Гукі вайсковага аркестру, пах пораху і шашлыкоў — вось першыя ўражаньні ад наведваньня выставы зброі, што адкрылася сёньня ў выстаўным цэнтры на праспэкце Машэрава.
Гэта ўжо другая выстава пад назвай “Мілекс”, на якой Беларусь паказвае свае магчымасьці як краіны-вытворцы пэўных відаў узбраеньня, і як самастойнага экспартэра зброі. Гэтую самастойнасьць беларусы цяпер не хаваюць, а настойліва падкрэсьліваюць. Выкарыстоўваючы ў тым ліку і гістарычны фактар. Прыкладам, гасьцей выставы сустракаюць вартаўнікі ў строях Менскага пяхотнага палка ўзору 1812 году, пад белым сьцягам з чырвоным арлом.
Мінаю гэтую ганаровую варту і ўваходжу ў галоўны павілён. У цэнтар экспазыцыі, быццам разбурыўшы цагляную агароджу, прарваўся выведкавы танк “Сталкер”, які распрацавала беларуская фірма “Мінатор-сэрвіс”. Два гады таму дырэктар фірмы Валер Грабеншчыкоў казаў мне, што танкам зацікавіліся многія краіны, у тым ліку афра-азіяцкага рэгіёну. А што цяпер? Чым прываблівае пакупнікоў “Мінатор-сэрвіс”? Валер Грабеншчыкоў паказвае новую распрацоўку — створаны на базе “Сталкеру” адкрыты аўтамабіль-амфібію 3Т.
(Грабеншчыкоў: ) “У такім варыянце — гэта патрульны ці транспартны аўтамабіль для дзеяньняў ва ўмовах катастрофаў. Прыродных катастрофаў ці нават тэхнагенных. Мяркуем, ім зацікавіцца Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Беларусі, а таксама аналягічныя ведамствы Расеі ды іншых краінаў СНД. Ёсьць таксама інтарэс да гэтай машыны і з боку замежных краінаў, прыкладам, Тайлянду, Банглядэшу, Віетнаму”.
Валер Грабеншчкоў не паведаміў, спаслаўшыся на сакрэт фірмы, колькі “Сталкераў” і куды былі прададзеныя. У тое, што беларускі выведкавы танк карыстаецца попытам, ён заклікаў верыць на той падставе, што прадпрыемства пасьпяхова разьвіваецца і распрацоўвае новыя мадэлі.
А на пляцоўцы перад выстаўным павілёнам разгарнуў узоры сваёй прадукцыі 140-ы танкарамонтны завод з Барысава. Завод мадэрнізуе танкі, пераважна Т-72. На выставе беларуская абноўленая мадэль Т-72 прэзэнтаваная з новым цепла-аптычным прыборам назіраньня, які робіць экіпаж танка відушчым нават уначы. Прыбор распрацаваны беларускім аб’яднаньнем “Пэленг”. Паводле словаў вядучага адмыслоўцы завода Леаніда Чыгарова, прадпрыемства апошнім часам нарошчвае аб’ёмы вытворчасьці.
Аднак, хто, акрамя Расеі, ёсьць пакупніком барысаўскіх танкаў, Леанід Чыгароў не сказаў. Сваю цікаўнасьць я патлумачыў тым, што, паводле зьвестак, у Багдадзе на вайсковай базе быў знойдзены дакумэнт з барысаўскага 140-га заводу з прапановаю шэрагу паслугаў. Аднак Леанід Чыгароў ня верыць, што гэтую паперу знайшлі менавіта ў Багдадзе. Што ж да яе праўдзівасьці, адмысловец заводу ўхіліўся ад камэнтару, зазначыўшы толькі, што прадпрыемства сапраўды прапануе свае паслугі патэнцыйным замежным пакупнікам, у тым ліку — і на гэтай выставе.
Выстава “Мілекс 2003” працягнецца да 15 траўня. Заўтра, паводле арганізатараў, яе наведае мэр Масквы Юры Лужкоў.
Адметна, што сёньня на адкрыцьці выставы тэму беларуска-расейскай інтэграцыі не закранулі ані першы віцэ-прэм’ер Сяргей Сідорскі, ані намесьнік міністра абароны Пётра Рагажэўскі. Абодва казалі толькі пра незалежнасьць і абароназдольнасьць Беларусі.