Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСКІЯ СТУДЭНТЫ Ў КІТАІ НЕ ПАКІДАЮЦЬ ЎНІВЭРСЫТЭЦКІ ГАРАДОК


Браніслава Станкевіч, Віцебск

У Кітаі, у Паўночна-ўсходнім унівэрсытэце навучаюцца двое віцяблянаў – гэта студэнты факультэту міжнародных зносінаў БДУ Міхаіл Асадчы ды Алена Кудрашова. Ад верасьня яны праходзяць там стажыроўку, і, паводле ранейшых плянаў, вярнуцца ў Беларусь мяркуюць толькі ў чэрвені. Прынамсі, ім сёньня нічога не вядома пра тое, ці робіць беларускі ўрад нейкія захады дзеля вяртаньня на радзіму сваіх грамадзянаў, апроч сем’яў беларускіх дыпляматаў. Пра гэта студэнты просяць даведацца сваіх бацькоў, якія засталіся ў Віцебску.

Гаворыць маці Алены Кудрашовай спадарыня Натальля:

(Кудрашова: ) “Дачка прасіла пра гэта даведацца больш падрабязна, бо сем’і беларускіх дыпляматаў з Кітая ўжо зьехалі. Зьехалі таксама японцы, карэйцы, цяпер у гарадку каранцін, але ўся астатняя іхная група замежных студэнтаў вучыцца. Канечне, яны прытрымліваюцца ўсіх правілаў гігіены, стараюцца нікуды не выходзіць са студэнцкага гарадку. Раней яны спадзяваліся, што пры канцы вучобы паедуць на экскурсію ў Пэкін, але цяпер гатовыя ад гэтага адмовіцца… Будзем спадзявацца, што ўсё скончыцца добра”.

Наконт плянаў БДУ адносна сваіх студэнтаў ні маці, ні дачка нічога ня ведаюць. Натальля Кудрашова, загадчыца аддзелу гарадзкога Дому культуры, кантактуе з дачкой праз Інтэрнэт. Яны супакойваюць адна адну тым, што Паўночна-ўсходні ўнівэрсытэт знаходзіцца далёка ад Пэкіна ды іншых месцаў, дзе зафіксаваныя выпадкі небясьпечнай хваробы.

Маці Міхаіла Асадчага, Марына Сачак, таксама сочыць за падзеямі ў Кітаі праз Інтэрнэт, але ня толькі як маці, але й як мэдык. Яна працуе прафэсарам Віцебскага мэдычнага ўнівэрсытэту, і яна адмысловец якраз у галіне інфэкцыйных захворваньняў.

Гаворыць Марына Сачак:

(Сачак: ) “Па-першае, на сёньняшні дзень, у параўнаньні з тым, што было, інфэкцыя ідзе на спад – фіксуецца ўсё менш хворых і ёсьць пэўныя посьпехі ў змаганьні з хваробай. У гэтым унівэрсытэце выпадкаў захворваньня ўвогуле няма. А сама тэрыторыя студэнцкага гарадку цалкам ізаляваная ад гораду, цалкам закрытая…”

На думку бацькоў, іхным дзецям пашанцавала, што яны апынуліся адносна далёка ад небясьпекі захварэць на атыповую пнэўманію. І ў гэтай сытуацыі яны мяркуюць нават, што дзеля іхных дзяцей было б нават лепей затрымацца ў Кітаі да чэрвеня, пакуль ня скончыцца стажыроўка, каб не ляцець у Беларусь з Пэкінскага аэрапорту, што небясьпечна для здароўя. Да таго ж яны спадзяюцца, што да чэрвеня інфэкцыя будзе пераможаная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG