Такія зьвесткі былі агучаныя незалежнымі экспэртамі ў часе канфэрэнцыі “Функцыянаваньне беларускай эканомікі ў 2003 годзе і ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве”, якая прайшла 13 траўня ў Менску. Разам з тым прадстаўнікі ўраду працягваюць рабіць аптымістычныя прагнозы і канстатуюць нібыта гаспадарчы рост.
Калі браць пад увагу ўсе крытэры, паводле якіх эканамічны стан краіны ацэньваюць уплывовыя міжнародныя арганізацыі, то Беларусь сярод іншых постсацыялістычных краінаў трапляе на перадапошняе месца — горшая сытуацыя толькі ў Туркмэністане. А калі браць толькі паказьнік інфляцыі, то тут Беларусі ўвогуле належыць сумнае лідэрства. Гаворыць экспэрт дасьледнага цэнтра Інстытута прыватызацыі й мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык.
(Чубрык: ) “Афіцыйная статыстыка кажа, нібыта ў нас амаль адныя эканамічныя посьпехі, што ў нас высокія тэмпы росту ВУП, рэальных прыбыткаў насельніцтва. Але ж у астатніх краінах гэтыя паказьнікі вельмі цесна зьвязаныя з узроўнем рэфармаваньня эканомікі. Дзе глыбейшае рэфармаваньне — там вышэйшыя паказьнікі вытворчасьці. І даволі дзіўна, што ў Беларусі ўсё наадварот. Гэта — так званая беларуская загадка”.
Старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Альтэрнатыва ХХІ” Леанід Злотнікаў патлумачыў, што насамрэч нічога загадкавага й парадаксальнага ў беларускай эканамічнай статыстыцы няма. Папросту ў Беларусі існуе скажоная сыстэма ўліку таго ж валавога ўнутранага прадукту. Рост ВУП на 105% у год, асабліва на тле эканамічнага спаду ў эўрапейскіх краінах, ня можа не выклікаць сумневаў. Паводле спадара Злотнікава, каб атрымаць рэальны паказьнік ВУП у Беларусі, трэба адкінуць сама меней 7–8% ад таго, што падае афіцыйная статыстыка. У выніку выходзіць, што ніякага эканамічнага росту не назіраецца, лічыць экспэрт. Затое ёсьць ускосныя прыкметы заняпаду.
(Злотнікаў: ) “У дзяржавы няма сродкаў, каб па-ранейшаму падтрымліваць пэнсіянэраў. Дзяржава тэрмінова выкідвае ўсе сацыяльныя ільготы, падвышае тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі, транспарт і гэтак далей. І гэта робіцца ў пажарным парадку”.
Яшчэ адна ўскосная прыкмета стагнацыі, пра якую афіцыйныя эканамісты рэдка згадваюць — дрэннае фінансавае становішча прадпрыемстваў. Паводле апошніх зьвестак, палова зь іх стратныя, дзьве траціны — неплацежаздольныя. Небясьпека палягае ў тым, што дзяржава працягвае даволі шчодра крэдытаваць гэтыя прадпрыемствы, беручы сродкі ў банках — у асноўным ашчаджэньні насельніцтва. Гаворыць эканаміст Валеры Дашкевіч…
(Дашкевіч: ) “У асноўным грошы ашчаджаюцца ў “Беларусбанку”, а гэта дзяржаўны банк, які выдаткоўвае іх для крэдытаў ураду і крэдытаў дзяржаўным прадпрыемствам, вядомым сваёй неэфэктыўнасьцю. То бок грошы ўкладваюцца ў тыя сэктары эканомікі, якія не даюць аддачы і гэта вельмі насьцярожвае”.
Экспэрт таксама адзначае, што дзеля падтрымкі беларускага рубля Нацбанк прадае цяпер даволі шмат рэзэрвавых запасаў замежнай валюты, у тым ліку й той, што засталася ад продажу беларускай часткі акцыяў “Слаўнафты”. Калі ж даляры скончацца, беларускія ўлады могуць ня справіцца з задачамі ў грашова-крэдытнай палітыцы.