На пытаньне “Якім будзе ваш сёлетні адпачынак — лепшым ці горшым, чым летась?” бальшыня маіх выпадковых суразмоўцаў адказвалі пэсымістычна. Аднак былі й тыя, хто задаволеныя сваім адпачынкам і ўпэўненыя, што сёлета ён будзе лепшым.
(Карэспандэнтка: ) “Ваш сёлетні адпачынак, вы мяркуеце, будзе лепшым або горшым за леташні?”
(Спадарыня: ) “Лепшы. Я штогод ежджу на Браслаўскія азёры і адпачываю там вельмі добра. Адпачынак недарагі й вельмі карысны для здароўя, шмат уражаньняў”.
(Спадарыня: ) “Будзе лепшым, бо абяцаюць добрае надвор’е”.
(Спадар: ) “Я на адпачынку і застаўся ў горадзе. Тут добра, ужо зеляніна зьявілася. І летась я нікуды ня езьдзіў”.
(Спадарыня: ) “Летась я езьдзіла ў Крым, а ў гэтым — яшчэ ня ведаю. Я лічу, што нармалёвы адпачынак”.
Шмат хто сярод апытаных казаў, што з прычыны недахопу грошай ніякіх зьменаў у характары свайго сёлетнега адпачынку яны не чакаюць або гэтыя зьмены будуць толькі горшымі.
(Карэспандэнтка: ) “Сёлетні адпачынак вы плянуеце правесьці лепш ці горш за леташні?”
(Спадарыня: ) “Сёлета будзе так, як летась: паеду ў вёску бабулі дапамагаць на гародзе. Хацела выехаць за мяжу, але сродкаў не хапае”.
(Спадар: ) “Я думаю, што нічога ня зьменіцца. Я застануся ў Менску, а таму лепш адпачыць не атрымаецца”.
(Спадарыня: ) “Ня лепш. Усё аднолькава — праца на зямлі. Калі б такая магчымасьць была, то хоцелася б паглядзець і блізкае замежжа, і далёкае. Але сродкі не дазваляюць”.
(Спадарыня: ) “Ежджу ў вёску да маці. Яна інвалід, і трэба дапамагаць. А выяжджаць на курорты ў мяне няма магчымасьці”.
(Спадарыня: ) “Як звычайна, буду сядзець дома. Езьдзіць ніколі не было магчымасьці: дзеці былі малыя, а цяпер — тым больш. Вельмі хацелася б некуды выехаць. Вельмі, але няма грошай”.
І бадай, найбольшая колькасьць мінакоў, з кім давялося размаўляць, заявілі, што сёлета ў іх увогуле ня будзе магчымасьці для адпачынку.
(Карэспандэнтка: ) “Ці будзе ваш сёлетні адпачынак розьніцца ад леташняга і як?”
(Спадарыня: ) “Я ўвогуле зьбіраюся працаваць і ў адпачынак не пайду. А калі адпачываю, то на лецішчы”.
(Карэспандэнтка: ) “А як вы там адпачываеце?”
(Спадарыня: ) “Працую. Які на лецішчы адпачынак? Праца”.
(Спадар: ) “Лепш не пытайце, бо няма чаго казаць”.
(Карэспандэнтка: ) “Дык вы ўвогуле не адпачываеце?”
(Спадар: ) “Увогуле. Няма калі адпачываць”.
(Спадарыня: ) “Ня будзе ў мяне адпачынку, бо дачка заканчвае інстытут. Трэба грошы, а таму сабе даводзіцца адмаўляць”.
(Спадар: ) “Чатыры гады ўжо не адпачываў. Бяру кампэнсацыю. Самі ведаеце, якія зараз кошты на квіткі, на пуцёўкі ў нашыя санаторыі, якія ў адміністрацыі прэзыдэнта па 30 даляраў за суткі. Дзе ж адпачываць?”
Гэта былі выказваньні менчукоў на вуліцах гораду пра тое, як яны правядуць свой сёлетні адпачынак.