Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ МОЖА ДАЛУЧЫЦЦА ДА РЭЖЫМУ КАНТРОЛЮ НАД РАКЕТНЫМІ ТЭХНАЛЁГІЯМІ


Уладзімер Глод, Менск

Паводле словаў Марыюша Хандзліка (ён грамадзянін Польшчы, краіны, якая цяпер старшынюе ў арганізацыі) у далучэньні Беларусі да рэжыму кантролю над ракетнымі тэхналёгіямі зацікаўленыя і сама арганізацыя, і Польшча. Беларусь, якая ў савецкі час мела на сваёй тэрыторыі атамную зброю і ракеты для яе дастаўкі, у адрозненьне ад Расеі і Ўкраіны, пакуль не ўступіла ў арганізацыю. А гэта зьніжае ўзровень узаемадзеяньня і магчымасьці кантролю над экспартам ракетаў і ракетных тэхналёгіяў. Да таго ж, як лічыць кіраўнік міжнароднай арганізацыі, хаця Беларусь і не зьяўляецца вытворцам балістычных ракетаў, аднак мае рэсурсы для іх вырабу. Набыцьцё ж ракетных сыстэмаў гэтак званымі “праблемнымі краінамі” ўяўляе сур’ёзную пагрозу для міжнароднай бясьпекі, садзейнічае міжнароднаму тэрарызму.

На пытаньне, як хутка Беларусь можа скарыстацца магчымасьцю далучэньня да арганізацыі, Марыюш Хандзлік адказаў:

(Хандзлік: ) “Прыём у нашую арганізацыю, натуральна, вымагае кансультацыяў, дыялёгу. Мой візыт — гэта пачатак перамоўнага працэсу. І вядома патрэбнае паразуменьне абодвух бакоў — як маёй арганізацыі, таксама і беларускага ўраду. І мы будзем працягваць працэс супрацоўніцтва. Гэта працэс, які патрабуе часу, абмену інфармацыяй, бліжэйшага знаёмства, а таксама ўзаемнага паразуменьня ў самых галоўных аспэктах з мэтаю далучыцца да нашай арганізацыі”.

Пан Хандзлік сустракаўся ў Менску з высокапастаўленымі чыноўнікамі беларускіх міністэрстваў замежных справаў, абароны і эканомікі, Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў і Нацыянальнага аддзяленьня кантролю экспарту зброі. Паводле яго, падчас гэтых сустрэчаў Беларусь дэкляравала падтрымку дзейнасьці арганізацыі.

Марыюш Хандзлік паведаміў, што 15 траўня прадставіць у Парыжы, дзе месьціцца штаб-кватэра арганізацыі, сваю справаздачу пра паездку ў Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG