Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК БЕЛАРУСЫ КІНО ЗДЫМАЮЦЬ


Алег Дашкевіч, Менск

Недзе ў сярэдзіне дзевяностых у Доме літаратара адбываўся прагляд толькі што створанага, але адразу ж пакладзенага на паліцу фільма рэжысэра Панамарова паводле твору Васіля Быкава “На чорных лядах”. Цікавасьць да фільму была не жартоўная — уся заля запоўнілася так, што носу ня ўбіць. Нарэшце пагасла сьвятло, і кіно пачалося. Раптам прагляд прарэзаў зычны голас п’янога паэта Сыса: “Панамароў! — зьвяртаўся паэт да рэжысэра, — дык ты ж здымаць ня ўмееш!..”, “Панамароў, ты ж Быкава не разумееш! Анічога не разумееш, ты ж яго не чытаў!” — роў скандаліст Сыс.

На паэта зацыкалі й хутка асадзілі. Ён яшчэ некалькі разоў спрабаваў усчаць дыскусію, але пад пагрозай выдаленьня з залі сьцішыўся.

Па заканчэньні прагляду, калі здымачная група паднялася на сцэну прымаць віншаваньні, паэт зноў падаў голас: “Даруй Панамароў! Даруй, калі можаш!.. Я ж усё разумею, усё разумею… Ну што зробіш, як умеў, так зьняў…”

Заля, якая гатовая была выкінуць расстрыгу-паэта за дзьверы, хавала ўсьмешкі й пырскала здушаным сьмехам. “Нават антысавецкае кіно мы па-савецку зробім”, — падзяліўся ўражаньнямі знаёмы літаратар пасьля сэансу.

* * *
На натурнай пляцоўцы “Беларусьфільму”, што пад Смалявічамі, з адпаведнай кіношнай назвай “Смалівуд”, здымаўся эпізод фільму пра Казімера Лышчынскага, дзе ў кадры мусіла быць вясковая сядзіба з павешанымі на браме сялянамі. Каскадэрам усё ніяк не ўдавалася натуральна адпрацаваць сцэну. Сяляне ў іх чамусьці імкнуліся вісець зь пятлёй на шыі, але паралельна зямлі (падобна, як на карцінах Шагала). Рэжысэр пачаў губляць цярпеньне і ёрзаў у крэсьле. Нарэшце ўпрэлы каскадэр у соты спосаб перавязаўшы страховачныя вяроўкі і паправіўшы пятлю, прапанаваў калегу: “Давай, Сярога, спрабуй. Цяпер, як мае быць, мусіць атрымацца. Натуральна!”

Сярога асьцярожна ступіў зь невысокага пянька. У наступны момант ён боўтаўся — натуральней не бывае — у паветры, засілены пятлёю, з вырачанымі вачыма і зь непаўторнай грымасаю жаху на твары. Выратавала яго тое, што пень быў маленькі, ды ступаў ён па-беларуску, асьцярожна.

Выпісаны дзеля здымкаў нейкі расейскі актор, паглядзеўшы на гэткую акалічнасьць, калі ўсё шчасьліва скончылася, махнуў рукой: “Вас, беларусікі, і пятля не бярэ”. А пасьля нагадаў вядомы наш анэкдот пра тое, што “спачатку ціснула, а пасьля нічога, прыцярпеўся”. На што нехта з нашых змрочна заўважыў: “Што нам пятля, мы самі сабе пятля. Хочам віснуць — вісьнем, хочам — саскочым”. Але, здаецца, вісець нам зручней. Прыцярпеліся.

* * *
Дзе тое шматпакутнае кіно, ці згубілася яно ў часе і прасторы, ці “прыцярпелася” дзе на архіўнай паліцы, невядома. Але нічога пра гэты фільм, які пачынаў адзін рэжысэр і склад актораў, а сканчаў іншы, не відаць і не чуваць.

Знаны філёзаф, разважаючы над праблемаю беларускага кіно, заўважыў, што, маўляў, кіно наша разьвіваецца не вэртыкальна, але паземна, без аніякае тактыкі й стратэгіі, рэагуючы толькі на ўзьніклую рэальнасьць, як мох. Маўляў, хацелася б, вядома, расьці ў бок сонца, але калі там сьцяна, то добра — будзем пашырацца ў іншы бок. Таму й расьце, і высыхае хутка, як трава. І ў памяці застаецца адно толькі сенам.

* * *
У сярэдзіне тых жа 1990-х Міхалам Пташуком быў падрыхтаваны сцэнар, можна сказаць, першага эпічнага твору нацыянальнага кінематографу — “Вітаўт”. Паводле Пташука, праект быў супольны, у ім браліся ўдзельнічаць, пагадзіўшыся з нашым варыянтам сцэнару, і Польшча, і Літва, і Расея. Прычым, нібыта толькі беларускі бок усё ня мог выдаткаваць сваю долю фінансаваньня і пачатак здымак усё адкладваўся.

А пасьля Беларусь абрала першага прэзыдэнта, сцэнар апынуўся ў яго на стале, і... грошы знайшліся, рэжысэр пачаў здымаць эпічную карціну, праўда фільм меў іншую назву — “У жніўні 44-га”.

Аднойчы, незадоўга да ягонай трагічнай гібелі, Пташук распавёў цікавую гісторыю. На нейкай творчай сустрэчы зь літоўскімі калегамі яго, які толькі што скончыў у Маскве Вышэйшыя рэжысэрскія курсы, прадставілі зоркам на той час савецкага кіно — Банёнісу й Будрайцісу, як таленавітага беларускага рэжысэра.

— Ну выпілі, закусілі, а пасьля Будрайціс пытаецца: маўляў, хочацца пачуць сапраўдную беларускую мову, калега, суседзі ўсё ж, супольнага столькі… А мяне, як заклініла, столькі часу ў Маскве. Я пык-мык, праз слова запінаюся.

Літовец слухаў-слухаў і нарэшце зазначыў: “Ну, так вы не беларускі рэжысэр, а савецкі”.

Перакруціла мяне тады, а як цяпер, відаць, меў ён рацыю. Можа праз гэта і зь “Вітаўтам” не атрымалася, — прызнаваўся Пташук.

* * *
Апынуўшыся неяк са справаю ў МЗС, у прыватнай размове пачуў я ад тамтэйшага чыноўніка амаль скаргу, што няма чаго прэзэнтаваць на годным узроўні. З нацыянальнага кіно адно толькі “Чужая Бацькаўшчына” Рыбарава паводле Вячаслава Адамчыка, дый калі тое кіно зробленае было…

Застаецца зазначыць, што рэжысэр Рыбараў — расеец з паходжаньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG