“У Беларусі адраджаецца дух сталінізму. Беларускі “бацька” вырашыў рэбілітаваць “айца народаў” Сталіна. Ад апошніх прамоваў Аляксандра Лукашэнкі павеяла духам 1950-х гадоў”, – піша “Gazeta Wyborcza”.
Польскі штодзёньнік цытуе словы беларускага кіраўніка, які заклікае спыніць нібыта ініцыяванае з-за мяжы ачарненьне былых камуністычных лідэраў, пачынаючы ад галоўнага правадыра таварыша Сталіна. Газэта адзначае, што гэтыя словы прагучалі з вуснаў Лукашэнкі нягледзячы на тое, што, паводле падлікаў гісторыкаў, у сталінскі час бальшавікі рэпрэсавалі каля 1 мільёну 500 тысяч беларусаў.
“У Беларусі пачынае распаўсюджвацца ідэалёгія нэасталінізму. Розьніца толькі ў тым, што фізычныя рэпрэсіі замяняюцца на інфармацыйны і адміністрацыйны таталітарызм”, – падае “Gazeta Wyborcza” словы беларускіх назіральнікаў.
У сувязі з гэтым газэта ўзгадвае пра колішняе інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі нямецкаму тыднёвіку “Handelsblatt”, у якім беларускі кіраўнік хваліў парадкі ў гітлераўскай Нямеччыне. “Пасьля гэтага інтэрвію ў нямецкай прэсе зьявіліся публікацыі, у якіх Аляксандра Лукашэнку ахрысьцілі “апошнім унукам Сталіна”, – піша “Gazeta Wyborcza”.