Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ СТУДЭНТЫ ЗАСТАНУЦЦА Ў КІТАІ ДА КАНЦА НАВУЧАЛЬНАГА ГОДУ


Ігар Карней, Менск

У панядзелак у Міністэрстве адукацыі Беларусі адбылася нарада, на якой ўздымалася пытаньне магчымага адкліканьня беларускіх студэнтаў з Кітаю. Стажоры з БДУ, Унівэрсытэту культуры, Эканамічнага й Лінгвістычнага ўнівэрсытэтаў складаюць асноўную частку беларускіх грамадзянаў у гэтай краіне. Аднак, з улікам таго, што да канца навучальнага году засталося ўсяго два тыдні, вырашана не прысьпешваць падзеі. Тлумачыць кіраўнік аддзелу міжнародных сувязяў Міністэрства адукацыі Ўладзімер Ціханаў:

(Ціханаў: ) “Мне здаецца, небясьпека перабольшаная. Я толькі што размаўляў з супрацоўнікамі кітайскай амбасады, і яны пацьвердзілі, што ў Кітаі зараз зачыненыя толькі дзьве правінцыі, дзе зарэгістраваная атыповая пнэўманія. Усе студэнты навучаюцца ў цэнтральных гарадах. Дагэтуль у Пэкіне былі зачыненыя два студэнцкія інтэрнаты на каранцін, але зараз і яны працуюць. Прадстаўнікі Эканамічнага ўнівэрсытэту, наколькі я ведаю, ужо вярнуліся дадому. Але сказаць, колькі дакладна засталося студэнтаў, цяжка: там паводле абмену дзесьці паўтара дзясятка чалавек, але шмат хто едзе самастойна, бо зараз вольна можна выбіраць, дзе вучыцца. Хтосьці знайшоў шляхі, і паехаў. Ніхто не забараняе”.

Найболей сваіх студэнтаў мае ў Кітаі Белдзяржунівэрсытэт. Бацькі некаторых зь іх цьвердзяць, што дзеці хацелі б вярнуцца дадому, але кіраўніцтва БДУ ніяк у гэтым не зацікаўленае. Кіраўнік управы міжнароднага навучаньня БДУ Аляксандар Макарэвіч лічыць, што ў завяршэньні стажаваньняў зацікаўленыя найперш самі студэнты.

(Макарэвіч: ) “Пяць чалавек летась мы накіравалі ў Кітай. Сярод іх і хлопец зь Віцебску, пра якога вы казалі, ён навучаецца на трэцім курсе факультэту міжнародных стасункаў, і ў Кітай быў накіраваны мінулым жніўнем”.

(Карэспандэнт: ) “Калі сапраўды здарыцца такая сытуацыя, што студэнты ня змогуць ад’ехаць з Кітаю, БДУ будзе дапамагаць ім?”

(Макарэвіч: ) “Усё будзе залежаць ад нашых дыпляматаў. Але ніхто яму ня можа перашкодзіць прыехаць дадому раней у зьвязку з эпідэміяй атыповай пнэўманіі. Я так разумею, што ўсе нашыя грамадзяне, якія знаходзяцца за мяжою, стаяць на ўліку ў нашай амбасадзе. І калі ёсьць нейкая палітыка ў гэтым кірунку, зьвязаная з адкліканьнем усіх нашых студэнтаў, якія там займаюцца, дык гэта павінна быць зроблена МЗС. Але на сёньняшні дзень такіх пытаньняў не ўзьнікала”.

У МЗС ня маюць дакладных зьвестак, колькі наогул беларускіх грамадзянаў зараз знаходзіцца ў Кітаі. Бальшыня накіраваных не рэгіструецца ні ў МЗС, ні ў беларускай амбасадзе ў Кітаі, бо візыты да двух месяцаў лічацца кароткатэрміновымі й не патрабуюць адмысловага ўліку ці справаздачаў. Паводле прыблізных зьвестак, у Кітаі стала знаходзіцца блізу дзясятку адмыслоўцаў Менскага заводу колавых цягачоў, якія кантралююць там сумесную вытворчасьць гэтай тэхнікі.

Прадстаўнік МЗС Андрэй Савіных тым часам паведаміў, што зваротаў ад кіраўнікоў ВНУ ці прадпрыемстваў пра афіцыйнае адкліканьне з Кітаю сваіх супрацоўнікаў ці навучэнцаў не было, а само замежнапалітычнае ведамства падобнае рашэньне ініцыяваць пакуль не зьбіраецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG