Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕ ВА ЎСЯСЬВЕТНЫМ СЕЦІВЕ ЗНАЙСЬЦІ ЗЬВЕСТКІ ПРА САРС І АРХІЎНЫЯ ЗАПІСЫ “ПЕСЬНЯРОЎ”?


Віталь Тарас, Прага

Апошнім часам паведамленьні пра сындром цяжкога рэсьпіраторнага захворваньня – САРС, займаюць першае месца ў мэдыях сьвету, у тым ліку і ў глябальным сеціве. Зразумела, найбольш падрабязная і поўная інфармацыя аб распаўсюдзе і барацьбе са сьмяротна небясьпечнай хваробай друкуецца на сайце Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя.

Ахвярамі хваробы ў Кітаі сталі больш за 220 чалавек. 208 чалавек памёрлі ў асобым раёне Кітаю Ганконгу. Усяго ў сьвеце колькасьць сьмяротных ахвяраў САРСу перавысіла 500 чалавек. Выпадкі нетыповай пнэўманіі, акрамя Кітаю, зафіксаваныя яшчэ ў трыццаці краінах. У Беларусі такіх выпадкаў пакуль не было. Мы раскажам вам, дзе знайсьці зьвесткі беларусам пра САРС у Інтэрнэце.


* * *
Як мы паведамлялі, пры канцы красавіка ў Менску адбыўся 9-ы фэстываль беларускай папулярнай музыкі “Рок-каранцыя”. Сёлета ён быў прысьвечаны памяці кампазытара і сьпевака Ўладзімера Мулявіна. На гэтым фэстывалі “Музычным сайтам году” быў названы сайт “Песьняры”, створаны Хведарам Караленкам. На Інтэрнэт-старонцы прадстаўленая творчая спадчына легендарнага гурту.

Тут зьмешчаныя запісы ў фармаце mp3 больш як 130 песень розных гадоў. Сярод іх ёсьць, напрыклад, “Баляда пра бацьку Міная” на словы Аркадзя Куляшова.

Чаму менавіта сайт “Песьняры” быў прызнаны на рок-фэстывалі найлепшым сайтам году? Якімі крытэрамі кіраваліся арганізатары? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да нашага музычнага аглядальніка Зьмітра Падбярэскага:

(Падбярэскі: ) “Справа ў тым, што гэты прыз ішоў у разьдзеле “Спэцыяльныя прызы”. Таму арганізатары самой “Рок-каранацыі” ня ўплывалі ні на намінантаў, ні на вызначэньне пераможцы. Гэтым займаліся найбольш дасьведчаныя людзі, зьвязаныя зь беларускім сецівам, і менавіта яны вызначалі, хто будзе пераможцам”.

Напэўна, на выбар усё ж паўплываў факт трагічнай сьмерці Ўладзімера Мулявіна. А ці мае гэты сайт значэньне ў Інтэрнэце?

(Падбярэскі: ) “Я павінен сказаць, што безумоўна мае. У свой час, гады два з паловай таму, Хведар Караленка выйшаў на мяне і сказаў, што ён зьбіраецца ствараць такі сайт. Я вельмі ўзрадаваўся. Ён папрасіў мяне напісаць уступны артыкул да гэтага сайту, што я і зрабіў. Але мінуў час, і я пра гэта зусім забыўся. І потым я цалкам выпадкова натрапіў ў Інтэрнэце на гэты сайт і быў проста ўражаны тым, што сайт ужо распрацаваны і жыве ўласным жыцьцём”.

Якія галоўныя адметнасьці гэтага Інтэрнэт-рэсурсу, у чым ягоная каштоўнасьць?

(Падбярэскі: ) “Па-першае, трэба сказаць, што на падставе гэтага сайту ўтварылася нешта накшталт міжнароднага клюбу – ня тое што менавіта аматараў “Песьняроў”, але проста якаснай музыкі. Пры гэтым, што істотна, спачатку на сайт заходзіла даволі шмат людзей выпадковых, а таму і спрэчак, часам на грані фолу, было даволі шмат. І Хведар Караленка тады (ён сам гэта падкрэсьліў) нават быў вымушаны выконваць функцыі своеасаблівага цэнзара і здымаць некаторыя, так бы мовіць, “вулічныя” допісы. Аднак, цяпер такога практычна няма.

На сайце сустракаюцца людзі з розных краінаў і вольна разважаюць на самыя розныя тэмы, засноўваючыся, зразумела, на спадчыне “Песьняроў”. Цікава, што адзін з найбольш актыўных наведнікаў форуму сёньня – Алег Аверын зь “Беларускіх песьняроў”.

Ну, сам сайт, канечне, выдатна распрацаваны і зьмяшчае мноства інфармацыі. І калі казаць пра пэрспэктывы, дык пасьля гэтай трагедыі з Уладзімерам Мулявіным пачалі раптам раскрывацца такія падрабязнасьці, знаходзяцца такія новыя матэрыялы, што варта чакаць у найбліжэйшы час павелічэньня зьместу і фотаархіву, і аўдыёзапісаў, і відэафрагмэнтаў.

