вярнуцца ў краіну, якую яна некалі так не хацела пакідаць. Яна памерла там у 1974 годзе.
Людміла Колін паступова далучылася да беларускага жыцьця ў Амэрыцы. Дзесяць гадоў таму, у 1993 годзе, Людміла Колін упершыню пасьля ад’езду пабывала ў Беларусі. Тады наведала і роднае Парэчча. Жыхары вёскі ўжо ведалі пра тое, што да іх прыедзе “амэрыканка”. Сама Людміла адчувала некаторую засьцярогу, бо памятала, як некалі там успрымалі іх сям’ю, якая вярнулася з Амэрыкі.
(Колін: ) “Мы прыехалі, і я гляджу – на вуліцах людзі ўсе такія прыбраныя. Яны ж ня ведалі, да каго гэтая “амэрыканка” прыяжджае. Гэта вельмі цікава было, увесь народ прыбраўся. Там шмат Касьцюкевічаў жыве. Было вельмі цікава, я многа плакала”.