І хацелася б адзначыць момант, зьвязаны непасрэдна з мовай. На самым пачатку, калі я зрабіўся сябром гэтага клюбу, на мае выказваньні, якія я пісаў па-беларуску, некаторыя рэагавалі вельмі востра, нават катэгарычна. А за апошнія два-тры месяцы гэта неяк сьціхла: за ўвесь гэты час быў толькі адзін допіс, але гэтым разам не з патрабаваньнем, але з просьбай – па магчымасьці, пісаць па-расейску. Я разумею, што расейцам даволі цяжка часам разумець беларускую мову. Але што самае цікавае, некаторыя масквічы пачалі ўжываць час ад часу беларускія словы. Так што сёньня на сайце можна сустрэць допісы з Расеі, у якіх ёсьць словы “дзякуй” і “калі ласка”!”

Што ж, дзякуй музычнаму крытыку Зьмітру Падбярэскаму за інтэрвію. Дарэчы, у плянах перадачы “Па-за тактам”, якую вядзе на хвалях Радыё Свабода Зьміцер, інтэрвію са стваральнікам сайту “Песьняры” Хведарам Караленкам. Так што сачыце за нашымі абвесткамі ў эфіры.


* * *
Вяртаемся да мэдычнай тэмы. На пачатку перадачы мы ўжо гаварылі пра сайт Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя. Паводле зьвестак гэтай арганізацыі, у сьвеце зафіксаваныя каля сямі тысяч выпадкаў захворваньня на САРС. У асноўным, яны прыпадаюць на Кітай і краіны Паўднёва-Ўсходняй Азіі, а таксама Канаду (там памёрлі ад нетыповай пнэўманіі 95 чалавек).

Але ёсьць першыя выпадкі і ў краінах Эўропы. У Нямеччыне было выяўлена 8 выпадкаў, у Італіі – 9. Па шэсьць выпадкаў маюць Вялікая Брытанія, Францыя і Фінляндыя. Адзінкавыя выпадкі ёсьць таксама ў Гішпаніі, Баўгарыі і Польшчы. На мінулым тыдні ў прэсе зьявіліся паведамленьні пра першы выпадак нетыповай пнэўманіі ў Расеі. Так што небясьпечная хвароба ўшчыльную, можна сказаць, наблізілася да Беларусі.

А што могуць даведацца пра яе беларускія грамадзяне на сайтах афіцыйных мэдычных устноваў краіны? Сайт Міністэрства аховы здароўя друкуе загад міністра аховы здароўя, а таксама іншыя пастановы й дырэктывы. Сярод іх – пастанова галоўнага санітарнага лекара ад 8 красавіка “Аб мерах санітарнай аховы тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у сувязі з рэгістрацыяй у сьвеце выпадкаў захворваньняў цяжкім вострым рэсьпіраторным сындромам”.

Што тычыцца практычных захадаў у сувязі з распаўсюдам хваробы, дык пра іх, хіба, гаворыцца толькі ў пункце 6-м пастановы. “Рэкамэндаваць органам і ўстановам, якія арганізоўваюць дзелавыя і турыстычныя паездкі, культурны абмен устрымацца да асобнага распараджэньня ад паездак у заражаныя раёны Кітаю, Сынгапур, Віетнам і іншыя краіны, дзе працягваецца расаўсюд захворваньня. Інфармацыя аб гэтых краінах рэгулярна абнаўляецца на вэб-сайтах Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя і Навукова-дасьледчага інстытуту эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі”. Гэтая пастанова цалкам зьмешчаная таксама на сайце Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя.

Ніякай інфармацыі аб тым, што такое ўласна САРС, якія яго сымптомы і як можна яго пазьбегчы, на сайтах афіцыйных мэдычных установаў няма. На папулярным неафіцыйным сайце med.by пошук на словы “САРС” і “атыповая пнэўманія” таксама дае нулявы вынік.

Зазірнем на сайт беларускага Інстытуту эпідэміялёгіі. Вось тут, нарэшце, у разьдзеле “Гарачыя факты” можна знайсьці важную інфармацыю адносна захворваньня САРС. Гэта рэкамэндацыі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, прызначаныя асобам, што прыбываюць з заражаных рэгіёнаў. Беларускі сайт падае рэкамэндацыі ды іншыя матэрыялы ў перакладзе на расейскую мову.

“1. Гэтым асобам найперш неабходна ведаць пра тры асноўныя сымптомы захворваньня (тэмпэратура вышэй за 38 градусаў, сухі кашаль і больш частае, альбо абцяжаранае дыханьне;

2. Калі згаданыя сымптомы зьявіліся цягам 10 дзён пасьля прыезду, трэба зьвярнуцца да лекара (праз тэлефон);

3. Здаровыя асобы, якія не былі ў кантакце з хворымі, могуць весьці звычайны лад жыцьця;

4. Асобы, якія былі ў кантакце з хворымі, ня мусяць рабіць новых паездак да заканчэньня 10 дзён з моманту апошніх кантактаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG